Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржкантроль пазбавіў лябараторыю «Новак» кампутараў


Андрэй Вардамацкі
Андрэй Вардамацкі
Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю праводзіць пазаплянавую праверку сацыялягічнай лябараторыі «Новак». З офіса арганізацыі для праверкі забралі частку кампутарнай тэхнікі. Кіраўнік лябараторыі Андрэй Вардамацкі зьвязвае гэта з набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў і сваім удзелам у якасьці экспэрта ў кампаніі «Гавары Праўду».

Пазаплянавая праверка лябараторыі «Новак» пачалася 1 верасьня фактычна як ператрус, калі кантралёры вынесьлі з офіса частку кампутарнай тэхнікі. Сёньня яны працягвалі дапытваць супрацоўнікаў лябараторыі, у тым ліку яе дырэктара прафэсара Андрэя Вардамацкага. Калі скончыцца праверка, пакуль невядома.

Вардамацкі: «Гэта будзе доўга. Я толькі што быў там, у Дэпартамэнце фінансавых расьсьледаваньняў, і гэта будзе доўга».

Пазбаўленьне лябараторыі кампутарнай тэхнікі пашкодзіць нармальнай працы лябараторыі, але ня спыніць яе:

«У той ці іншай ступені — я яшчэ гэтага не разумею — неяк будзем спрабаваць працаваць. Таму што ў нас ёсьць дамовы, якія мы павінны выканаць».

Спадар Вардамацкі гэтак ацаніў прычыны нечаканай праверкі і стварэньня перашкод у працы незалежных сацыёлягаў:
Прычына звычайная — выбары, і так было заўжды.

«Прычына звычайная — выбары, і так было заўжды. Перад выбарамі такое праходзіць заўсёды».

Апрача таго Андрэй Вардамацкі зьвязвае перасьлед ягонай лябараторыі са сваім удзелам у якасьці экспэрта ў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду».

У Камітэце дзяржаўнага кантролю не камэнтуюць праверку з канфіскацыяй кампутараў лябараторыі «Новак».

Прадстаўніца ведамства Ірына Войцік: «У нас у прэсавай службе ніякай пакуль інфармацыі для распаўсюду ў СМІ няма. Так што ніякіх тлумачэньняў даць не магу».

Улады сапраўды перасьледавалі незалежных беларускіх сацыёлягаў перад кожнай электаральнай кампаніяй — і ў 2001 годзе, і ў 2006-м. Перад мінулымі выбарамі гэты працэс скончыўся ўвядзеньнем ліцэнзаваньня сацыялягічнай дзейнасьці спэцыяльнай урадавай камісіяй.

У 2005 годзе пад падобны ціск трапіў Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, які ўрэшце быў зачынены Вярхоўным судом. Аднак гэта не спыніла дзейнасьці незалежных сацыёлягаў. НІСЭПД зарэгістраваўся ў Літве і працягвае сваю працу.

Заснавальнік НІСЭПД Алег Манаеў: «Я спадзяюся, што нашыя калегі з „Новака“ будуць ня меней настойлівымі, упартымі, цьвёрдымі ў прафэсійным, грамадзянскім, палітычным сэнсе, як былі і мы ў НІСЭПД. І ў выніку гэтага намаганьне ўлады заблякаваць працу „Новака“ не завершыцца посьпехам. Я шчыра выказваю салідарнасьць зь імі».

Дарэчы будзе сказаць, што менавіта дзякуючы міжнароднай акадэмічнай салідарнасьці Алег Манаеў патрапіў адстаяць сваё месца працы ў БДУ, дзе ён працягвае выкладаць. І ён са свайго досьведу рэкамэндуе супраціўляцца ўсялякаму ціску ўладаў, як сацыёляг усьведамляючы, што і перад гэтымі выбарамі пад перасьлед трапяць многія незалежныя інстытуты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG