Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына: "Лукашэнка нічога не парушыў"


Лідзія Ярмошына
Лідзія Ярмошына

"Дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі я асабіста прыняла ад кіраўніка ягонай групы міністра адукацыі Аляксандра Радзькова", -- заявіла сёньня Лідзія Ярмошына, адказваючы на пытаньне Радыё Свабода.

"Як вы разумееце, у Аляксандра Міхайлавіча Радзькова ёсьць іншыя магчымасьці для праходу ў наш будынак, а ня толькі раз галоўны ўваход. Магчыма, таму журналісты і не заўважылі ягонага прыходу ў ЦВК", -- сказала Ярмошына.

Яна таксама дала тлумачэньні наконт таго, ці можа нехта іншы, акрамя самога прэтэндэнта, прыносіць дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. Яна патлумачыла, што ніякіх нормаў, якія рэгулююць гэтае пытаньне, у Выбарчым кодэксе няма. "У заканадаўстве няма нормы, якая дазваляе дзейнічаць праз пасярэднікаў. Але няма і забароны на гэта. Там напісана, што асоба, якая прэтэндуе на пасаду прэзыдэнта, падае дакумэнты ў ЦВК, але няма слова "асабіста". А вы разумееце, што чалавек можа захварэць, быць у камандзіроўцы і гэтак далей. Таму мы дазваляем патэнцыйнаму кандыдату падаваць дакумэнты па даверанасьці любой асобе" – заявіла Ярмошына.

"Такая норма распаўсюджаная на выбарах усіх ўзроўняў, гэта адзінае правіла, пачынаючы ад абраньня кандыдатаў мясцовага ўзроўню да прэзыдэнцкага. Таму ЦВК выпрацавала практыку і дала тлумачэньні, што калі кандыдат ня можа здаваць сам дакумэнты, ён можа даручыць гэта сваёй даверанай асобе", -- патлумачыла старшыня ЦВК.

Заўтра апошні дзень фармаваньня выбарчых камісіяй. На гэты момант зарэгістраваны 2681 прэтэндэнт на сяброўства ў 155 існуючых тэрытарыяльных камісіях. Зь іх 1177 – прадстаўнікі палітычных партыяў і грамадзкіх аб'яднаньняў. У склад тэрытарыяльных камісіяў паступілі заяўкі ад 70 прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў: Партыя левых "Справядлівы Сьвет" -- 36, АГП -- 24, партыя БНФ – 7.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG