Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва надалей пярэчыць супраць беларускай АЭС


Пярэчаньні супраць будаўніцтва беларускай АЭС захоўваюцца ў Літвы, паведаміў начальнік упраўленьня дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Аляксандр Андрэеў.


Як падае БелаПАН, чыноўнік сказаў, што спэцыялісты Літвы не жадаюць згаджацца з тым, што беларускую АЭС плянуецца будаваць "так блізка" ад літоўскай мяжы. Яны лічаць, што неабходныя дадатковыя сустрэчы зь беларускімі спэцыялістамі з абмеркаваньнем дэталяў праекту АЭС і магчымага ўплыву станцыі на экалёгію.

Аднак, як заявіў Андрэеў, беларускі бок лічыць, што дадатковых сустрэч зь Літвой не патрабуецца. "Усе міжнародныя нарматывы Беларусьсю захаваныя. Да нас няма ніякіх пытаньняў", – заявіў ён.

Андрэеў згадаў аб тым, што Вісагінская АЭС у Літве разьмешчана за 2 км. 300 м. ад мяжы зь Беларусьсю, а беларускую АЭС плянуецца разьмясьціць на больш аддаленай адлегласьці ў 30 км. "Таму я ім сказаў на кансультацыі: прабачце, двайных стандартаў быць ня можа, ёсьць адзіны стандарт. Вы лічыце нармальным 2 км. 300 мэтраў, тады лічыце і 30 км. нармальнымі", – адзначыў Андрэеў.

Спэцыяліст Мінпрыроды таксама прызнаў, што супраць будаўніцтва беларускай АЭС пярэчыць грамадзкасьць як у Літве, так і ў Аўстрыі і Ўкраіне. "Гэта іх права пярэчыць. Грамадзкасьць супраць вельмі шмат чаго пярэчыць, але зноў аргумэнтацыі няма. Яны пярэчаць проста супраць атамнай энэргетыкі, але ўвесь сьвет яе разьвівае, чаму Беларусь не павінна яе разьвіваць", – заключыў Андрэеў.

Паводле меркаваньня шэрагу экспэртаў, разгарнуўшы будаўніцтва АЭС у Астравецкім раёне, Менск рызыкуе пагоршыць дачыненьні зь Вільняй, які сёньня зьяўляецца ледзь не адзіным правадніком беларускіх інтарэсаў у Эўразьвязе.

Акрамя таго, адзначаюць аналітыкі, пабудова АЭС каля літоўскіх межаў можа нашкодзіць іншым актуальным для Беларусі праектам — такім, як пляны па перавалцы нафты праз Клайпедзкі порт і будаўніцтве ў Клайпедзе тэрміналу па перавалцы звадкаванага прыроднага газу.

Паводле зьвестак інфармаваных крыніц, Вільня ужо намякала Беларусі на сувязь гэтых праектаў зь пераносам пляцоўкі пад АЭС у іншае месца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG