Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выкраданьне нявесты


Выходныя прайшлі ў рыданьнях над артыкулам журналіста “Звязды” Яўгена Валошына “ За жанчынай у Беларусь.Частка 2. У замежным шлюбе беларускі губляюць дзяцей і робяцца кухаркамі”. Ідэя тэксту і духоўныя далягляды аўтара напоўніцу вычэрпваюцца назвай, аднак сам факт з’яўленьня такога тэксту ёсьць знакам вельмі трывожнай тэндэнцыі.

Да гэтага моманту стартавай пляцоўкай у адкрыты космас для мяне заставаўся нарыс звяздоўскай жа зоркі Валянціны Доўнар пад назваю “Я не хачу даіць мужа”, любоўна перадрукаваны “Нашай Нівай” летам 2007 года. Чамусьці здавалася, што ідэі такога кшталту ўкаранёныя ў светапоглядзе людзей, для якіх жалезная заслона мае не фізычнае, а чыста фізіялягічнае выяўленьне. Аднак не – расьце маладая зьмена, гатовая як табліцу множаньня паўтараць, прапагандаваць і ператвараць у жыцьцё кодэкс патрыятычнай вернасьці жанчыны.

Фактычная сутнасцьь артыкула Я.Валошына ў тым, што за мінулы год толькі ў Беларусі быў зарэгістраваны 5 181 інтэрнацыянальны шлюб. Калі ўлічыць, што ўсяго за год было заключана 78 000 шлюбаў, лічба не такая вялікая. Аднак боль журналіста як раз у тым, што “лічба адтоку з краіны найлепшых нявестаў як мінімум істотная”.

Можна накласьці гэтыя дадзеныя на іншую статыстыку: кожны пяты беларус жадае пакінуць радзіму (па гэтым паказьніку Беларусь займае трэцяе месца сярод краінаў СНД) і кожны шосты з жадаючых – робіць гэта з матэрыяльных прычынаў. Ва ўяўленьні беларускі афіцыйны шлюб з замежнікам вырашае ўсе наяўныя праблемы – яна звычайна мае ілюзію, што апроч матэрыяльнага дабрабыту яна адразу атрымлівае ўсе правы (і абавязкі!) грамадзянкі іншай краіны. Да таго ж замуж -- та ўсё адно трэба, таму абсалютна лягічна засяродзіць свае жыцьцёвыя памкненьні на пошуках добрай партыі.

Аднак радзіма катэгарычна супраць экспарту нявестаў. Перад яе вачыма зусім іншыя лічбы: толькі за гэты год колькасьць беларусаў скарацілася на 11 000 чалавек, а за 15 апошніх гадоў – на 850 000. У змаганьні за будучыню народа і нацыі выкарыстоўваюцца самыя розныя сродкі, большасьць з якіх скіраваная, канечне, на ўтрыманьне залатога запасу – жанчын фэртыльнага ўзросту і дзяцей. Сунімаючы ахвоту насельніцтва да перамены месцаў, найбольшыя высілкі юрыстаў і прапагандыстаў кінутыя як раз на тое, каб распавесьці, якім жахлівым можа аказацца для беларускі замежны шлюб, а для беларускага дзіця – аздараўленьне ў замежнай сям’і. Паставіўшы перад замежнымі гасьцямі максымум перашкодаў у выглядзе самых дарагіх візаў, ідыёцкай працэдуры рэгістрацыі і не выпускаючы дзяцей паглядзець на мора, чыноўнікі зрабілі як трэ – са свайго боку зашчоўкнулі на жанчыне “пояс вернасьці”.

Але нішто не параўнаць з гульнямі розуму нанятых ці, што яшчэ горш, дабравольных вартаўнікоў патрыятычнай цнатлівасьці, якія простай мовай тлумачаць народу, што у нашай вёсцы “тожа адна дзевушка выйшла замуж за галандца” і пра гэта нават пісалі ў газэтах.

І вось беларуская дзяўчына – чыстая і сьветлая, апранутая ў белую сарочку Аршанскага льнокамбіната, (ўласнаручна вышываную чырвонай ніткай), альбо ў самапашытым ліцьвінскім касьцюме, з касою да пояса, ці валасамі, што вольна спадаюць у адпаведнасьці з паганскімі звычаямі; яе падпахі, лабок і лыткі пакрытыя стопрацэнтна натуральнай расліннасьцю; яе вусны ня ведаюць касмэтыкі таксама як і ніводнага замежнага слова па-за школьнай праграмай – па расістым ранішнім палетку яна спяшаецца на Дажынкі ці на пазачарговы з’езд Моладзі БНФ. І тут з-за куста да яе цягне свае валасатыя рукі хцівы іранец, ліванец, немец – карацей, жыд! -- ён хоча забраць яе ў свой прадажны край макдональдсаў і кока-колы, там ён будзе прымушаць яе мыць посуд і падлогу, нараджаць яму дзяцей і глядзець ягоных бацькоў, а хто ж тады будзе ўсё гэта рабіць тут?!

У грамадзтве, дзе сэксуальная эксплюатацыя жанчыны фактычна ёсьць сацыяльнай нормай, мы кожны дзень робімся сьведкамі і ўдзельнікамі дзікага старажытнага абраду – выкраданьня нявесты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG