Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перад стартам да “Эўра-2012” беларусы выйгралі ў літоўцаў


Напярэдадні старту ў чарговым адборачным турніры да чэмпіянату Эўропы — 2012, які праз два гады пройдзе ў Польшчы і Ўкраіне, зборная Беларусі згуляла ў Коўне таварыскую сустрэчу з нацыянальнай камандай Літвы. Перамога Беларусі — 0:2.

Дублем на 49-й і 90-й хвілінах сустрэчы адзначыўся паўабаронца зборнай Беларусі Вячаслаў Глеб. Гульня, асабліва ў другім тайме, праходзіла пад дыктоўку беларусаў, аднак абедзьве каманды адзначыліся проста «парадам» памылак. Дзеля справядлівасьці, у гаспадароў былі моманты, каб лік прынамсі зраўняць.

Нагадаем, што 3 верасьня выхаванцы галоўнага трэнэра зборнай Беларусі, нямецкага спэцыяліста Бэрнда Штанге, выправяцца ў Парыж, дзе на знакамітым «Стад дэ Франс» згуляюць свой першы матч у турніры. Супэрнікам — каманда Францыі.

Чэмпіёны сьвету і Эўропы ўчыстую правалілі нядаўняе ўсясьветнае першынства ў Паўднёва-Афрыканскай рэспубліцы, заняўшы апошняе месца ў падгрупе. Затое па колькасьці скандалаў унутры калектыву французы ўпэўнена абышлі ўсіх.

Пасьля вяртаньня на радзіму галоўны трэнэр Раймон Дамінэк і гульцы былі выкліканыя «на дыван» да прэзыдэнта Францыі Нікаля Сарказі. Неўзабаве Дамінэк быў выпраўлены ў адстаўку, а склад каманды пацярпеў значныя кадравыя зьмены.

Пры такіх неспрыяльных для каманды Францыі варунках зборная Беларусі разьлічвае на станоўчы для сябе вынік матчу.
XS
SM
MD
LG