Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі пачаліся ВРВІ і чакаюць эпідэміі Н1N1


Традыцыйна пачатак восені ў Беларусі адзначаецца ўсплёскам росту захворваньняў на вострыя рэспіраторныя вірусныя інфэкцыі. Пакуль, сьведчаць беларускія эпідэміёлягі, колькасьць захварэлых на іх “не настолькі вялікая, каб гэтыя лічбы варта было б агучваць — аб эпідэміі гаворкі не ідзе”.

Тым ня менш, беларускія адмыслоўцы ўсё ж прагназуюць эпідэмію, аднак грыпу, у тым ліку сьвінога, Н1N1. Мяркуецца, што эпідэмія прыпадзе на студзень-люты 2011, аднак не выключаецца, што такая непрадказальная ў сваіх паводзінах хвароба можа пачацца і раней.

Паводле беларускіх вірусолягаў ды і эпідэміёлягаў, новае захворваньне насельніцтва на H1N1 у Беларусі будзе мець менш выразны характар у параўнаньні з папярэднім. Абсалютная колькасьць хворых будзе меншай, аднак у кожнага паасобку ёсьць шанец перахварэць на грып тыпу А, калі гэты чалавек індывідуальна не перанёс яго раней.

Як паведаміла журналістам кіраўнік нацыянальнага цэнтру па грыпе, Натальля Грыбкова, акрамя вірусу грыпу А грыпападобныя захворваньні могуць выклікаць прыкладна 200 іншых гэтак мовіць “патагенных агентаў”.

Адмыслоўцы заклікаюць насельніцтва не зацягваць з прышчэпкамі, як гэта адбылося летась у лістападзе, калі ў пік грыпу зрабіць прышчэпку было няпроста. Паведамляецца, што ўсе вакцыны ад грыпу, якія будуць прымяняцца сёлета ў Беларусі, аўтаматычна стануць і прышчэпкамі ад сьвінога грыпу. Размова ідзе пра прэпараты, якія закупленыя ў расейскай фармакампаніі “Моногриппол плюс".

СААЗ занепакоеная маштабамі антывакцыннага руху ў Эўропе

Сусьветная арганізацыя аховы здароўя занепакоеная маштабамі, якія набыў у Эўропе рух супраць прышчэпак. Яшчэ напачатку году навукоўцы шэрагу эўрапейскіх краінаў, а таксама грамадзкія арганізацыі Аўстрыі, Брытаніі, Нямеччыны і Швэйцарыі абвінавацілі СААЗ у змове з буйнымі фармацэўтычнымі кампаніямі, якія, паводле крытыкаў, зарабілі на паніцы з нагоды пандэміі сьвінога грыпу каля 7 мільярдаў эўра. Менавіта такую суму на закупку лекаў ад вірусу выдаткавалі ўрады розных краінаў.

На думку брытанскага прафэсара Дэвіда Солсбэры, для панікі вакол віруса A/H1N1 не было ніякіх падставаў, бо сьвіны грып апынуўся менш небясьпечным, чым меркавалася раней.

Падобна некаторым іншым эўрапейскім калегам, прафэсар Солсбэры прытрымліваецца меркаваньня, што такі раскручаны швэйцарскі прэпарат як “таміфлю” ня проста малаэфэктыўны ў барацьбе з грыпам, а ў шэрагу выпадкаў нават можа апынуцца і шкодным, паколькі можа прывесьці да згушчэньня крыві, а таксама ўдушша.

Прадстаўнікі СААЗ заяўляюць, што падобныя навукоўцы і іх паплечнікі з грамадзкіх арганізацыяў, выкарыстоўваючы для прапаганды сваіх поглядаў самыя найноўшыя сродкі сувязі, у першую чаргу інтэрнэт, наносяць вялікую шкоду хворым людзям.

"Мы павінны знайсьці магчымасьці, каб пераканаць антыпрышчэпкавыя групы і тых, хто да іх прыслухоўваецца, у неабходнасьці вакцынацыі", сьцьвярджае кіраўніца эўрапейскай рэгіянальнай структуры СААЗ Сюзана Якаб. Яна заклікала праціўнікаў вакцынацыі да адкрытай і аргумэнтаванай дыскусіі ў прэсе.

Спадзявацца на ўласны арганізм


У сваю чаргу аўстрыйскі прафэсар-мэдык Зігфрыд Мэрын, адзін з аўтараў бэстсэлеру "Хто памірае здаровым, больш мае ад жыцьця", лічыць, што кожны пацыент павінен рабіць свой асабісты выбар у справе барацьбы з грыпам. Аднак пры гэтым больш спадзявацца на ўласны імунітэт, чым на розныя цудадзейныя прэпараты.

Паводле аўстрыйскага лекара, сама прырода забясьпечыла чалавека такім магутным мэханізмам абароны. Менавіта імунітэт дазваляе большасьці заставацца здаровымі, выстойваючы перад ціскам чарговых вірусаў грыпу, ва ўмовах нярэдкіх цяпер для эўрапейца жорсткай сьпёкі ды нечалавечага холаду.

Калі ж чалавек доўга ня можа выйсьці зь віруснага захворваньня, гэта значыць, што ён мала клапоціцца пра падтрымку ўласнага імунітэту. Дарэчы, такая падтрымка зусім элемэнтарная рэч, і яе можна рабіць на такім жа аўтамаце, што ўмывацца раніцай, піць ды есьці.

Як кажа аўстрыйскі лекар, ягоныя парады мала чым адрозныя ад парадаў яго бабулі.

  • 1. Прачнуцца на 15 хвілінаў раней, каб дазволіць сабе дадаткова паляжаць у ложку. Ня трэба ўзьнімацца рэзка. Спачатку, седзячы ў ложку, пацягнуцца, пацягнуўшы ўверх сьпярша левае, а потым правае плячо. Потым ужо ўстаць і свабодна нахіліцца наперад, а потым без пачуцьця дыскамфорту выпрастацца.

  • 2. У душы, перш чым стаць пад струмені цёплай вады, трэба абліць сябе з коўшыка вадой халоднай. Чалавек адразу адчуе рэзкі прыліў бадзёрасьці. Такая працэдура — выдатны тонус для скуры, да таго ж ад яе зьяўляецца бляск у вачах, добры настрой нават у самае кепскае надвор’е і, зразумела, падвышаецца імунітэт.

Доктар, аднак, перасьцерагае, што пачынаць такія абліваньні трэба з камфортных тэмпэратураў, паступова паніжаючы ваду на 1-2 градусы. Напачатку нават можна проста абцірацца змочаным халоднай вадой ручніком.

  • 3. Сьняданак трэба пачынаць са шклянкі вады хатняй тэмпэратуры. У пераходны восеньскі пэрыяд можна піць ваду, дадаўшы ў яе крыху мёду. Гэта нядрэнная альтэрнатыва разрэклямаваным полівітамінам ды імунамадулятарам. Ня трэба перагружаць сябе ежай, лепей рабіць большы акцэнт на стравы з гародніны.

Калі ж вы захварэлі, то гэта таксама не падстава бегчы ў аптэку. Трэба, па-першае, з максымальным камфортам уладкавацца ў ложку. Супраць тэмпэратуры да 38 градусаў ня трэба прымаць ніякіх мэдыкамэнтаў. Такая тэмпэратура — пераносная, і зьбіваць яе не рэкамэндуецца, бо так арганізм змагаецца з інфэкцыяй.

У якасьці галоўнага рэцэпту пры кепскім адчуваньні — багатае цёплае пітво. Такім чынам арганізм пазбаўляецца ад інтаксыкацыі. Акрамя цёплай вады можна піць адвар з нарэзаных яблыкаў зь мёдам. Некаторыя дадаюць у такі адвар крыху імбіру ці карыцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG