Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зачараваньне стылю


Зянон Пазьняк, фота Юліі Дарашкевіч
Зянон Пазьняк, фота Юліі Дарашкевіч
Добрая фатаграфія – штотыднёвае эсэ пра выбраныя творы беларускага і сусьветнага фотамастацтва.

Францускі фотамастак Жак Анры Лярціг пражыў 92 гады (1894-1986), але вядомасьць і потым славу ён атрымаў толькі ў 69. Да гэтага яго амаль ніхто ня ведаў, хаця фатаграфаваць ён пачаў з шасьцігадовага ўзросту бацькавым фотаапаратам. Ён фатаграфаваў увесь час, паходзіў з культурнай багатай сям’і, быў крыху легкадумным, але пэдантам. Легкадумства каштавала яму тры разы жаніцца, але апошняя якасьць спрычынілася да таго, што свае фатаграфіі ён акуратна афармляў у велізарныя альбомы і да 70 гадоў нарабіў іх 120. Выпадак дапамог яму стаць вядомым, і ён, як той джэк-лонданаўскі Марцін Ідэн, пусьціў свой жыцьцёвы альбомны набытак у ход. Гэткім чынам сьвет даведаўся пра выдатнага і арыгінальнага фатографа, які здымаў усё навокал, але, на маю думку, выявіўся найлепш як выдатны і густоўны стыліст.

Асабліва плённым у гэтым сэнсе быў яго пэрыяд перад 1-й Сусьветнай вайной. Малады Лярціг стварыў у гэты час цэлую сэрыю стылёвых здымкаў “фэшэнэбэльных дам” у мадэрновым адзеньні з шырокімі капелюшамі, у футрах, у доўгіх расклёшаных сукнях і зборках з тылу фігуры. Прытым здымаў ён іх у асноўным на шыкоўным праспэкце дзю Буа дэ Булонь (Булонскі лес), фактычна, рабіў рэпартажную здымку непавароткай, грувасткай камэрай. “Булонскі лес”, рэпартажна зьняты Лярцігам і запоўнены парыскай публікай стогадовай даўніны, пакідае незабыўнае ўражаньне.

Тут я прапаную паглядзець адну фатаграфію мадам 1911 году з гэтай сэрыі. Называецца фота “Анна ля Прадвіна. Авэню Булонскі лес”.


Адчуваньне стылю фатографам вытрымана настолькі дакладна, што ўгадваеш гістарычны час бездакорна. Выдатная ўраўнаважаная і дынамічная кампазыцыя і высокая прафэсійная і эстэтычная культура фота. Яно хораша аддрукавана. Заўважце, што насычаны чорны тон мае толькі цэнтральная фігура мадам, прапрацавана ільсьніцца футра. Тым часам увесь астатні фон істотна выбелены. Аўтамабіль і карэта, якія павінны б быць таксама чорнымі і “спрачаліся б” з асноўнай фігурай, тут прыглушаны, маюць шэры колер. Нэгатыў быў дасканала апрацаваны (у такіх выпадках фон нэгатыва звычайна пакрывалі чырвонай анілінавай фарбай).

На другім здымку Лярціга мы бачым ужо гэты шматлюдны Булонскі лес.


Фатаграфія зачароўвае жывой і натуральнай атмасфэрай, якая там існавала, перадачай настрою людзей. Самае дзіўнае тут, што няма адчужэньня ад эпохі (1911 год), цалкам зразумелыя людзі. Такое ўражаньне, што зьняты сёньняшні дзень (толькі ўсе апранутыя па-іншаму).

Адкуль такое ўражаньне? Найперш, зьнята па сучаснаму, рэпартажна. Ніхто не заўважае фатографа. Ён нібы растварыўся ў сваёй фатаграфіі. Але галоўнае ў іншым. Усе здымкі Лярціга тае пары выклікаюць такое зачараваньне. Тут асаблівасьці ягонага стылю, выяўленьне творчай індывідуальнасьці.

Праз 10 гадоў, за часы позьняга мадэрнізму, стылістыка адзеньня, архітэктуры, быту і мода зьмяніліся. Лярціг ізноў жа дакладна трапляе ў эпоху. Часткова гэта зьвязана з тым, што ён здымае вышэйшыя пласты грамадзтва, якія заўсёды былі індыкатарам і носьбітам пераменаў.

Прапаную яшчэ адзін характэрны здымак Лярціга з 20-х гадоў. Назавём яго “Партрэт з аўтамабілем”. Ён адразу прыцягвае да сябе ўвагу сваёй незвычайнасьцю. Але калі б мы падумалі, што гэтыя дзябёлыя, відаць, пад два мэтры дзеўкі ёсьць блізьняты, то памыліліся б. Гэта адна і тая ж асоба, па-майстэрску зьнятая і змантажаваная фатографам. Тэхнічна гэтая праца зроблена віртуозна. Лярціг нарабіў дзясяткі такіх партрэтаў з “раздваеньнем” асобы, прымушаючы гледача нестандартна думаць і ўспрымаць ягоную творчасьць.

Гэта партрэт ад вясёлага, здаровага, трошкі гумарыстычнага пачуцьця. Тут, ізноў жа, дакладна вытрыманы стыль 20-х гадоў мінулага стагодзьдзя (няма нічога чужароднага, нестылёвага).

У творчасьці Жака Анры Лярціга адчуваецца гэтакая натуральная шляхетнасьць, густ, вышэйшасьць вобразнага думаньня. А гэта якасьці добрага мастака і добрай фатаграфіі.

(Гэтыя фатаграфіі Ларціга шматкроць друкаваліся ў розных альбомах і фотачасопісах. Фатаграфіяй “мадам” запоўнена вольнае Сеціва. Фота 2 перазьнята з альбома Parisiennes. A. Celebration of French Women. – Paris, Flammarion, 2007).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG