Гэтая фатаграфія (фота 1) вядомага ў свой час нямецкага фатографа Лотара Волега называецца “Канстантынопальскі патрыярх” (зьнятая ў 1966 годзе).
Фатаграфія ўражвае і задумай, і выкананьнем. Адразу разумееш, што аўтар далёкі ад рэлігійнага піэтызму і глядзіць, відаць, даволі саркастычна на людзей у сутанах. Хаця ён меў дачыненьні з праграмамі Сусьветнай Рады Цэркваў, а ў 1965 годзе фатаграфаваў Другую Ватыканскую Раду ў Рыме.
Выява і кампазыцыя фота пабудаваныя так, што Патрыярх і ўвесь аскетычны ўсходні антураж выглядае нібы нейкай пародыяй на фараона. Квадратны кадр, большую палову якога займае сьцяна, выкладзеная плітамі з шэрага мармуру, і бедныя, схематычныя, контурныя барэльефы трох храмаў на сьцяне. У цэнтры кадра пад сьцяной на невысокім подыюме маленькая чорная фігурка Патрыярха, які адзінока і далёка важна сядзіць на патрыяршым пасадзе абапершыся на патрыяршы посах. Усе лініі (зьнята прытым шырокакутнікам) зыходзяцца да гэтай чорнай фігуркі (якая па асацыяцыі нагадвае павучка). Халодная падлога з банальнага белага мармуру з чорнымі кантрастнымі разводамі – усё гэта па дызайну нагадвае нейкі пусты вакзал 60-х гадоў ці фае ў раённым доме культуры. Тут ня тое, што не відаць ніякай сьвятасьці, але вельмі тонка, сродкамі выключна кампазыцыі і паказу прымітыўнага інтэр’еру, выяўлены парадыйны абсурд існаваньня і ўмоўнай важнасьці гэтай асобы. (Так можна адчытаць падтэкст здымку).
З усіх антыклерыкальных твораў у фатаграфіі (іх, праўда, ня шмат) гэты твор Лотара Волега мне падаецца найбольш прыймальным, тонкім і канцэптуальным. Калі перавесьці ацэнкі здымка ў ідэалягічную форму (зрабіць закіды супраць сэнсу твору), то, як кажуць, і прычапіцца няма да чаго, бо размова тут можа быць толькі ў абстрактных катэгорыях, а гэта зводзіць на нуль усялякую сыстэму доказаў.
Асобна паўстае пытаньне, ці варта веруючаму чалавеку дэманстраваць, здавалася б, сумнеўны ў дачыненьні да царкоўнай герархіі твор. Можа, й ня варта. Але здымак нікога не зьневажае. Царква – жывы арганізм, і мастак, які не выступае супраць Бога, мае права на сваё адлюстраваньне гэтага арганізму.
(Між іншым, касьцельная бюракратыя, зь якой мне прыходзілася спатыкацца ў Эўропе, можа давесьці чалавека да немарасьці. І чым далей, тым больш усялякіх правілаў і патрабаваньняў. Часам становіцца праблематычным узяць касьцельны шлюб, ахрысьціць дзіця. І гэтая клерыкальная канцыляршчына не паляпшаецца).
Тым часам, калі шырэй пазнаёміцца з творчасьцю Волега (па ўзроўню, як мне падаецца, даволі сярэдняга фатографа), то пачынаеш сумнявацца ў арыгінальнасьці якасьцяў асэнсаванай канцэпцыі фота Патрыярха, пра якія я кажу. Большая палова фатаграфіяў і партрэтаў Волега зробленая ў такой самай манеры: квадратны кадр і ў цэнтры далёка малая фігурка чалавека.
Відаць, Волег вырашыў, што знайшоў сябе. Ён, як Родчанка, які здымаў у асноўным зьверху і зьнізу, гэтак Волег здымаў у цэнтры і здалёку. І тым ня менш, і першаму, і другому ўдавалася рабіць выдатныя фатаграфіі. Гэта фатографы (і такіх шмат), якія распрацоўвалі адну фармальную канцэпцыю ў фатаграфіі, зрэдку выходзячы за яе рамкі.
Волег творча працаваў у 1950-70-х гадах.
(Здымкі Волега даволі шырока прадстаўленыя ў вольным Сеціве, у тым ліку і “Канстантынопальскі патрыярх”).
Працягнем, аднак, наш паказ на рэлігійную тэму і спусьцімся да звыклага чалавека, бо сацыяльная крыніца веры там. Там яна жыве ў простай, шчырай і першароднай форме.
Фота 2, якое я тут экспаную, было падрыхтаванае (зроблена рэпрадукцыя) і выстаўленае ў Сеціва студэнткай Тацьцянай Мірановіч і называецца “Сам-насам з Богам. Мая маладая матуля”.
Тут я б адзначыў найперш сам здымак. Другое – гэта дакладнае разуменьне сутнасьці і хараства гэтай аматарскай і тэхнічна недасканалай фатаграфіі.
Вось што студэнтка напісала на старонцы “Свабоды” 29 ліпеня 2007 г.: “Я паглядзела наш сямейны альбом. Мяркую, вось такі здымак, поўны веры і пачуцьця, – гэта мая матуля 30 гадоў таму. Маладая, чыстая, сьветлая, пяшчотная, сьціплая, адкрытая жыцьцю... На жаль, якасьць здымку далёкая ад сучасных стандартаў, затое сьвятло ў ім незвычайнае. Калі б Беларусь мела вобраз чалавека, яна выглядала б прыкладна так, як мая маладая матуля на гэтым здымку”.
Вельмі добра напісана. Каштоўная думка пра вобраз чалавека Беларусі. Гэты вобраз павінны найперш ствараць фатографы, усе, хто трымае ў руках фотаапарат. Хай здымаюць пабольш людзей, свой народ, бацьку, маму, сына, суседзяў, вялікіх асобаў і г. д.Такі шлях эўрапейская і амэрыканская фатаграфія прайшла ўжо амаль сто гадоў таму. Беларускі творца павінен быў бы (як паўсюдна) адчуваць сябе прадстаўніком культурнай нацыі, любіць людзей, сваю Айчыну. Людзі і Айчына – грунт вялікай і высокай творчасьці. “Вобраз чалавека Беларусі” можа адлюстраваць толькі нацыянальнае мастацтва і толькі па любові.
Жанчына, якая на фота “Сам-насам з Богам” моліцца Богу, сьветлая і прыгожая. Фатаграфія, аднак, настолькі тэхнічна няякасная, што цяжка нават ідэнтыфікаваць аблічча жанчыны (яно расплываецца). І разам з тым немагчыма адвесьці погляд ад яе хараства. Не аб фізычнай красе тут мова. Чалавек прыгожы сваёй душой. Непрыгожыя, прымітыўныя, шчарбатыя якасьці душы робяць зьнешняе хараство мёртвым, пустым і нават жудасным, паратвараюць яго ў “нехараство”. Тым часам зьнешне недасканалы чалавек, падсьвечаны вялікай сьветлай душой, ёсьць прыгожы. Менавіта так, па душы (а не па зьнешняй красе), успрымаюць найперш дарослых людзей дзеці. (Мастакі сярэднявечнага гуманізму разумелі гэтакія дачыненьні).
Фатаграфія ня толькі перадае стан душы, але, што істотна, дзейнічае як павелічальнае шкло (ужываю тут азначэньне тэатра) і павялічвае ўспрыняцьце, робіць вобраз больш выразным. Выяўленьне ўсяго гэтага залежыць ад уменьня і таленту фатографа.
Але ёсьць станы духа, дасягнуўшы якіх, кожны чалавек становіцца прыгожым. Такіх станаў некалькі. Вядома, што чалавек прыўкрасны ў каханьні і ў маленьні да Бога. Але толькі тады, калі ёсьць любоў, якая, гэтак жа, як і хараство, зьяўляецца ўнівэрсальнай функцыяй Ісьціны.
Каханьне паміж мужчынам і жанчынай без любові можа ператварыцца ў сваю супрацьлегласьць. Людзі ня могуць доўга захоўваць каханьне толькі на эмацыйных пачуцьцях, на ідэалістычных уяўленьнях, на абавязках перад выхаваньнем дзяцей, на гарманальных інстынктах і т. п. Дзеля каханьня мусіць быць (і разьвівацца) любоў, як вышэйшая ступень гарманічнага існаваньня сумесна разам (лучнасьць сутнасьцяў, яднаньне ў супольным).
Тое самае значэньне мае любоў да Бога, якая адбываецца ў ідэальнай сфэры і выяўляецца ў малітве. Маленьне і вера без любові – пазбаўленыя імунітэту перад злосьцю, фанатызмам, духоўным збачэнствам. Вера і маленьне ў любові ўзвышае асобу, робіць яе прыўкраснай.
Такой мы бачым на старым фота з 70-х гадоў маму Тацьцяны Мірановіч. Настраёваму ўспрыняцьцю фатаграфіі дапамагае тое, што здымак зроблены на раніцы, адчуваецца ранішняе сьвятло і, здаецца, што на фота адлюстраваны “містычны” на Беларусі жнівеньскі час, з сухою травой, быльнягом, палыном і разьвітальным падтэкстам кароткага лета.
Другі чыньнік – гэта ўсьведамленьне ўзросту фатаграфіі, адчуваньне спыненага імгненьня мінуласьці, якая адчыняецца для нас сваім сутнасным існаваньнем. Ведаючы гэта, мы падсьведама робім папраўку на візуальныя характарыстыкі фота. Тэхнічныя недахопы падсьведама пачынаюць успрымацца намі як сродкі вобразнага выяўленьня (робяцца адзнакамі даўняга часу, як кракелюры ў жывапісе).
Нярэзкасьць кладзецца на стэрэатып адчуваньня далёкага існаваньня, кантраст, завал у ценях (быў перапраяўлены нэгатыў) спрыяюць графічнаму (“нерэальнаму”, аддаленаму часам) адчуваньню сюжэта. Падсьведама ўспрымаючы гэта ўсё, наша фантазія разьвівае сюжэт, дамалёўвае тое, што толькі прыкметна і тое, што магло б існаваць.
Усё гэта – складнікі таго моцнага эмацыйна-псыхалягічнага адчуваньня, якое выклікае ў нас гэтая аматарская фатаграфія. Папраўка на падсьведамасьць зрабіла тое, што тэхнічныя недахопы сталі адыгрываць ролю сродкаў эстэтычнай выразнасьці.
Тут характэрная асаблівасьць фатаграфіі. Яна (гэтая асаблівасьць) была засвоена ў 1950-60-х гадах. Тое, што (як правіла) было бракам (вялікае зерне, шавеленая выява, адбітак пэрфарацыі і краёў нэгатыва, нават сьляды пальцаў на эмульсіі і г. д.) пачалі выкарыстоўваць пад мастацкую задуму. Зразумела, што не заўсёды эстэтызацыя агрэхаў была пасьпяховая, але здараліся і дасягненьні. Нам важна тут адзначыць сам гэтакі прынцып, які ёсьць дапушчальны ў мастацкай фатаграфіі, асабліва калі праца вядзецца са старымі здымкамі і рэпрадукцыямі.
Аналягічны прыклад фотаэстэтыкі быў праілюстраваны намі раней у экспазыцыі фота “Стрэл у патыліцу” і інш. Эстэтычны эфэкт абыгрываньня тэхнічных правалаў і ўражаньне ад фатаграфіі дасягаецца, як правіла, тады, калі выява характарызуецца высокай ступеньню сымбалізацыі і абагульненьня. “Стрэл у патыліцу” гэтаму патрабаваньню наўпрост адпавядае.
Ёсьць такія сымбалічныя якасьці сюжэтнага зьместу і ў фота “Сам-насам з Богам” (што, дарэчы, адчула і Тацьцяна Мірановіч). І ў гэтым найперш добрае ўзьдзеяньне і адчуваньне фатаграфіі. Калі адпаведных сюжэтных прыкметаў фота ня мае, эстэтызацыя тэхнічных пралікаў не спрацуе, новай якасьці не атрымаецца.