Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белтэлекам пакуль ня можа забясьпечыць інтэрнэт-фільтрацыю


Паслугу па абмежаваньні, на запыт інтэрнэт-карыстальнікаў, доступу да сайтаў, якія зьмяшчаюць забароненую заканадаўствам інфармацыю, нацыянальны апэратар электрасувязі "Белтэлекам" зможа прадстаўляць ужо пад канец бягучага тыдня.

Пра гэта паведаміў журналістам намесьнік генэральнага дырэктара па камэрцыйных пытаньнях "Белтэлекаму" Андрэй Сабораў.

"Мы не пасьпелі да 1 верасьня, аднак ужо да канца гэтага тыдня зможам у поўнай меры прадстаўляць паслугі па абмежаваньні доступу".

Згодна з указам прэзыдэнта № 60 і пастановай Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце Беларусі і Мінсувязі ад 29 чэрвеня, з 1 верасня 2010 году ўсе беларускія пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг павінны былі забясьпечваць аказаньне паслуг па абмежаваньні доступу да інтэрнэт-рэсурсаў, якія зьмяшчаюць забароненую заканадаўствам інфармацыю.

"Невыкананьне дадзеных патрабаваньняў прызнаецца грубым парушэньнем заканадаўства", — падкрэсьлівалася ў афіцыйным лісьце ААЦ, які паступіў у агенцтва за подпісам яго начальніка Валерыя Вакульчыка.

Пры гэтым, як паведаміў агенцтву адзін з супрацоўнікаў ААЦ, спасылаючыся на нараду з удзелам пастаўшчыкоў інтэрнэт-паслугаў, "усе апэратары да ўступленьня пастановы ў сілу падрыхтаваліся, закупілі абсталяваньне і павінны выконваць патрабаваньні дакумэнту ў поўным аб'ёме".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG