Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Л.Красоўская: Тэму зьніклых заўсёды ўздымалі напярэдадні выбараў


Валерыя Красоўская
Валерыя Красоўская
Сёньня ў нідэрляндзкім горадзе Эйндховэне рыхтуецца цырымонія ўшанаваньня памяці зьніклых беларусаў і ўрачыстае адкрыцьцё фотавыставы “Зьніклыя, але не забытыя”. Цырымонію распачне актывістка кампаніі “Мы памятаем” Валерыя Красоўская – дачка Анатоля Красоўскага. Яна адказала на пытаньні "Свабоды".

Радкевіч: Чаму ўлады Эйндховэну выказалі зацікаўленьне гэтай акцыяй?

Красоўская: З 1995 году горад Эйндховэн і горад Менск зьяўляюцца гарадамі-пабрацімамі. Таму менавіта ў Эйндховэне адбываецца выстава, прысьвечаная гвалтоўным зьнікненьням у Беларусі. 16 верасьня 2008 году ў Эйндховэне былі пасаджаныя 4 дрэва на памяць аб зьніклых беларусах. З таго моманту кожны год 16 верасьня людзі зьбіраюцца каб выказаць павагу зьніклым беларусам. Галяндыя ганарыцца там, што зьяўляецца прагрэсіўнай краінай у галіне правоў чалавека і падтрымлівае такія ініцыятывы.

Радкевіч: Гэтая выстава будзе экспанавацца толькі ў Галяндыі ці стане перасоўнай? Ці ёсьць магчымасьць выставіць яе ў Беларусі?

Красоўская: Так, яна зьяўляецца перасоўнай. Натуральна, я жадаю, каб гэтая выстава аднойчы патрапіла ў Беларусь. На выставе будуць экспанавацца 34 фотаздымкі вялікага фармату. Адна часта іх распавядае гісторыю мірных акцыяў пратэсту за апошнія 11 год. Акцыяў, прысьвечаных гвалтоўным зьнікненьням у Беларусі. Другая частка фотаздымкаў ілюструе грамадзка-палітычную дзейнасьць фундацыі "Мы помнім". Напрыклад, яна адлюстроўвае двухбаковыя сустрэчы прадстаўнікоў "Мы помнім" на высокім узроўні. Будуць пэрсанальныя фатаграфіі гвалтоўна зьніклых беларусаў.

Радкевіч: У Беларусі апошнім часам практычна перасталі праводзіць 16 чысла дзень салідарнасьці. Чаму, як вы лічыце, гэта адбываецца, і што трэба рабіць, каб ажывіць у беларускім грамадзтве ўвагу да праблемы зьніклых?

Красоўская: На мой погляд, акцыі ўсё ж такі праходзяць, але яны памянялі фармат і магчыма ў іх удзельнічае меншая колькасьць людзей. Я думаю, што акцыя 16 верасьня ў Менску зьбярэ нашмат больш людзей, чым апошнія акцыі. Зьвязана гэта, на жаль, з трагічнай гібельлю Алега Бябеніна. І таксама я думаю, што гэтая страшэнная сьмерць зьявілася штуршком, які падштурхне беларусаў да таго, каб яны зьвярнулі большую ўвагу на дні салідарнасьці.

Радкевіч: Аслабла зацікаўленьне і эўрапейскіх структураў. Якія захады робіць кампанія "Мы памятаем" каб зноў узьняць пытаньне зьніклых на міжнародным узроўні?

Красоўская: Як вы ведаеце, каля 2 гадоў таму мы падалі іск у камітэт па правах чалавека ААН. На дадзены момант працэдура скончаная, і ён будзе разглядацца на чарговай сэсіі камітэту. Я думаю, што ў сувязі з гэтым цікавасьць да нашай тэмы павялічыцца. Таксама, я думаю, цікавасьць павялічыцца і ў сувязі з прэзыдэнцкімі выбарамі. Такую цікавасьць мы ўжо бачым. Прыклад – дакумэнтальныя стужкі "Хросны бацька", што зьяўляюцца на расейскім тэлеканале. Тэма зьніклых заўсёды ўздымалася напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

Радкевіч: Як склаўся лёс вашай сям'і за гэтыя 11 гадоў?

Красоўская: У кожнага члена маёй сям'і лёс склаўся па-рознаму. Мая сястра выйшла замуж. У яе ёсьць дачка, якую наш бацька ніколі не пабачыць. Я амаль 10 гадоў жыву за мяжой. Мая маці таксама. Яна знайшла іншага спадарожніка жыцьця, які дапамагае ёй усімі магчымымі і немагчымымі сродкамі дамагчыся праўды. Я зараз жыву ў Амстэрдаме. Навучаюся ў двух унівэрсытэтах, таксама я займаюся тут дзейнасьцю, зьвязанай з фундацыяй "Мы помнім". Кожны месяц 16 я арганізоўваю акцыі каля беларускай амбасады. Я малюю, адбываюцца мае выставы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG