"The Heritage Foundation", адзін зь вядучых дасьледна-адукацыйных цэнтраў ЗША, засьцерагае прэзыдэнта ЗША Барака Абаму, каб ён не сьпяшаўся з ратыфікацыяй дамовы аб узаемным скарачэньні ядзерных арсэналаў з Расеяй, які Абама і прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў падпісалі ў красавіку сёлета.
"The Heritage Foundation" лічыць, што Расея не зьяўляецца надзейным партнэрам у міжнародных адносінах і што ратыфікацыя згаданай дамовы Сэнатам ЗША ня мае сэнсу. "The Heritage Foundation" падае 10 прычынаў, дзеля якіх Вашынгтону ня варта давяраць Маскве.
"The Heritage Foundation" лічыць, што Расея не зьяўляецца надзейным партнэрам у міжнародных адносінах і што ратыфікацыя згаданай дамовы Сэнатам ЗША ня мае сэнсу. "The Heritage Foundation" падае 10 прычынаў, дзеля якіх Вашынгтону ня варта давяраць Маскве.
- 1. У мінулым Расея шматразова парушала ранейшую Дамову аб абмежаваньні стратэгічных наступальных узбраеньняў (START), якая была дзейнай у 1991-2009 г.г.
- 2. Расея і надалей разглядае ЗША і НАТО як галоўнага ваеннага праціўніка ў сьвеце. Нядаўняе выкрыцьцё расейскай шпіёнскай сеткі ў ЗША сьведчыць аб тым, што Расея захавала сваю мэнтальнасьць часоў "халоднай вайны".
- 3. Паводле дадзеных амэрыканскай выведкі, Расея парушае міжнародныя дамовы аб нераспаўсюджаньні ўзбраеньняў, перадаючы тэхналёгіі, зьвязаныя з балістычнымі ракетамі, Ірану і Паўночнай Карэі.
- 4. Расея па-ранейшаму праектуе, вырабляе і мадэрнізуе ядзерную зброю. Новая ваенная дактрына Расеі вызначае нізкі парог для першага ядзернага ўдару. Масква можа выкарыстаць тактычную ядзерную зброю ў Эўропе ў звычайным, няядзерным канфлікце. У 2009 годзе Расея правяла ваенныя вучэньні, якія мадэлявалі ядзерную атаку на Польшчу.
- 5. Расея не выконвае Канвэнцыі аб біялягічнай зброі і Канвэнцыі аб хімічнай зброі.
- 6. Расея неаднаразова парушала свае абяцаньні вывесьці войскі з Малдовы і Грузіі. Нападаючы на Грузію ў 2009 годзе, Расея па сутнасьці адмовілася ад Хэльсынскага акту 1975 году, які гарантуе непарушнасьць межаў у Эўропе пасьля Другой сусьветнай вайны.
- 7. Расея пагражала разьмясьціць ракеты "Іскандэр" на межах саюзьнікаў ЗША ў адказ на амэрыканскі плян збудаваньня ва Ўсходняй Эўропе сыстэмы абароны ад ракетных атакаў зь Ірану.
- 8. Расея разьвівае сувязі з тэрарыстычнымі арганізацыямі ХАМАС і "Хезбала" ды дае вайсковую і дыпляматычную падтрымку такім па-антыамэрыканску настроеным краінам як Сырыя, Іран і Вэнэсуэла.
- 9. Крэмль выкарыстоўвае залежнасьць сваіх суседзяў і эўрапейскіх краінаў ад паставак расейскага газу як элемэнт палітычнага ціску.
- 10. У Расеі Уладзіміра Пуціна і Дзьмітрыя Мядзьведзева ўсталяваўся аўтарытарны рэжым і зь цягам часу аўтарытарныя тэндэнцыі ў краіне ўсё паглыбляюцца.