Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як улады хацелі дэмантаваць помнік Ларысе Геніюш


9 жніўня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэньня Ларысы Геніюш — легенды беларускай паэзіі, грамадзянкі БНР, вязьня ГУЛАГу, ахвярнай хрысьціянкі і вольнага голасу любові да Зэльвы, Нёману, Беларусі, які ўвесь жнівень гучыць на хвалях «Свабоды». Штодня — невядомыя фатаздымкі, унікальныя аўдыёзапісы, гісторыі і апокрыфы з жыцьця паэткі.



Помнік Ларысе Геніюш. Аўтар — Міхась Інькоў.
Ідэя ўсталяваць у Зэльве помнік Ларысе Геніюш была ўпершыню агучаная на старонках часопісу «Полацак» у 1996 годзе. Да яе з прыхільнасьцю паставілася беларуская дыяспара, распачаўся збор сродкаў.

Аргкамітэт пісьмова зьвярнуўся ў Зэльвенскі райвыканкам з просьбай вызначыць месца пад помнік, над якім заканчваў працу скульптар Міхась Інькоў — нараджэнец Зэльвы. Неўзабаве прыйшоў адказ: «Раённы выканаўчы камітэт вырашыў дазволіць устаноўку бюста Ларысы Геніюш па вуліцы Савецкай, у сквэры перад будынкам былога пасялковага Савету дэпутатаў за сродкі аргкамітэту».

Перапоўнены радаснымі пачуцьцямі, я паехаў у Зэльву. Разам са старшынём райвыканкаму Віктарам Будрэвічам мы агледзелі вызначанае месца (акурат насупраць хаты, дзе жылі Янка і Ларыса Геніюшы). Памятаю, зь якім энтузіязмам старшыня вымерваў крокамі пляцоўку, прыкідваў, дзе і як разьмясьціць клюмбы, якія словы ад удзячных нашчадкаў напісаць на пастамэнце.

Ня ведаю, наколькі самастойным быў на той час райвыканкам у прыняцьці рашэньняў. Але праз пэўны час я атрымаў з Зэльвы другі ліст, зь якога вынікала, што раённая ўлада «перавырашыла» сваё ж рашэньне і адклала ўзьвядзеньне помніка да прыняцьця адпаведнай пастановы Савету Міністраў.

На гэтым справа з помнікам мела ўсе шанцы завіснуць у паветры да лепшых часоў. І яна ледзь не завісла. Прайшлі гады, і ініцыятыву ўзяў на сябе старшыня менскага клюбу «Спадчына» Анатоль Белы. Ён дамогся аўдыенцыі ў мітрапаліта Філарэта, падаў яму чалабітную і атрымаў на ёй рэзалюцыю Ўладыкі: «Бог благословит доброе начинание. 2.12.2002».

З рэзалюцыяй у кішэні, прыхапіўшы неабходнае начыньне і сам бюст, Анатоль Белы ў той жа дзень паімчаўся ў Зэльву. Празь дзьве гадзіны помнік ужо стаяў на царкоўным цьвінтары. Такіх «буры і націску» мясцовыя ўлады аніяк не чакалі. Раніцай наступнага дня настаяцель зэльвенскай Сьвята-Троіцкай царквы айцец Аляксандар быў выкліканы ў райвыканкам. Ва ўльтыматыўнай форме яму было загадана цягам трох дзён дэмантаваць помнік. Сьвятар паказаў чыноўнікам дабраславеньне Філярэта і сказаў, што такога ж дабраславеньня на дэмантаж ня мае. Улады заняліся «вывучэньнем сытуацыі». Асабліва настойвала на зносе помніка тагачасная загадчыца ўпраўленьня культуры Гарадзенскага аблвыканкаму Марыя Бірукова.

Уявіўшы бульдозэр на царкоўным цьвінтары, я факсам перадаў у Зэльву ліст-пратэст, у якім гаварылася, што «разбурэньне асьвечанага па ўсіх праваслаўных канонах помніка станецца беспрэцэндэнтным актам вандалізму і выкліча абурэньне грамадзянаў Беларусі і розгалас па ўсім сьвеце». Сярод іншых ліст падпісалі народныя пісьменьнікі Янка Брыль, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, акадэмік Радзім Гарэцкі.

Ліст разглядаўся на паседжаньні выканкаму, якім кіраваў ужо другі старшыня — Леанід Эльяшэвіч. Ён не захацеў застацца ў найноўшай гісторыі Беларусі руйнавальнікам помніка Ларысе Геніюш. Скажам за гэта дзякуй і яму, і мітрапаліту Філарэту, які заўсёды з належнай павагай ставіўся да памяці вялікай паэткі і хрысьціянкі.

Помнік і сёньня стаіць у ахоўным полі царквы, нібы прывячае ўсіх вернікаў перад багаслужбай. На правым ягоным крыле — выява Пагоні, а на пастамэнце — тры словы, якія гучалі калісьці ў малітве вязьняў ГУЛАГу: «Божа, барані Беларусь!».

Ларыса Геніюш. «Зноў вясна. Ладзяць гнёзды бусьліхі…»
Зноў вясна. Ладзяць гнёзды бусьліхі,
І Пэгасы вушамі стрыгуць.
Мой Пэгас наравісты крыху.
Што ж, за нораў Пэгасаў б’юць.

Неразумны наш век барадаты:
Куды ехаць — Пэгасу відней!
Ён ня змыліць дарогі дахаты,
лейцы б толькі пусьціць вальней.

Хай ляціць! Нат вышэй хмараў носіць,
З шэрых будняў выкраша агонь,
Бо Пэгас — не ламавая кося,
Алімпійскі, няскораны конь.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG