Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдаты пра выбары


Як камэнтуюць прызначэньне ўладамі прэзыдэнцкіх выбараў на 19 сьнежня патэнцыйныя дэмакратычныя кандыдаты? Ці спрыяльная для іх гэтая дата?

Дэмакратычныя кандыдаты адзначаюць, што для іх не было нечаканасьцю прызначэньне выбараў на сьнежань. Такія прагнозы ўжо выказваліся раней. Віталь Рымашэўскі, які вылучаецца ад БХД, мяркуе:

«Прызначэньне выбараў у гэтым годзе азначае, што паніка ахоплівае рэжым Лукашэнкі. Валянтэрам будзе зручней зьбіраць подпісы ў перадсьвяточныя дні. Але ціск з боку Расеі, і жахлівая эканамічная сытуацыя, і гэтыя дзеяньні Лукашэнкі сьведчаць пра тое, што Лукашэнка панічна баіцца страціць уладу».

Андрэй Саньнікаў
заявіў, што сама дата выбараў не мяняе ягоных плянаў.

«Тое, што адбывалася вакол гэтай даты, нейкія таямніцы, чуткі — гэта сьведчыць пра тое, якая ў нас сытуацыя. Улады нават ня могуць людзям шчыра, сумленна адказаць, калі будуць выбары.

Тое, што да Новага году, то відавочна, што складаная сытуацыя ў стасунках з усімі — і з Расеяй, і з Эўропай. І яна абяцае быць яшчэ больш складанай для Лукашэнкі. Таму трэба гэтую ўладу мяняць. Я гатовы да выбараў, і гэтая дата нічога не мяняе ў маіх плянах».

Уладзімер Някляеў
неўзабаве мае правесьці сход сваёй ініцыятыўнай групы.

«Тое, што выбары прызначылі на сьнежань, а не на люты, азначае, што ўжо ад Новага году пачнуцца напружаньні практычнага характару. Найперш — у стасунках Беларусі з Расеяй, зьвязаныя з усімі трубамі — нафтавымі і газавымі, з падпісаньнем пагадненьняў. Таксама ня самая добрая сытуацыя можа скласьціся ў зьвязку з дэвальвацыяй рубля. Вось у такіх ня самых спрыяльных эканамічных умовах праводзіць выбары, рабіць асноўную палітычную кампанію было б самагубствам з боку ўлады, з боку Лукашэнкі. Таму выбары прызначаныя ўсё ж да Новага году, калі яшчэ ёсьць чым плаціць рабочым на заводах, пэнсіянэрам, усім, хто атрымлівае грошы з бюджэту».

Мікола Статкевіч
адзначае, што пакуль ня вырашыў, ці будзе выстаўляць сваю кандыдатуру ў прэзыдэнты, бо спадзяецца, што прызначэньне гэтай даты выбараў «працьвярэзіць» некаторых людзей. Спадар Статкевіч мяркуе зрабіць апошнюю спробу кансалідаваць хоць частку апазыцыі. Чаму ж улады абралі менавіта 19 сьнежня?

«Аб’ектыўныя фактары наступныя. Схаваны, але ўсё больш жорсткі, па сутнасьці, крызіс беларускай эканамічнай мадэлі. Бо даводзіцца ўжо шукаць грошы, разьмяшчаючы эўрабонды, праядаць золатавалютныя рэзэрвы. І, мабыць, ёсьць разуменьне ва ўладаў, што з Новага году давядзецца рэзка падвышаць цэны на камунальныя паслугі. Другі аб’ектыўны фактар — канфлікт з Расеяй. Для ўладаў відавочна, што ёсьць нейкі плян у Крамля. Яны ведаюць (можа, здагадваюцца), нэрвуюцца і хочуць згуляць на апераджэньне. А можа, проста няма эмоцый і нэрваў чакаць. І трэці аб’ектыўны фактар — гэта стан апазыцыі. Апазыцыя як ніколі знаходзіцца перад выбарамі ў раздраі, у канфлікце, без фінансавай падтрымкі. І ўлада спадзяецца, што яна не акажа супраціву».

Патэнцыйны кандыдат ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў адзначыў, што да выбараў падрыхтаваны, а ініцыятыўная група гатовая.

«А калі жартам, то гэтую дату Лукашэнку падказалі зоркі. Бо дзень абраны цікавы, якраз на Міколу, бо і сына яго завуць Мікола. Я думаю, гэта і прадвызначыла дату прызначэньня выбараў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG