Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ахвяры анамальнай сьпёкі


У Беларусі зафіксаванае падвышэньне сьмяротнасьці ў выніку анамальнай сьпёкі. Мэдыкі перадусім адзначаюць выпадкі сьмерці людзей сталага веку, а таксама павелічэньне колькасьці тапельцаў.

Яшчэ напачатку ліпеня падчас 35-градуснай сьпёкі ў маршрутнай таксоўцы ў Менску ад сардэчнай недастатковасьці памёр 60-гадовы грамадзянін Расеі. Сьмерць ад сардэчнага захворваньня, паводле папярэдняй інфармацыі, днямі напаткала кіроўцу аўтамабіля на вуліцы Максіма Багдановіча. Абвастрэньне захворваньняў, выкліканых сьпёкай, і сьмерць пасьля гэтага мэдыкі канстатавалі і ў іншых выпадках, кажа намесьнік галоўнага ўрача менскага шпіталя хуткай дапамогі Ігар Грыгор'еў:

"Я ведаю пра сьмяротнасьць сталых людзей дома — не вытрымліваюць такую сьпёку старыя людзі — гэта ёсьць. Што тычыцца лічбаў, каб паводле колькасьці пацыентаў, што да нас паступаюць, каб нейкі быў рост, то гэтага мы асабліва не заўважаем. Месцаў у нас дастаткова — каля сотні вольных месцаў".

Аднак абвастрэньне захворваньняў і наступную сьмяротнасьць наўпрост са сьпякотным надвор'ем афіцыйна мэдыкі ня зьвязваюць і такой статыстыкі не вядуць. Апэратыўныя брыгады хуткай дапамогі перадусім заклапочаныя вялікай колькасьцю тапельцаў, кажа загадчык аддзяленьня станцыі хуткай дапамогі Мікалай Стрэльскі:
У тыя дні, калі было вельмі сьпякотна, нас больш цікавіла, як своечасова выехаць і дапамагчы падчас тапленьня.

"Дзесьці адсоткаў на 2—3 усяго было зафіксавана павышэньне колькасьці зваротаў. Гэта магло быць з розных прычын, але наўпроставай сувязі са сьпёкай я ня бачу. Таксама канстатаваць, што сьмерць была вынікам сьпякотнага надвор'я, можа толькі судова-мэдычная экспэртыза, мы гэтага ня робім. У тыя дні, калі было вельмі сьпякотна, нас больш цікавіла, як своечасова выехаць і дапамагчы падчас тапленьня. У нас на ўчорашні дзень было 43 такія тапельцы".

Загадчыца гарадзкога аддзелу ЗАГС Ірына Кухарчык паведаміла, што колькасьць зарэгістраваных сьмерцяў у сёлетнім ліпені істотна не адрозьніваецца ад колькасьці памерлых у мінулыя гады — 1607 чалавек. Аднак колькасьць пахаваньняў на менскіх могілках у ліпені гэтага году адносна чэрвеня павялічылася на 107 выпадкаў — з 1076 да 1183, паведаміла загадчыца цэху рытуальных паслуг менскага "Спэцкамбінату" Алена Шымановіч:

"У нас было шмат, шмат пахаваньняў — нават паводле лічбаў відаць, што ў ліпені было больш, чым у чэрвені. Таксама шмат тапельцаў было. Але ўсяго ў нас усім хапіла — усіх хавалі і не было ніякіх праблем".

Як паведамілі ў Беларускім таварыстве выратаваньня на вадзе, толькі за мінулы тыдзень — з 2 да 9 жніўня — на рэках і вадаёмах краіны патанулі 54 чалавекі. Усяго ад пачатку ліпеня патанулі 437 чалавек. 82% тапельцаў былі ў стане алькагольнага ап'яненьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG