Алесь Адамовіч ішоў туды, куды іншыя ісьці баяліся.
Ён быў адным з тых нешматлікіх, хто пачаў казаць пра небясьпеку Чарнобыля адразу пасьля аварыі. Ён дамогся прыёму ў першага сакратара ЦК Сьлюнькова, паказаў яму трывожныя прагнозы навукоўцаў і заклікаў тэрмінова пачаць эвакуацыю, папярэдзіць людзей пра небясьпеку, спыніць усялякія масавыя мерапрыемствы – але Сьлюнькоў не жадаў псаваць адносіны з Гарбачовым. Тады Адамовіч сеў пісаць ліст да Гарбачова (Гарбачоў і цяпер памятае той зварот).
Ягоны ўдзел у барацьбе за мір у 80-ыя гады мог успрымацца як даніна афіцыёзу ці нават як каньюнктура – за мір (вядома, супраць рэйганаўскай адміністрацыі) змагаўся “ўвесь савецкі народ”, на чале з камуністычнай партыяй і яе ленінскім (брэжнеўскім, андропаўскім, чарненкаўскім, гарбачоўскім) Цэнтральным Камітэтам. Аднак Адамовіч павярнуў лёзунг раззбраеньня, які камуністычныя прапагандысты скіроўвалі ў бок Пэнтагону – супраць савецкага ваенна-прамысловага комплексу. Што адразу зрабіла Алеся Адамовіча “ворагам нумар адзін” для ўсяго савецкага генэралітэту. На з’езьдзе народных дэпутатаў СССР тэлекамэры выхоплівалі твары генэралаў, калі сьпікер абвяшчаў выступ дэпутата Адамовіча: Алесь Міхайлавіч яшчэ толькі ішоў да трыбуны, а вочы людзей у пагонах нібы прыкладаліся да прыцэлаў.
Апублікаваны ў “Новом мире” у 1988 годзе артыкул “Честное слово, больше не взорвётся!”, накіраваны супраць атамнай энэргетыкі, выканаў ролю каталізатара не кантраляванага ўладамі антыядзернага руху (які вельмі хутка зьліўся зь іншымі “нефармальнымі” рухамі ў дэмакратычную плынь).
У канцы 1980-ых Адамовіч з’ехаў у Маскву (узначаліў інстытут кінематаграфіі), але ад гэтай “эміграцыі” кіраўніцтву БССР спакайней не зрабілася: увосень 1988-га, пасьля ўтварэньня Беларускага Народнага Фронту і разгону “Дзядоў”, Адамовіч назваў тое, што рабілі менскія кіраўнікі, “антыперабудовачнай Вандэеяй”. Слова “Вандэя” (прычым мы не асабліва і разьбіраліся ў тым, чаго там дамагалася мяцежная антырэвалюцыйная француская правінцыя) прыклеілася да таварышаў Сакалова, Пячэньнікава, Галко (цяпер хіба ў зьвязку з падаўленьнем Народнага Фронту і ўзгадваюць гэтыя імёны).
У верасьні 1989 году Адамовіч разам зь Зянонам Пазьняком ішоў на чале “Чарнобыльскага шляху”, а потым з ганку пэдінстытуту выступіў на мітынгу на тагачаснай плошчы Леніна перад дзесяткамі тысяч – ня толькі жыхароў Менску, але і тых, хто прыехаў з Хойнік, Брагіна, Чэрыкава... Адамовіч прывёз з Масквы на мітынг фізіка-ядзершчыка акадэміка Веліхава і паставіў яго перад гэтымі людзьмі. Ня ведаю, што адчуваў Веліхаў, але сам Адамовіч сказаў тады, што гэты дзень нагадаў яму часы, калі з ГУЛАГу вярталіся зьняволеныя, і сустракаліся з тымі, хто быў на свабодзе, і што ў яго цяпер такое адчуваньне, што таксама сустракаюцца два народы – тыя, хто ў сталіцы, і тыя, хто жыве на забруджанай Чарнобылем зямлі.
Ці зьдзейсьнілася мара Адамовіча – пра аб’яднаны, вольны беларускі народ?
Ці ажыцьцявіліся ўвогуле ягоныя мары?
Ужо праз год пасьля сьмерці Адамовіча, суаўтара “Я з вогненай вёскі”, аўтара “Хатынскай аповесьці” і сцэнарыста “Вайны пад дахамі”, “Сыны ідуць у бой” і “Ідзі і глядзі” – новы кіраўнік Беларусі выказваў сымпатыі да Гітлера. Жорсткасьць, зь якой разганяе ў Менску пікеты лукашэнкавы АМАП, і ня сьнілася ідыёлягам БССРаўскай “вандэі”. У канцы 1980-ых віцяблянам удалося адбіцца ад АЭС – зараз і шмат якія дэмакратычныя актывісты ня супраць ядзернага гіганта, пытаньне толькі, хто будзе будаваць – Расея, Францыя ці, можа, Кітай (нібыта атам мае грамадзянства). Аднойчы Адамовіч напісаў, што ганарыцца сваім унёскам у разьвянчаньне Сталіна – сёньня экскурсантаў возяць на “лінію Сталіна”, а распад савецкай імпэрыі, які вітаў Адамовіч, назваў яго “выратаваньнем” -- падаецца ў падручніках як дзяржаўнае злачынства.
Але мне заўсёды ўражвала ў Адамовічу ягоная перакананасьць у слушнасьці сваёй пазыцыі і настойлівасьць ў яе дасягненьні. І яшчэ – нейкая па-дзіцячы наіўнае вера ў перамогу сваіх ідэяў, калі, здавалася б, абсалютна не было падстаў. Пры гэтым рэдка даводзілася бачыць чалавека, у такой ступені, як Адамовіч, пазбаўленага прагматызму -- ён адрынаў інтрыгі, дыпляматыю, кампрамісы – ваяваў з “адкрытым забралам”. Кінуць ў твар двухтысячнаму маналіту нардэпаў ў Крамлёўскім палацы з’ездаў словы, падобныя адамовічавым, здолеў яшчэ толькі адзін чалавек у той залі – акадэмік Андрэй Сахараў.
І лёс Алеся Адамовіча пацьвярджае меркаваньне ягонага паплечніка па міжрэгіянальнай дэпутацкай групе Сахарава, што “з усіх пазыцый менавіта маральная пазыцыя ў выніку і выяўляецца самай прагматычнай”.
Яшчэ пра Алеся Адамовіча:
Алесь Адамовіч: “Гэты развал — вялікае шчасьце…”.
Менск, праспэкт Незалежнасьці, 76а
“Нашай краіне было б лягчэй, калі б ён быў ...”
Сябры-літаратары пра Алеся Адамовіча
Алесь Адамовіч: Неразборлівы шэпт сьмерці