Дзяўчына: "Не, я сама вучуся, атрымліваю другую вышэйшую адукацыю платным чынам, і я лічу, што гэта ня вельмі дорага. Плачу паўтара мільёна за год. Я працую, мне гэта прасьцей. Я калі паступала, мне не хапіла паўбала, і я была перад выбарам, праблематычна было. Але я думаю, што цяпер лепей, чымьсці раней было, таму што ў цябе ёсьць больш магчымасьцяў атрымаць адукацыю".
Студэнт: "Дорага, адназначна дорага. Я вучуся ў каледжы завочна, плачу васямсот тысяч за год. Далей буду вучыцца на платным, а што застаецца рабіць? Сам працую, сам плачу".
Спадарыня: "З аднаго боку, канечне, гэта дорага. З другога боку, ёсьць магчымасьць атрымаць адукацыю тую, якую ты хочаш, а ня там, куды ты можаш улезьці на бясплатнае…"
Студэнтка: "Я сама вучуся ў платным інстытуце, у Беларускім інстытуце правазнаўства, ён платны ў любым разе. Канечне, хацелася б, каб было болей бясплатных месцаў. Ёсьць шмат разумных, адораных дзяцей, якія ня маюць магчымасьці пайсьці на платнае, бо ў бацькоў папросту няма грошай аплочваць вучобу. Я плачу за сябе сама, я ўжо дарослая. А ўвогуле цяжка вучыцца на платным".
Дзяўчына: "Я яшчэ не студэнтка, але ведаю, што ў мяне будзе магчымасьць толькі на платным вучыцца. І я спадзяюся толькі на сябе".
Малады спадар: "Платная вучоба? Правільна, я лічу. Ёсьць жа бюджэтныя месцы, таму кожны павінен імкнуцца вучыцца ў школе добра. А калі ўсё бясплатна будзе, стымулу ня будзе".
Малады спадар: "Правільна гэта, толькі трэба людзям заробкі большыя плаціць, каб яны маглі, атрымаўшы адукацыю, гэтыя грошы цягам літаральна пары гадоў адрабіць, якія выдаткавалі на адукацыю".
Спадар: "Я думаю, што так павінна быць. Таму што бясплатнага ўвогуле нічога не павінна быць. А калі чалавек таленавіты, яму павінна даплочваць дзяржава, павінны быць спонсары, фонды".
Спадар: "Я лічу: тое, што апошнім часам столькі платных ВНУ — гэта дрэнна. Таму што дзеці плацяць аграмадныя грошы і выходзяць, па сутнасьці, не спэцыялістамі. Раней у дыплёме было напісана "юрыст", а цяпер — "мэнэджэр", "мэнэджэр-эканаміст", але, заплаціўшы вялікія грошы, яны потым шукаюць працу. Я часта сутыкаюся з выпускнікамі, пытаюся — колькі грошай яны заплацілі? І вось за год плацяць паўтысячы ці тысячу даляраў, ад бацькоў узялі, а потым яны шукаюць працу на трыста даляраў, чатырыста. Атрымліваецца парадокс".