Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Аршанскую бітву” абавязкова дазволяць пры новай уладзе”


 1. Адзін з “кардонаў” па дарозе да Крапівенскага поля
1. Адзін з “кардонаў” па дарозе да Крапівенскага поля
Бардаўскі фэст, які мае шматгадовую гісторыю і праводзіцца ў памяць пра славутую бітву пад Воршай 1514 году, у мінулыя выходныя быў практычна сарваны міліцыянтамі. Каб не дапусьціць слухачоў і выканаўцаў на месца яго правядзеньня, былі мабілізаваныя сілы Дубровенскага і Аршанскага райаддзелаў міліцыі, у тым ліку ДАІ і АМОНу. У выніку тых, каму ўдалося прабрацца скрозь міліцэйскія кардоны, набралася ня больш за два дзесяткі чалавек.

Мастак Алесь Пушкін і яшчэ некалькі чалавек спрабавалі трапіць на прайшоўшы ў мінулыя выходныя бардаўскі фэст двойчы, і абодва разы безвынікова. Пушкін бачыў, як цэлыя групы людзей міліцыянты спынялі на вакзале і адпраўлялі ў зваротным накірунку:

“Толькі мы выйшлі з электрычкі, як да нас падышоў патруль. Нас правялі ў аддзел транспартнай міліцыі, праверылі пашпарты і сказалі: “Нам загадана праводзіць вас да электрычкі, і мы вам нават зараз набудзем білеты”.

Але калі Алеся Пушкіна да іншых выпусьцілі з транспартнай міліцыі, яны ня сталі вяртацца дадому, а зноў паспрабавалі даехаць да вёскі Гацькаўшчына, дзе раней праводзіўся бардаўскі фэст. Непадалёк іх спынілі супрацоўнікі Аршанскага РАУС, заявіўшы, што навокал лецішчы, там адбыўся шэраг крадзяжоў, і трэба яшчэ раз спраўдзіць іхныя асобы.

Патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнцкую пасаду Рыгора Костусева, якога спынілі супрацоўнікі ДАІ і адканваіравалі ў Дубровенскі РАУС: у пастарунку яму таксама паведамілі, што правяраюць падазроных асобаў. Але, пратрымаўшы каля дзьвюх гадзін, склалі пратакол за парушэньне правілаў дарожнага руху – за фіранкі на вокнах машыны.

Пратакол за парушэньне правілаў дарожнага руху быў складзены і на барда Андрэя Мельнікава, які ехаў на фэст на ровары. Яго абвінавацілі ў тым, што ровар ня быў абсталяваны фарай і гукавым сыгналам, і пратрымалі ў пастарунку ажно 6 гадзін, што зьяўляецца парушэньнем заканадаўства. Разам зь ім у пастарунку пабывала і група маладых людзей, сярод якіх быў аршанец Ігар Казьмярчак:

“Мы пайшлі пехам, каб ня ехаць на машыне ці аўтобусе – нам здавалася, што гэта самы верагодны варыянт. Але атрымалася, што міма ехаў Мельнікаў, у яго ў заплечніку быў намёт, на шыі гітара… Мы зь ім спыніліся паразмаўляць, і гэта заўважылі “даішнікі”: “Ну, трапіліся, родныя, нам зразумела цяпер, куды вы ідзяце!”

Міліцыянты перакрылі ўсе пад’езды да Крапівенскага поля і ваколіцаў. “Прарвацца” праз кардоны змаглі хіба толькі каля 20-ці чалавек. Толькі ў нядзелю ўраньні да вогнішча, дзе сабралася купка сёлетніх наведнікаў бардаўскага фэсту ўсё-ткі далучыўся Андрэй Мельнікаў:

“Нас было 10 чалавек – я дзясятым стаў. Мы сьпявалі, елі , пілі, купаліся...”

Такіх груповак па беразе рэчкі Крапіўны, як высьветлілася ўраньні, было некалькі. Але нават з улікам таго, што праводзіць фэст ужо некалькі год запар замінаюць, аршанскія актывісты мяркуюць, што гэтую справу варта працягваць.

“Я думаю, варта гэта і далей рабіць. Неўзабаве могуць быць перамены, усё ж такі чакаюцца выбары. І на наступны год, магчыма, фэст можна будзе правесьці легальна”, – разважае аршанец Ігар Казьмярчак. Ён пэўны, што фэст “Аршанская бітва” абавязкова дазволяць пры новай, дэмакратычнай уладзе.

Аднак пакуль сёлетні фэст атрымаўся ці ня самы нешматлюдны за ўсю сваю гісторыю, якая бярэ пачатак у 1992-м годзе. Тады імпрэзу ўдавалася праводзіць без усялякіх перашкодаў – міліцыянты прыяжджалі на гістарычнае Крапівенскае поле хіба толькі ў якасьці назіральнікаў. Потым сталі забараняць выкарыстаньне бел-чырвона-белых сьцягоў, у 2007-м і 2009-м гадах заяўлялі, што ў рэчцы Крапівенка знойдзены міны і снарады, таму нікому не дазваляюць збочыць з дарогі Ворша-Дуброўна ў бок вёскі Гацькаўшчына. А сёлета на поле беларускай вайсковай славы, дзе войскі ВКЛ разграмілі войскі Маскоўскага княства, не пускалі, ужо не тлумачачы аніякіх прычынаў. Усе міліцыянты спасылаліся на загад свайго вышэйшага кіраўніцтва, але зь якой “вышыні” ішоў гэты загад, так і засталося невядомым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG