Нягледзячы на анамальную тэмпэратуру, у фэрмэра Ўладзімера Матусевіча ўсё буяе — і ў полі, і ў цяпліцах. Гаспадарка спэцыялізуецца на тым, чым астатнія і займацца ня хочуць — маўляў, драбяза, аб якую і пэцкацца ня варта: сельдэрэй, шпінат, кроп, цыбуля, практычна ўсе гатункі капусты. Якімі культурамі найбольш задаволены гаспадар? Што ўрадзіла і дае прыбытак?
«Задаволены чым? Зараз у горадзе горача (хоць я, праўда, рэдка там бываю), дык што людзі ядуць? Давай ім халаднік. То бок — давай цыбулю, давай кроп. Таму зараз лепш саджаць той ж самы кроп, які разыходзіцца ўмомант. Прыкладам, два тыдні таму аптовая цана кропу была 10–15 тысяч за кіляграм. Гэта вельмі многа. Або цыбуля — саджаю на восень і на зіму. Уся разыходзіцца».
Карэспандэнт: «То бок усё бяз форс-мажору? Ці ўсё ж „падгараеце“?»
«Ну чаму? Падгараю таксама. У мяне дзьве партыі пэкінскай капусты ня справіліся з такой гарачынёй. Яны вырасьлі, але проста спарыліся. На гэтым тыдні пляную пасадзіць яшчэ адну партыю з разьлікам атрымаць нешта на восень. Таму таксама ёсьць праблемы. Але штосьці адно не атрымліваецца, дык іншым перакрываецца. Стараемся ўсё нейкім чынам кампэнсаваць».
Спадар Уладзімер кажа, што менскаму рэгіёну з надвор’ем яшчэ адносна пашанцавала. Іншыя калегі працуюць у нашмат больш экстрэмальных умовах:
"Яшчэ будзем глядзець, што нам Бог дасьць, колькі ў нас яшчэ пратрымаецца гэтая засуха. Сам добра ведаю па сваім рынку, па сваёй прадукцыі: у нас ёсьць раёны, ёсьць канкурэнты. Яны вырошчваюць такую ж прадукцыю ў Берасьцейскай вобласьці, у прыватнасьці — на Піншчыне, дык у іх там шмат чаго пагарэла. І да мяне зьвярталіся мае канкурэнты, якія працуюць ужо дзясяткамі гадоў і ў якіх ёсьць пэўныя абавязаньні па пастаўках, але яны ня могуць іх выканаць. Адзін пінскі прадпрымальнік прыяжджаў да мяне, да канкурэнта, прасіў дапамагчы, бо ня можа закрыць свае дамовы. І браў у мяне, таму што ў Пінску ўсё пагарэла. Гэтаксама і Гомельская вобласьць падгарае, і Магілёўшчына. Меншчына і захад Беларусі яшчэ ў больш спрыяльных умовах знаходзяцца, а ў тым жа Гомелі, Магілёве да 37 градусаў даходзіць. Таму ў цэлым па Беларусі таксама праблемы ёсьць«.
І ўсё ж ці атрымае Беларусь выгаду зь цяперашняй сытуацыі? У суседняй Расеі афіцыйна заяўлена, што страты збожжавых ад засухі перавысяць 40% у параўнаньні з папярэднім годам. У Беларусі агульнае зьніжэньне не такое істотнае, таму, як лічыць спадар Матусевіч, спадзяваньні на прыбытак ёсьць:
«Бясспрэчна, гэты момант мы скарыстаем і атрымаем выгаду. У нас няма нафты, няма газу, як у Расеі. Гэта Масква можа купіць за энэргарэсурсы любы прадукт, яна гэтым заўсёды карысталася, а таму так ставілася да сваёй сельскай гаспадаркі — у Крамлі ведалі, што з голаду Расея не памрэ. Гэта нам грошы трэба здабываць. І калі нам даў Бог такую прыроду, такую зямлю, то мы павінны мець выгаду менавіта з гэтага. Усё ж у нас сёлета і збожжа зьбяруць хоць трохі і меней, але ўсё роўна будзе запас, які можна прадаць за мяжу. Тое ж па мясе, па малаку. Зараз і Анішчанка, можа, ня так будзе ставіцца да санітарных нормаў, таму што і ў Эўропе ёсьць праблемы, дый увогуле на ўсясьветным рынку з пшаніцай, з гароднінай праблемы — як з-за засухі, так і з-за залеваў. Таму мы атрымаем з гэтага выгаду. Прынамсі, павінны атрымаць, бо прадукты харчаваньня заўсёды будуць у цане».
Што засмучае спадара Матусевіча, дык гэта па-ранейшаму грэблівае стаўленьне дзяржавы да прыватніка. На думку фэрмэра з больш як 20-гадовым стажам, менавіта такая непралічаная пазыцыя ўжо прывяла да таго, што многія рынкі для Беларусі аказаліся фактычна заблякаваныя:
«Да мяне наўпрост на поле прыяжджалі фуры з Мурманску, Масквы, Піцеру. Мы ім прадавалі капусту, грузілі і адпраўлялі. А потым Лукашэнка павёў іншую лінію. Ён і зараз няправільную палітыку вядзе, усё забараняючы. І гэтая палітыка выходзіць бокам, бо нашы рынкі ў той жа Расеі ўжо занялі прыбалты, кітайцы. Хто толькі не глядзіць на аграмадную Расею, дзе нафтадаляры ёсьць, а харчаваньня свайго не хапае, сельская гаспадарка ў заняпадзе. А Лукашэнка пастаянна шарахаецца. Некалькі гадоў таму, калі ў Маскве стаялі эшалёны з цукрам і Расея выкручвала нам рукі, ён дазволіў камэрсантам гандляваць цукрам. А цяпер, калі ўсясьветныя кошты ўзрасьлі — усіх адкінуў, будзе прадаваць сам. Гэтак жа з трактарамі, зь іншымі „жалезкамі“. Раней забараніў да трактароў падыходзіць, гандляваць, а прыйшоў час, і ў Расеі падымаюцца свае трактарныя заводы. Наша тэхніка нікому не патрэбная. Заваленыя тэрыторыі трактарамі, МАЗамі, аўтобусамі. Зараз зноў гатовы аддаць прыватніку: давайце, разгружайце склады, бо пад лёзунгам разгрузкі складоў нібыта дазволена. Але як што-небудзь дзяржаве выгадна, ён прыватніка адразу адмятае».
Звычайна Ўладзімер Матусевіч цэлымі днямі прападае ў полі, але ў выходныя не забываецца пра сваё старое захапленьне — кветкі. Уся тэрыторыя маёнтка патанае ў разнастайнай флёры, якая вымагае ці не такога ж клопату, як і гектары з капустай.