Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэрал інфармацыйнай вайны


Віталь Портнікаў
Віталь Портнікаў
Заяву прэзыдэнта Расеі Д.Мядзьведзева наконт таго, што прэзыдэнт Беларусі А.Лукашэнка абяцаў прызнаць незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, пракамэнтаваў на расейскім вэб-рэсурсе Palitcom.ru аглядальнік радыё Свабода Віталь Портнікаў.

Ці сапраўды Аляксандар Лукашэнка абяцаў Дзьмітрыю Мядзьведзеву прызнаць Абхазію і Паўднёвую Асэтыю? Не давяраць расейскаму прэзыдэнту ў яго цьверджаньні няма ніякіх падставаў. Тым больш, што сам расейскі прэзыдэнт кажа, што заява беларускага прэзыдэнта была зроблена не падчас прыватнай ці хаця б асабістай сустрэчы, а ў прысутнасьці кіраўнікоў іншых краін-чальцоў СНД. Гэта значыць, па вялікім рахунку, гэта было ня столькі абяцаньне, колькі дыпляматычная заява, дэманстрацыя павагі да расійскага прэзыдэнта і яго краіны. Такія заявы саюзьнікі Расеі робяць пачкамі, але для таго, каб яны сталі ня толькі заявамі, а яшчэ і абяцаньнямі, а з абяцаньняў ператварыліся ў канкрэтныя дзеяньні, неабходна прыкласьці дадатковыя намаганьні.

Але ўсё гэта ня так ужо важна. А важна тое, што ў інфармацыйную вайну паміж Расеяй і Беларусьсю ўключыўся асабіста прэзыдэнт Дзьмітрый Мядзьведзеў. Цяпер ужо ніхто ня скажа, што паказаныя па тэлеканалу НТВ фільмы, у якіх расейцам нарэшце вырашылі паказаць некаторыя абставіны палітычнай біяграфіі Аляксандра Лукашэнкі, былі проста прыватнай ініцыятывай незалежных газпромаўскіх журналістаў. Ніхто ня зможа сьцьвярджаць, што прэзыдэнт і прэм'ер-міністар Расеі са зьдзіўленьнем углядаліся ў тэлевізійны экран, разам зь іншымі расейцамі даведваючыся аб гэтых абставінах. Таму што сам прэзыдэнт вырашыў стаць салдатам – ну, няхай нават і не салдатам, а генэралам, ну, няхай нават не генэралам, а маршалам – інфармацыйнай вайны. І зразумела, чаму ён абраў тэму Абхазіі. Гэта яшчэ адна магчымасьць абвінаваціць Аляксандра Лукашэнку ў крывадушнасьці – вось, нам абяцаў прызнаць грузінскія аўтаноміі незалежнымі дзяржавамі, а сам паказваеш па тэлевізары Міхаіла Саакашвілі. Гэта яшчэ і інфармацыя спэцыяльна для Саакашвілі – вось бачыш, ніякі ён табе не саюзьнік, ён нам абяцаў, пры сьведках!

Але Міхаіл Саакашвілі і ня думае, што Аляксандр Лукашэнка – яго вялікі сябар і саюзьнік. Міхаіл Саакашвілі думае, што Аляксандр Лукашэнка – палітык, інтарэсы якога на дадзеным этапе супалі з інтарэсамі прэзыдэнта Грузіі. Калі зьменяцца абставіны – могуць зьмяніцца і інтарэсы. Але пакуль што Міхаілу Саакашвілі вельмі прыемна выступаць па Беларускім тэлебачаньні і распавядаць беларусам пра іх эўрапейскі шлях і пра расейскі ціск. Бо, так ці інакш, гэта зьмяняе беларускую грамадзкую думку, прымушае грамадзянаў Беларусі па-іншаму паставіцца да ўласных дзяржаўных каштоўнасьцяў.

Словы Дзьмітрыя Мядзьведзева таксама зьмяняюць грамадзкую думку, толькі не беларускую, а расейскую. Яны ў чарговы раз даказваюць расейцам, што ніякіх саюзьнікаў на постсавецкай прасторы ў Расеі няма – ёсьць толькі тыя, каго Расея купляе за танныя энэрганосьбіты ці крэдыты. Нават браты-беларусы, зь якімі будавалі саюзную дзяржаву і ставіліся як да родных, апынуліся не такімі ўжо простымі, а іх «бацька», які яшчэ нядаўна быў героем сярэднестатыстычнага расейца, лёгка парушае абяцаньні, якія дае расейскаму прэзыдэнту. Ну а далей-та што?

Калі Расея зьбіраецца скідаць Лукашэнку і замяняць яго палітыкам, які будзе не абяцаць, а рабіць усё тое, што захочацца Крамлю – тады можна і далей расказваць пра яго словы, сказаныя пры сьведках. Але калі такіх плянаў няма – ці ажыцьцявіць іх не ўяўляецца магчымым – тады зусім незразумела, навошта прэзыдэнт Расеі выкрываў кепскага саюзьніка, зь якім давядзецца мець справу і ў будучыні? Бо ў такім выпадку гэта ўжо не вайна і нават не дэманстрацыя сілы. Гэта дэманстрацыя бясьсільля.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG