Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Гайдукевіч ідзе кандыдатам у прэзыдэнты


Грае дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. ЛДП
Грае дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. ЛДП
21 жніўня старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч публічна заявіў пра свой намер удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах, якія, на яго думку, адбудуцца ўжо ў сьнежні 2010 года. На Кангрэсе ЛДБ было абвешчана, што ўжо створана ініцыятыўная група колькасьцю 8060 чалавек, якая здольная сабраць аж 3 мільёны подпісаў за вылучэньне Гайдукевіча кандыдатам у прэзыдэнты.

У працы Кангрэса бралі ўдзел каля 500 дэлегатаў з усіх абласьцей Беларусі, прысутнічалі амбасадары Вялікай Брытаніі, Казахстану, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, артысты. Атмасфэра надзвычай разьняволеная, тут не было выступаў з трыбуны. Сам Гайдукевіч хадзіў з мікрафонам па сцэне і размаўляў з народам з жартачкамі. Першы намесьнік старшыні партыі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Анатоль Хішчанка паведаміў, што ўжо створана ініцыятыўная група, у якой 8060 чалавек. І такой камандзе 100 тысяч подпісаў без праблем сабраць за адзін дзень! Усяго магчыма сабраць 3 мільёны, але так багата ня трэба.

Лідэр ЛДП Сяргей Гайдукевіч кажа:

"Партыя рэальна можа сабраць вялікую колькасьць подпісаў. Таму я ня ведаю, як цяперашняя ўлада будзе з гэтым змагацца, але будзе выстаўлены "экзыт-пол", упершыню ў Рэспубліцы Беларусь, і нам ніхто ня зможа перашкодзіць. Таму дакладныя вынікі выбараў будуць".

Па словах Гайдукевіча, ЛДП на сёньняшні дзень – самая моцная партыя ў Беларусі, у яе шэрагах больш за 40 тысяч сяброў. Ён не выключае, што на маючых адбыцца выбарах іншыя палітычныя сілы краіны ня здолеюць вылучыць сваіх кандыдатаў:
я мяркую, што магу застацца сам-насам з Лукашэнкам ...

"Як ні крыўдна, мы застаемся на выбарах адны. Тых, хто называе сябе аб'яднанай дэмакратычнай апазыцыяй, на сёньня проста няма. Хтосьці ў гэтым ня хоча прызнавацца, хтосьці гэтага ня хоча бачыць, але ж рэаліі такія! Ужо 21 жніўня, і няма ніводнага рэальнага кандыдата. Таму, натуральна, я мяркую, што магу застацца сам-насам з Лукашэнкам. А пры такой сытуацыі я укладваю пад сябе ня проста фундамэнт, ня проста шанец, а значна болей".

Шмат гаварылі пра эўрапейскі і расейскі вэктары, пра сёньняшнюю сытуацыю ў эканоміцы Беларусі, крытыкавалі дзеяньні ўлады. Спадар Гайдукевіч заявіў, што "ЛДП выступае за адзіную валюту з Расеяй. Калі б Беларусь перайшла на адзую валюту, то энэргарэсурсы былі для яе па ўнутраных цэнах Расеі". Лідэр партыі падкрэсьліў, што "сувэрэнітэт Беларусі трэба шукаць у Расеі". І ў Эўропу "Беларусь павінна ісьці разам з Расеяй".

Намесьнік Гайдукевіча Ўладзіслаў Касарэнка выступіў з аналізам эканамічнай сытуацыі:

"Зараз палітыка будуецца на пазыках. Але куды зьнешнія пазыкі ідуць? На іх трэба разьвіваць сучасную вытворчасьць, што адпавядае самым сучасным усясьветным стандартам. А ў Беларусі на іх будуюцца выключна аб'екты сацкультбыту, лядовыя палацы".

Выступоўцы на Кангрэсе былі вельмі трапныя і вясёлыя. Малады чалавек, спартовец, параўнаў прэзыдэнцкую кампанію з футболам:

"Гэта наш капітан, ён жа і гуляючы трэнэр, ён жа і брамнік – Сяргей Васільевіч. Вышэйшая рада партыі – гэта наша абарона. І гэтая абарона – я перакананы на ўсе 100% -- яна не прапусьціць на гэтых выбарах ніводнага мяча. Але калі не прапусьціць, як перамагчы? Трэба забіваць, і як мага больш забіваць. Па колькасьці удзельнікаў кангрэсу, па колькасьці ініцыятыўнай групы, на маю думку, мы ўжо пачынаем выйграваць".

Гумарыст Яўген Крыжаноўскі, які раней таксама выказваў жаданьне баляітавацца ў прэзыдэнты, зараз у камандзе Гайдукевіча:

"Я сам не магу балятацца, таму што нарадзіўся не ў Беларусі, а ва Ўкраіне. Але нічога страшнага. Тое, што я побач з кандыдатам у прэзыдэнты спадаром Гайдукевічам, ужо добра. Настроены толькі на перамогу! Зараз вельмі цікавы час для партыяй. І як сказаў Гайдукевіч, перамога будзе за намі".

Удзельнікі Кангрэсу, запрошаныя госьці атрымалі ў падарунак пакунак з партрэтам Гайдукевіча, у якім друкаваная прадукцыя і пляшка гарэлкі "Гайдукевіч":

"Перад прэзыдэнцкімі выбарамі казаць пра сваё паходжаньне проста так лічылася б пахвальбой. Калі пытаюцца ў мяне: "Чаму гарэлка?" Я тлумачу, што на этыкетцы герб майго роду, у мяне ёсьць доказы – граматы, усе дакумэнты, пацьверджаньні. Гэта сапраўдная гарэлка, вырабленая на "Крышталі", з усімі атрыбутамі, і нават з акцызнай маркай".

Сяргей Гайдукевіч ужо двойчы удзельнічаў у прэзыдэнцкіх кампаніях – у 2001 і 2006 гадах.


Ліберальна-дэмакратычная партыя прэзэнтавала гарэлку "Гайдукевич"

Сяргей Гайдукевіч

На кангрэсе прысутнічаў сябра ЛДП Яўген Крыжаноўскі

З эўрапейскіх амбасадараў прысутнічала амбасадарка Вялікай Брытаніі Розмары Томас

Кангрэс доўга не зацягнуўся
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG