Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шанцаў абраць адзінага ўсё меней


На сёньняшні вечар заплянавана пасяджэньне круглага стала для вызначэньня адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад дэмакратычных сілаў. На ім павінны назваць дату вызначэньня адзінага. У адваротным выпадку Рада беларускай інтэлігенцыі можа спыніць сваё пасярэдніцтва ў гэтым працэсе.

Перад пасяджэньнем стала вядома, што ня ўсе кандыдаты ад суб'ектаў дэмсілаў возьмуць у ім удзел. Да прыкладу, кандыдат Алесь Міхалевіч наагул адмовіўся ад удзелу ў круглым стале.
Алесь Міхалевіч

"Я лічу, што гэта нічым пазытыўным ня скончыцца. На сёньняшні дзень кандыдаты павінны пацьвердзіць тое, што ў іх ёсьць каманда, а менавіта сабраць сто тысяч подпісаў. Пасьля гэтага будзем дамаўляцца. Адзінага трэба было вылучаць адразу пасьля мінулых прэзыдэнцкіх выбараў. Тое, што палітычныя партыі ня здолелі яго вылучыць, ёсьць паразай палітычных партый. Я лічу, што лепш мець некалькі добрых кандыдатаў, чым аднаго адзінага, які ня здольны працаваць з грамадзтвам і які ня будзе папулярным. Таму я ня бачу вялікай трагедыі, што адзінага ня будзе. Але калі гэта будзе адзіны, але папулярны кандыдат, які здольны працаваць з грамадзтвам і здольны заручыцца падтрымкай, гэта будзе пазытыўна".

Лідэр БХД Віталь Рымашэўскі езьдзіць цяпер па рэгіёнах, рыхтуючыся да прэзыдэнцкай кампаніі. Гэта перашкаджае яму ўзяць удзел у сёньняшнім пасяджэньні:

Віталь Рымашэўскі
"Усе спробы вылучэньня адзінага кандыдата я падтрымліваю і лічу іх станоўчымі. Калі ўсе надзеі на вылучэньне адзінага кандыдата будуць страчаныя, мы пачынаем сваю перадвыбарчую кампанію на пачатку верасьня. Хаця зараз шансы вылучыць адзінага кандыдата блізкія да нуля. Мы зрабілі са свайго боку ўсё магчымае, каб адзіны кандыдат быў вылучаны. Але ня ўсё залежыць ад нас. Сумна, што беларускія дэмсілы, нацыянальна-дэмакратычныя сілы ня здолелі гэтым разам вылучыць адзінага кандыдата. Мы можам, карыстаючыся паразуменьнем, якое дасягнута, прынамсі казаць хаця б пра адзіную стратэгію".

Лідэр руху "За свабоду" Аляксандар Мілінкевіч працягвае кансультацыі з Радай беларускай інтэлігенцыі і лічыць, што шанцаў на вылучэньне адзінага застаецца ўсё меней.
Аляксандар Мілінкевіч

"Усьляпую садзіцца і вызначаць з 15-ці кандыдатаў — як у рускую палітычную рулетку гуляць. Казаць, што мы здадзімся пад любога, хто б ні выйграў, мы ня можам. Калі пераможа кандыдат, які будзе рабіць саюзную дзяржаву з Расеяй, гэта ня наша стратэгія. Таму, калі ласка, абірайце адзінага кандыдата бяз нас. Калі гэты чалавек, які выйграе конкурс, будзе мець тыя ж каштоўнасьці, што і мы, будзе мець рэсурсы і стратэгію, мы гатовыя на яго працаваць. Бо ён будзе мець статус адзінага".

Ці стане апошнім сёньняшняе пасяджэньне круглага стала пад эгідай Рады інтэлігенцыі? Лідэр кампаніі "Гавары праўду" Ўладзімер Някляеў адзначыў:

Уладзімер Някляеў
"Я хачу пераканаць сяброў рады, каб яны не перапынялі гэтую працу. Бо, нягледзячы на ўсе цяжкасьці і складанасьці, якія ўзьніклі, пастаўленай мэты вылучэньня адзінага кандыдата ўсё ж можна дасягнуць. Толькі трэба патрываць, калі кандыдаты абазначацца так, што можна будзе без асаблівых ваганьняў аднаго называць кандыдатам, а другога прэтэндэнтам у кандыдаты. Гранічны тэрмін — гэта дзень абвяшчэньня даты прэзыдэнцкіх выбараў. Пасьля нельга будзе цягнуць, а вырашаць усё літаральна на заўтра".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG