Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: вандалы на могілках


У Берасьці на каталіцкіх могілках па вуліцы Пушкінская невядомыя вандалы разбурылі 74 помнікі і надмагільлі. Могілкі зьяўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю. Актывісты Саюзу палякаў на Беларусі, а таксама Генэральны консул Польшчы ў Берасьці накіравалі з гэтай нагоды заяву ў міліцыю. Распачата сьледзтва.

Архітэктар Мікалай Уласюк кажа, што міліцыя магла б праявіць большую пільнасьць што да могілак. Для простых людзей помнікі сваім родным значна больш важныя, чым манумэнты партыйным лідэрам. Але вандалізм — гэта вынік ня толькі кепскай працы міліцыі, але і бездухоўнасьці грамадзтва. Прычына вандалізму, кажа архітэктар, — жаданьне моладзі пабавіцца. Тут няма нейкага сацыяльнага заказу, проста -- адчуваньне беспакаранасьці:

Мікалай Уласюк
"Я лічу, што гэта выбухі міны запаволенага дзеяньня. Яны былі закладзеныя яшчэ падчас разьвітога сацыялізму ў нашым грамадзтве, калі вынішчалася вера, духоўнасьць. За 20-30 гадоў міна выбухнула. Гэта -- жахлівыя плямы камунізму."

Пасьля паведамленьня пра акт вандалізму першымі каталіцкія могілкі наведалі прадстаўнікі польскага кансуляту. Генэральны консул Анна Навакоўска зрабіла фотаздымкі і накіравала заяву ў міліцыю. Гаворыць намесьніца старшыні Саюзу палякаў на Беларусі Ганна Панішава:

Ганна Панішава
"Адна са шматлікіх заяваў у міліцыю была накіраваная генэральным консулам польскага кансуляту Аннай Навакоўскай. Яна адна зь першых наведала могілкі і прыклала да заявы 74 фотаздымкі разьбітых надмагільляў."

Актывістка арганізацыі кажа, што на гэтых могілках акт вандалізму адбыўся ўпершыню. Могілкі былі прыведзеныя ў парадак у 2001 годзе. Да гэтага тут, амаль у цэнтры гораду, усё зарасло быльнягом. Анна Панішава кажа, што цяпер актывісты арганізацыі, вернікі касьцёлаў пачнуць прыводзіць могілкі ў парадак:

"Мы спадзяемся на дапамогу ўладаў. На дапамогу той структуры, якая апякуецца гэтымі могілкамі. Маем надзею, што да 2 лістапада пасьпеем навесьці парадак. Адновім зьнішчанае."

Могілкі ў цэнтры гораду зьяўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю. Самыя старыя надмагільлі паходзяць зь першай паловы 19 стагодзьдзя. Гаворыць Мікалай Уласюк, берасьцейскі архітэктар, дасьледчык гэтых могілак:

"Дакладная дата ўзьнікненьня гэтых могілак пакуль ня высьветлена. Самае старое надмагільле датуецца 1836 годам. Тут пахаваная як мясцовая эліта, так і простыя гараджане, каталікі. Шмат якія помнікі ўяўляюць сабою гісторыка-культурную каштоўнасьць. Некаторыя сапраўды зьяўляюцца шэдэўрамі."

Зусім непадалёк ад каталіцкіх могілак у Берасьці ў свой час існавалі і габрэйскія могілкі. Яны былі зьнішчаныя ўладамі. Цяпер там дарога.

Разьбіты крыж на могілках

Разьбіты крыж на могілках

Зламаны надмагільны крыж на могілках

Зруйнаваныя гранітныя надмагільнікі

Зруйнаваны надмагільнік

Зьнішчылі і мэталічныя надмагільнікі

Зламаны надмагільны крыж на могілках
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG