Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Карупцыя там, дзе чыноўнікі кантралююць самі сябе"


У Берасьці міліцыянты перашкодзілі даць хабар памерам 150 мільёнаў рублёў, які прызначаўся прадстаўнікам кантрольных органаў. Паводле назіральнікаў, наступ сілавікоў на Камітэт дзяржкантролю на чале зь Зянонам Ломацем працягваецца.

Яшчэ не заціх скандал вакол арышту вядучага сьледчага Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў КДК Дзьмітрыя Адамовіча, як Камітэт дзяржкантролю аказаўся ўцягнуты ў новую гісторыю аб карупцыі. Паводле крыніцаў інтэрнэт-выданьня "Ежедневнік", ў Берасьці быў арыштаваны мясцовы жыхар, які рыхтаваў перадачу хабару адказным кантралёрам. Грошы мусілі паступіць ад двух дырэктараў мясцовых прадпрыемстваў. Называюцца закрытае акцыянэрнае прадпрыемства "Брэстаблрапс" і сумеснае прадпрыемства "Сельскагаспадарчыя паслугі". Нібыта раней правяраючыя выявілі істотныя парушэньні закону ў гэтых прадпрыемствах, і гэта пагражала іх кіраўнікам судом. Але знайшоўся чалавек, які прапанаваў перадаць кантралёрам "за вырашэньне пытаньня" хабар памерам 150 мільёнаў беларускіх рублёў. Паводле "Ежедневніка", падчас перадачы хабару пасярэдніку міліцыянты яго арыштавалі, і зараз пад пагрозай арышту апынуліся кіраўнікі кантралюючай структуры, якім былі адрасаваныя грошы.

Супрацоўнік прэсавай службы КДК Кірыл Данілаў на маю просьбу пацьвердзіць ці абвергнуць датычнасьць Дзяржкантролю да гэтай гісторыі адказаў, што "не валодае інфармацыя для мэдый на гэтую тэму". “Ці праўда, што на загад прэм'ера Сяргея Сідорскага супрацоўнікі Дзяржкантролю правяралі акцыянэрнае таварыства "Брэстаблрапс" адносна выкарыстаньня дзяржаўных сродкаў?” — задаў я супрацоўніку прэс-службы КДК яшчэ адно пытаньне. Спадар Данілаў адказаў у тым жа ключы: "Прабачце, але дадаць няма чаго, бо ў нас інфармацыі няма".

Паводле зьвестак, акцыянэрнае таварыства "Брэстаблрапс" некалькі гадоў таму абавязалася пабудаваць у Берасьцейскай вобласьці завод па вытворчасьці рапсавага алею. Фірме адмыслова аказалі грашовую дапамогу з бюджэту на закупку рапсавага зерня, але завод гэтак і ня быў пабудаваны, а зерне прадалі за мяжу. З гэтай прычыны дзейнасьцю "Брэстаблрапса" зацікавіўся Дзяржканроль, а прэм'ер Сяргей Сідорскі на адной з нарадаў загадаў перадаць матэрыялы праверкі ў праваахоўчыя органы. Зараз высьветлілася, што загад гэтак і ня выкананы. Па адной з вэрсій таму, што кантралёры адмыслова "зацягнулі" перадачу матэрыялаў, вымагаючы ў вінаватых бізнэсмэнаў хабар.

Тэлефон ЗАА "Брэстаблрапс", які я знайшоў па даведцы ў Берасьці, трывала маўчыць. Паводле прэсавай службы аблвыканкаму, такое прадпрыемства ўсё ж дзейнічае, але сапраўды рапсавы завод яно гэтак і не пабудавала.

Паводле журналіста Канстанціна Скуратовіча, які спэцыялізуецца ў пытаньнях сельскай гаспадаркі, гісторыя з засваеньнем у Беларусі рапсу — узорны прыклад таго, як карумпаваныя дзяржаўныя структуры здольныя пахаваць любую добрую ідэю.

"У нас жа ўсе кіруюць сельскай гаспадаркай, ад райсельгасхарчу да куратараў ва ўрадзе. Менавіта гэтую гісторыю складана камэнтаваць, але мая думка такая, што калі б было выгодна будаваць той завод, калі б быў попыт на гатовы прадукт, то яно б і зрабілася. На маёй памяці быў выпадак у 1999 годзе, калі тагачасны начальнік кіраўніцтва спраў прэзыдэнта Ціцянкоў вырашыў, каб у нас вырабляліся цыгарэты зь беларускага тытуню. На Берасьцейшчыне выбралі нейкі калгас, вырабілі там тытунь і прывезьлі на гарадзенскую фабрыку. Кажуць: вось рабіце цыгарэты. Яны за галаву схапіліся. Таму што ў нас няма магчымасьцяў для фэрмэнтацыі, для захаваньня. Сказалі, што іх усіх у турму пасадзяць, калі яны прымуць гэтую сыравіну...Тое самае з рапсам, магло быць што заўгодна".

Паводле аглядальніка Канстанціна Скуратовіча, у Беларусі болей за 100 чыноўнікаў кантралююць кошты на вырабы сельскай гаспадаркі. Гэта азначае, што няма сапраўднага рынку сельгаспрадукцыі, немагчыма вызначыць сапраўдны попыт, а таму ёсьць шырокае поле дзеяньняў для карупцыянэраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG