Дагэтуль тройчы мы гулялі з румынамі, і ўсе тры разы прайгравалі – з агульным лікам 2:8. І вось першы станоўчы вынік – нулявая нічыя. Яе дакладна запісваем у "плюс" нашай футбольнай зборнай, якая пасьля двухматчавага старту адборачнага турніру да чэмпіянату Эўропы дзеліць з альбанцамі 1-е месца ў групе.
Канечне, не нічыёй чакалі беларускія заўзятары, але румынская каманда настолькі пісьменна пабудавала гульню, што гаспадары адсоткаў на 70% запоўненага менскага стадыёна "Дынама" за ўвёсь матч здолелі зладзіць толькі адну сапраўды вострую атаку, а ўдараў у створ брамы румынскага галкіпера Панцілімона мы так і не дачакаліся – усё міма. Таму нічыя па такой гульні – някепскі вынік, улічваючы тое, што пару разоў румыны проста "прабачылі" Беларусь.
Якія высновы можна рабіць пасьля перамогі ў Парыжы супраць французаў ды нічыёй у Менску супраць Румыніі? Больш-менш наладзіліся справы ў абароне, цэнтральны абаронца Мартыновіч увогуле прыемна зьдзіўляе надзейнасьцю, а ў крытычных сытуацыях выратоўвае Жаўноў-капітан. Шытаў, канечне, ледзьве не "прывёз" гол у свае вароты, калі пачаў выдурняцца з двума румынамі, а тыя адабралі мяч ды вывелі на галявую пазыцыю Богдана Станку. Але абыйшлося, і мы дагэтуль маем ганаровы "нуль" у графе "прапушчаныя мячы" – адзіныя ў групе.
Пытаньні ёсьць да атакі. Толькі адзін удар "у рамку" за 180 хвілінаў! Так, гэта той самы гол Сяргея Кісьляка на "Стад дэ Франс". Ад тлумачэньняў нямецкі трэнер нашай каманды Штанге даволі тэхнічна ўвільвае, спасылаючыся на тое, што Францыя ды Румынія – надзвычай сур'ёзныя супернікі. Праўда то праўда, але апрача выніку хочацца і прыгожага футболу. І ніякія сур'ёзнасьць супернікаў не перашкодзіць гэтага хацець.
Радуе фан-групоўка беларускай зборнай — Б-12 ("12-ты гулец зборнай Беларусі"). Яны даволі масава выехалі ў Парыж, а таксама наладзілі прыгожую падтрымку на "Дынама", падрыхтаваўшы перфоманс на тэму пекла, у якое, па ідэі, мусяць трапляць госьці-супернікі беларусаў.
Сёлета ў нашай зборнай яшчэ два матчы, абодва ў кастрычніку: 8-га — на выездзе зь Люксембургам, а 12-га — у Магілеве супраць Альбаніі. Няўжо пойдзем на зімовы перапынак лідэрамі групы?