Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анкета кандыдата: Віталь Рымашэўскі


Віталь Рымашэўскі
Віталь Рымашэўскі

Нарадзіўся ў 1975 годзе. Жанаты, выхоўвае дачку. Беларус. Праваслаўны. 1997 г. Скончыў Беларускі Нацыянальны Тэхнічны Ўнівэрсытэт, інжынэр-будаўнік. 1999 г. Вучыўся ў Нямеччыне на курсах Вышэйшай школы дзяржаўнага кіраваньня ў інстытуце «Саюз грамадзкага кіраваньня», вывучаў эканамічнае і палітычнае становішча ФРГ. 1996 г. Сябра Каардынацыйнай Рады «Беларускага аб’яднаньня маладых палітыкаў». 2002-2004 гг. Сябра прэзыдыюму Беларускага нацыянальнага савету моладзевых і дзіцячых грамадзкіх арганізацый «Рада». Адзін з кіраўнікоў кампаніі «Ў абарону свабоды сумленьня і веравызнаньня ў Беларусі». Кіраўнік Менскай арганізацыі стваранай партыі БХД. Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі БХД.


Для чаго Вы вылучаецеся ў прэзыдэнты?


Я вылучаюся ў прэзыдэнты для таго, каб у беларускага народу была альтэрнатыва існуючай уладзе, каб у Беларусі быў шанец на хрысьціянска-дэмакратычную ўладу.

Як зьменяцца падчас Вашага кіраваньня сярэднія заробкі і пэнсіі і чаму?

Лічу, што беларусы павінны зарабляць ня менш, чым эўрапейцы. Сярэдні заробак у Беларусі павінен быць не ніжэйшы, чым заробкі ў Польшчы або ў Літве. Гэта ж тычыцца і пэнсій. Тое, колькі сёньня зарабляюць беларусы зьяўляецца проста прыніжэньнем гэтых годных людзей, яны атрымліваюць абсалютна мізэрныя заробкі. Зь іншага боку існуе вялікая колькасьць дармаедаў, якія жывуць за кошт іншых. Павялічыць пэнсіі можна, стварыўшы эфэктыўны пэнсійны фонд, якому павінны належаць акцыі самых прыбытковых прадпрыемстваў Беларусі і частка нерухомасьці , якая належыць адміністрацыі прэзыдэнта. Заробкі павялічыць можна, калі правесьці належныя рэформы, зьменшыць колькасьць чыноўнікаў, карупцыянэраў, спэцслужбаў. Інвэстыцыі ў нашую краіну таксама дадуць магчымасьць годных эўрапейскіх заробкаў.

Якія беларускія прадпрыемствы варта прыватызаваць і якім чынам?


Перад тым, як прыватызаваць любыя беларускія прадпрыемствы, нам патрэбна зьмяніць схемы прыватызацыі. На сёньня яна вельмі закрытая і карупцыйная. Як толькі мы зробім гэтую схему іншай, калі на роўных у ёй змогуць удзельнічаць і замежныя інвэстары, і беларускія бізнэсоўцы, то ў першую чаргу ў такім выпадку трэба прыватызаваць тыя прадпрыемствы, якія сёньня не прыносяць прыбытку беларускай дзяржаве. У самую апошнюю чаргу трэба будзе даваць на прыватызацыю буйныя прыбытковыя прадпрыемствы. Што тычыцца такіх прадпрыемстваў як Беларуськалій, нафтаперапрацоўчыя заводы, то, я думаю, што ў бліжэйшы час трэба ўстрымацца ад іх прыватызацыі.

Як зьменшыць залежнасьць Беларусі ад імпарту энэргарэсурсаў?

Разьвіваць альтэрнатыўныя крыніцы энэргіі. Трэба зьмяніць заканадаўства і сёньняшнюю сыстэму цэнаўтварэньня ў гэтай галіне, пры якой дзяржава ня толькі фактычна мае манаполію на энэргарэсурсы і дыктуе свае кошты. Абсалютна адсутнічаюць зручныя ўмовы для разьвіцьця прыватнай альтэрнатыўнай энэргетыкі. Гэтыя ўмовы найперш мы створым. І трэба дывэрсіфікаваць пастаўкі энэргарэсурсаў у Беларусь, захоўваючы пры гэтым партнэрскія стасункі з Расеяй. Пэўная доля энэргарэсурсаў заўсёды будзе купляцца ў Расеі, але яна не павінна быць большай за 50 адсоткаў.

Ці трэба зьмяншаць паўнамоцтвы прэзыдэнта і як?

Безумоўна, паўнамоцтвы прэзыдэнта Беларусі трэба зьмяншаць, нам трэба імкнуцца да парлямэнцкай рэспублікі. А як? Паступова. Першым крокам будзе ўнясеньне паправак у Канстытуцыю пасьля абраньня незалежнага дэмакратычнага парлямэнту і паступовае перафарматаваньне ўлады, паўнамоцтваў, большае наданьне ўлады парлямэнту, большай незалежнасьці судовай сыстэме. Думаю, што за 5 гадоў мы маглі б прыйсьці да парлямэнцкай рэспублікі.

Ці патрэбныя іншыя зьмены ў Канстытуцыю? Калі так, то якія?


У Канстытуцыю трэба ўнесьці вельмі шмат зьменаў, а найперш трэба будзе засяродзіцца на практыцы выкананьня законаў у судах, органах выканаўчай улады. Але Канстытуцыю Беларусі трэба мяняць.

Ці павінна беларуская мова стаць адзінай дзяржаўнай?

Безумоўна, беларуская мова павінна стаць адзінай дзяржаўнай мовай. Толькі шлях да гэтага павінен быць добраахвотны. Лічу, што мы ня маем права навязваць беларусам гвалтам ніякія рашэньні, у тым ліку і гвалтоўна прымушаць людзей выкарыстоўваць беларускую мову на працы. Вынікі незаконнага рэфэрэндуму, на якім было прынятае дзьвюхмоўе, мы скасуем, і я магу гарантаваць, што адразу пасьля майго прыходу да ўлады беларуская мова будзе дзяржаўнай, але яе ўвядзеньне на працы, на прадпрыемствах, у школах будзе паступовым і добраахвотным. У нас ёсьць вельмі добры мэтад — будзем ствараць фонды, якія будуць заахвочваць і падтрымліваць тых, хто карыстаюцца беларускай мовай на працы.

Якім павінен быць статус бел-чырвона-белага сьцяга і герба "Пагоня", і якім чынам трэба вырашаць пытаньне аб дзяржаўнай сымболіцы?

Як я адказаў у папярэднім пытаньні, мы адменім вынікі рэфэрэндуму, які ня быў прызнаны нават міжнароднай супольнасьцю, і бел-чырвона-белы сьцяг зноў стане дзяржаўным, як і герб “Пагоня”.

Ці варта Беларусі імкнуцца ў Эўразьвяз?

Мы будзем праводзіць пасьлядоўную палітыку на паступовую інтэграцыю Беларусі ў Эўрапейскі зьвяз. Нам трэба імкнуцца да адкрытых адносін з нашымі эўрапейскімі суседзямі. Інтэграцыя ў Эўразьвяз для Беларусі непазьбежная.

Ці варта Беларусі імкнуцца ў НАТО?

Зараз — не.

Ці захаваецца падчас Вашага прэзыдэнцтва сьмяротнае пакараньне?

Не захаваецца.

Чым Вы будзеце лепшы за цяперашняга прэзыдэнта?

Найперш я буду імкнуцца працаваць на гэтай пасадзе як слуга беларускага народу і буду памятаць, што я пастаўлены для служэньня, а не для цараваньня над гэтым народам.

Які будзе Ваш першы ўказ?

Першым указам будуць скасаваныя вынікі рэфэрэндуму аб скасаваньні нацыянальнай сымболікі, адным зь першых будзе ўказ аб прызначэньні свабодных парлямэнцкіх выбараў, найбольш важнымі будуць кадравыя прызначэньні — буду прызначаць на пасады прафэсіяналаў, якія будуць ажыцьцяўляць рэформы ў эканоміцы, МУС, адукацыі і іншых галінах. Астатнія ўказы я буду праводзіць, кансультуючыся з гэтай камандай прафэсіяналаў.

Які лёс чакае прадстаўнікоў папярэдняй улады ў выпадку Вашай перамогі?

Я магу сказаць адразу, што ніякай помсты Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя рабіць ня будзе. А злачынцы будуць пакараныя. З улады яны альбо не з улады. Закон для ўсіх будзе адзін. Калі прадстаўнікі былой улады нарабілі злачынстваў, яны будуць за іх адказваць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG