Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Завтра” аб’явіла анафэму тэлекілерам Лукашэнкі


Маскоўскае выданьне “Завтра”, якое выдаецца расейскім нацыянал-патрыётам Аляксандрам Праханавым, зьмясьціла ў сёньняшнім нумары сваю рэцэнзію на тэлесэрыял “НТВ” “Хросны бацька”.

У артыкуле Ўладзімера Осіпава “Анафэма “НТВ” накіраваныя супраць прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі фільмы называюцца “злосна паклёпніцкімі” і тым “прапагандысцкім бумэрангам, які немінуча вернецца да тых, хто яго запусьціў”. І тады, як адзначае аўтар, мала не падасца. “Ёсьць промысел Божы. І анафэма на галовы тэлевізійных "кілераў" разам зь іх заказчыкамі!”

Аўтар публікацыі называе беларускага кіраўніка “адзіным на постсавецкай прасторы дзяржаўным лідэра, які адкрыта прызнае нацыянальнай рэлігіяй хрысьціянства. У астатніх на розуме толькі "агульначалавечыя каштоўнасьці", якія вымяраюцца выключна ў далярах”.

Менавіта таму, гаворыцца ў артыкуле, "бацька" Лукашэнка, як празвалі яго беларусы, выклікаў лютасьць і нянавісьць усясьветнага закулісься, Брусэлю, Лёндану і Вашынгтону, а разам зь імі і расейскіх лібэралаў-антыхрысьціянаў”.

“Самы лёгкі спосаб скампрамэтаваць сучаснага палітыка — паказаць яго несправядліва нажытае багацьце, асабістыя палацы, вілы, катэджы, паведаміць аб астранамічных сумах на асабістых рахунках у швэйцарскім банку (ЦРУ тут ахвотна дапаможа). Але нічога падобнага ў "апошняга дыктатара Эўропы" няма… "Энтэвэшнікі" кусаюць локці: Лукашэнка — практычна адзіны некарумпаваны лідэр у "блізкім замежжы", ён нават частку прэзыдэнцкай зарплаты вяртае ў бюджэт”.

“Лукашэнка працуе, не пакладаючы рук, і сьпіць па 4-5 гадзін у суткі, працягвае Ўладзімер Осіпаў у сваё публікацыі. З раніцы, калі яшчэ цёмна, праглядае зводкі найважнейшых навінаў. І не дае задарма прыватызаваць аніводнае беларускае прадпрыемства. За тое, што Лукашэнка — гаспадар, сапраўдны гаспадар сваёй рэспублікі, а не хапуга і марнатравец, лібэралы ўсіх масьцей ненавідзяць яго яшчэ мацней. Затое ў нашых чыноўнікаў, як сьведчаць відавочцы, зацікаўленасьць да любой новай справы зьвязаная толькі з сумай, якая ляжа на іх асабісты рахунак у замежным банку”.

Таму, паводле аўтара, "энтэвэшнікі" ўзяліся за іншую тэму: маўляў, у Беларусі масава зьнікаюць людзі. І ня проста людзі, а менавіта тыя, хто крытыкаваў "бацьку" ... Доказы? А навошта яны патрэбныя? Хлусі бессаромна — лепш атрымаецца.

“У нас у Расеі штогод бясьсьледна зьнікае 30 тысяч чалавек. Гэта без уліку прыкладна такой ж колькасьці забітых. Аднак ніхто ня "вешае" гэтыя трупы на Пуціна і Мядзьведзева. Хіба што нямецкія дэмалібэралы. Памятаю, падчас візыту Пуціна ў Нямеччыну людзі стаялі з плякатамі, у якіх абвінавачвалі Уладзімера Уладзімеравіча ў гібелі журналісткі Паліткоўскай: яна ж яго крытыкавала ...”, — піша Ўладзімер Осіпаў і працягвае:

“Разважаюць пра нібыта ненармальнае каханьне прэзыдэнта да свайго маленькага сына. Выскачыў немаведама адкуль, як чорт з табакеркі, "псыхіятр" і пачынае гаварыць аб наяўнасьці ў выдатнага славянскага палітычнага лідэра "мазаічнай псыхапатыі", гэта такой, якая праяўляецца неяк фрагмэнтарна, "мазаічна". Тут жа паказваюць партрэт Сталіна: таксама, маўляў, псыхапатычную асобу, які з Лукашэнкам — блізьнюкі-браты “...

“Ня менш брыдка, калі Вярхоўнага галоўнакамандуючага ў год 65-годдзя Перамогі аб'яўляюць "псыхапатам" і ставяць на адну дошку з Гітлерам”.

“Гэта сорам і ганебшчына, калі інфармацыйную вайну аб'яўляюць апошняму і адзінаму саюзьніку Расеі! Думаюць, Лукашэнка апынецца ў ізаляцыі, ня зможа плаціць за "расейскія" нафту і газ? Не спадзявайцеся — сябры ў яго знойдуцца па ўсім сьвеце, ад Кубы да Кітаю. Яшчэ не ўвесь сьвет прадалі за даляры…”, піша аўтар публікацыі ў маскоўскім выданьні “Завтра”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG