Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шасьцёх анархістаў дапытваюць у сувязі з выбухам


Супрацоўнікі праваахоўных органаў Беларусі затрымалі шасьцёх актывістаў анархісцкага руху па справе аб выбуху каля расейскай амбасады.

Як паведамляе сайт belarus.indymedia.org, Ігар Багачак, Валерыя Хоціна, Сяргей Сьлюсар, Мікалай Дзядок, Аляксей Жынгероўкі і Аляксандар Францкевіч былі затрыманыя 3 верасьня каля 6 гадзін раніцы супрацоўнікамі праваахоўных органаў і да гэтага часу знаходзяцца пад арыштам у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсьціна ў Менску. Затрыманых дапытваюць на прадмет іх дачыненьня да інцыдэнту каля амбасады Расеі ў Менску, на тэрыторыю якой кінулі бутэлькі з запальнай сумесьсю.

Паводле паведамленьня сайта, маладыя людзі сумесна здымалі кватэру ў адным з раёнаў Мінска. Раніцай у кватэры раздаўся званок, адзін з маладых людзей адкрыў дзьверы. У кватэру ўварваліся супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным і затрымалі прысутных. У кватэры таксама праведзены ператрус, канфіскаваныя 5 кампутараў, два ноўтбукі, мабільныя тэлефоны, грошы, афішы і часопісы.

Як паведамляе belarus.indymedia.org, затрыманыя "зьяўляюцца грамадзкімі актывістамі, якія ўдзельнічаюць у розных сацыяльных рухах, накіраваных на абарону правоў чалавека, працоўных і свабоду доступу інфармацыі".

Максымальны тэрмін затрыманьня без прад'яўленьня абвінавачваньня ў Беларусі складае 72 гадзіны. Пракурор можа падоўжыць гэты тэрмін да 10 сутак.

У праваахоўных органах сытуацыю пакуль не камэнтуюць.

Інцыдэнт ля расейскай амбасады ў Менску адбыўся ўвечары 30 жніўня. У 22.20 супрацоўнікі дэпартамэнту аховы МУС Беларусі пры абыходзе тэрыторыі амбасады знайшлі палаючы службовы аўтамабіль "Мазда-3". На месцы здарэньня была знойдзеная шкляная бутэлька ёмістасьцю 0,33 літра з рэшткамі гаручай сумесі і аскепкі шкляной бутэлькі з рэшткамі кнота. Па факце інцыдэнту ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле "Хуліганства".

2 верасьня інтэрнэт-рэсурсы belarus.indymedia.org і belarus.avtonom.org разьмясьцілі заяву, у якой гаварылася, што адказнасьць за атаку на расейскую амбасаду ў Менску ўвечары 30 жніўня ўзялі на сябе анархісты. "Гэтай акцыяй мы выказваем гнеў і пратэст супраць арыштаў і рэпрэсій у дачыненьні да сацыяльных актывістаў, якія ўсталі на абарону Хімкінскага лесу ў Маскве", - адзначалася ў заяве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG