Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вада і фізкультура супраць пераяданьня


У Беларусі ўсё больш людзей маюць залішнюю вагу. Цяпер на атлусьценьне пакутуе каля 1% насельніцтва, каля 20% беларусаў маюць залішнюю вагу. Пра гэта было заяўлена падчас прэсавай канфэрэнцыі галоўнага дыетоляга Беларусі Юрыя Марахоўскага.

Паводле беларускага адмыслоўца, "калі жыхары Беларусі не перагледзяць сваіх харчовых паводзінаў і не павялічаць фізычную актыўнасьць, праз 15 гадоў у краіне будзе такая ж значная колькасьць людзей з залішняй вагой, што і ў ЗША".

Атлусьценьне і залішняя вага, якія прыводзяць да захворваньняў сардэчна-сасудзістай сыстэмы, апорна-рухальнага апарату, страўнікава-кішачнага тракту, а таксама раку, сёньня ў цэнтры ўвагі мэдыкаў многіх краін сьвету.
Дастаткова адзін раз у дзень - перад абедам. І не піце шмат на ноч, з раніцы будуць ацёк. ...

Як піша брытанскае спэцыялізаванае выданьне New Scientist, са спасылкай на апошнія дасьледаваньні дзьвюх незалежных груп навукоўцаў з Бразыліі ды ЗША, у чалавецтва ёсьць два шляхі, каб не пераядаць і адпаведна не таўсьцець. Гэта фізычная культура і вада.

Фізычныя практыкаваньні даюць пачуцьцё сытасьці


Паводле навукоўцаў, сталае пачуцьцё голаду найчасьцей ўзьнікае ў таўстуноў і абжораў. Выклікана гэта тым, што ў выніку пераяданьня ў арганізьме ўтвараецца лішак тлустых кіслот, якія ўзбуджаюць пэўны ўчастак галаўнога мозгу – гіпаталамус і ў выніку зьніжаюць усмоктваньне адказных за абменныя працэсы і пачуцьцё сытасьці гармонаў – лептыну ды інсуліну.

Аднавіць функцыі гармонаў і адпаведна зьнізіць апэтыт дапамагаюць фізычныя практыкаваньні, мяркуюць спэцыялісты ўнівэрсытэту бразыльскага гораду Кампінас. Працяглы час каманда навукоўцаў назірала за харчовымі паводзінамі тоўстых і худых пацукоў пасьля арганізаваных для іх нагрузак, якія назвала "трэніроўкамі".

Высьветлілася, што тоўстыя пацукі пасьля актыўнай дзейнасьці елі на 25% менш, чым да правядзеньня практыкаваньняў. Тым часам у паводзінах худых пацукоў ніякіх зьменаў адзначана не было. Навукоўцы таксама выявілі, што пасьля “трэніровак” у мозгу тоўстых грызуноў адрозна ад мозгу худых колькасьць адказных за пачуцьцё сытасьці супрацьзапаленчых бялкоў значна ўзрасла. У той жа час практыкаваньні не паўплывалі на апэтыт худых пацукоў, паколькі зь іх гіпаталамусам усё было ў норме.

Дзякуючы сталаму піцьцю эфэкт зьніжэньня вагі можа быць доўгатэрміновым


У чалавецтва ёсьць два шляхі, каб не пераядаць і адпаведна не таўсьцець. Гэта фізычная культура і вада...
Адначасна з вынаходніцтвам бразыльцаў выяўлены таксама эфэктыўны, аднак куды менш працаёмкі спосаб супраць пераяданьня. Амэрыканскія навукоўцы з унівэрсытэту ў Вірджыніі на падставе ўласных клінічных выпрабаваньняў прыйшлі да высновы, што на зьмену харчовых паводзінаў вельмі істотна ўплывае звычайная вада. Дасьледчыкі прапанавалі ўдзельнікам экспэрымэнту – 48 фізычна неактыўным амэрыканцам ва ўзросьце ад 55 да 75 гадоў – пасядзець цягам 12 тыдняў на нізкакалярыйнай дыеце. Харчовы рацыён жанчын-удзельніц быў зьніжаны да 1800 кілякалёрый у дзень, а мужчын – да 2200. Валянтэры таксама былі падзеленыя на дзьве групы. Першая выпівала па дзьве шклянкі звычайнай вады перад кожным прыёмам ежы. Другая – не. Тыя, хто выпіваў ваду скінулі ў сярэднім па 7 кг, тыя, хто гэтага не рабіў – па 5 кг. Пасьля піцьця вады, валянтэры адзначалі, што маюць куды меншае жаданьне есьці. У выніку штодзённы рацыён жанчын у гэтай групе з вадой зьнізіўся да 1200 калёрый, а мужчын да 1500. Навукоўцы прызнаюць, што эфэкт вады выкліканы тым, што яна фізычна запаўняе аб'ём страўніка. Акрамя таго, вада таксама разбаўляе ежу і такім чынам зьніжае яе калярыйнасьць. Дасьледчыкі таксама не выключаюць, што зьніжэньне вагі таксама зьвязанае з тым, што вадой была замененая такая традыцыйная для многіх амэрыканцаў вадкасьць як калярыйныя салодкія ці газаваныя напоі. У любым выпадку, настойваюць мэдыкі, такія напоі трэба жорстка лімітаваць у рацыёне.
Дыетолягі і тэрапэўты лічаць, што максымальная колькасьць вадкасьці ў дзень - не больш за тры літры, але і пажадана ня менш за два. ...

Безумоўна значным і важным вынікам працы арганізатары дасьледаваньняў называюць наступны: дзякуючы сталаму ўжываньню вады эфэкт зьніжэньня вагі можа быць доўгатэрміновым. Пасьля сканчэньня экспэрымэнту былым яго удзельнікам было дазволена есьць і піць тое, што яны хочуць. Тыя, хто працягваў піць ваду, пазьбягаў далейшага набору вагі, і нават згубіў цягам году прыкладна 700 г.
Нейкіх пабочных эфэктаў ад дадатковага спажываньня вады дасьледчыкі не выявілі.

Навукоўцы, аднак, настойліва нагадваюць, што занадта вялікая колькасьць вадкасьці можа прывесьці да воднай інтаксыкацыі і нават сьмерці, калі на працягу кароткага прамежку часу выпіваць дзесьці па 6-10 літраў. Усе дыетолягі і тэрапэўты кажуць, што максымальная колькасьць вадкасьці ў дзень - не больш за тры літры, але і пажадана ня менш за два.
Таксама не варта карыстацца «воднай» дыетай тым, у каго праблемы з ныркамі і сэрцам. Залішняя вадкасьць павялічвае нагрузку на гэтыя органы.
...

Беларускія мэдыкі, у сваю чаргу, цалкам падзяляюць парады заходніх дыетолягаў адносна ўжываньня чыстай вады, бо гэта паскарае абмен рэчываў. Большасьць айчынных тэрапэўтаў ужо даўно раяць сваім пацыентам выпіваць з самой раніцы шклянку вады. Тым ня менш, лічаць яны, піць па дзьве шклянкі перад кожным прыёмам ежы, можа быць і зашмат, асабліва тым, хто мае праблемы з сэрцам і ныркамі. Лепш па адной шклянцы раніцай і ў дзень, перад абедам. Піць ваду на ноч лекары ня раяць, бо з раніцы могуць зьявіцца ацёкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG