Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым валодае Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта


Шыльда ў Белавескай пушчы
Шыльда ў Белавескай пушчы
Што ўваходзіць у гіганцкую імпэрыю, падкантрольную асабіста кіраўніку дзяржавы? Паводле афіцыйных падлікаў, у назвах ажно 80 арганізацый пазначана: «Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь».

У сярэдзіне 90-х, калі шэраг прадпрыемстваў культурніцкага профілю былі стратнымі, Кіраўніцтва справаў узяло іх пад свой патранаж. “Мэта была адна — захаваць прадпрыемствы для будучыні. Фабрыкі мастацкіх вырабаў, кераміка, сувэніры — сапраўды, падтрымка ім была неабходная. Але не адной керамікай жыло ўпраўленьне справамі. Гандаль ад імя дзяржавы — вось асноўная крыніца прыбытку,” – піша газэта “Наша Ніва”.

Кампанія «Беларусьгандаль», якая займаецца імпартам алькаголю, цыгарэт і лесу, мае шматмільярдны абарот ды яшчэ атрымлівае льготы. Напрыклад, увоз «Беларусьгандлем» каменнага вугалю ў краіну ў гэтым паўгодзьдзі нават ня будзе абкладацца падаткамі, – нагадвае НН.

Адпачынак пасьля доўгай, напружанай працы

Кіраўніцтва справаў прыбрала да рук санаторыі за межамі краіны, якія дасталіся ў спадчыну ад БССР. Туапсэ, Друскенікі, Ялта, Сочы, Юрмала… Гаворка аб іх продажы не заводзілася нават у часы самай нястачы. Пра санаторыі і дамы адпачынку ўнутры Беларусі і казаць ня варта. «Юнацтва», «Баравое», «Сосны» — раней сюды езьдзілі лячыцца па дармовых пуцёўках прафсаюзьнікі, цяпер — стомленыя ад турэцкіх і эгіпэцкіх пляжаў расіяне.

Турыстычны апэратар «Цэнтар-Курорт» вызначае, ці выдзеліць ахвотным пуцёўкі ў пералічаныя вышэй санаторыі. Таксама арганізацыя валодае больш як дзесяцьцю аптэкамі ў сталіцы. РУП «Беларускія лятарэі» застаецца найбуйнейшым гульцом лятарэйнага бізнэсу, прапануючы дваццаць гульняў.

Нацыянальныя прэзыдэнцкія паркі

У краіне налічваецца пяць нацыянальных паркаў — «Белавеская пушча», «Нарачанскі», «Прыпяцкі», «Бярэзінскі» і «Браслаўскія азёры». Усе гэтыя ўнікальныя прыродныя аб’екты ў сярэдзіне 90-х трапілі пад кантроль КСП. З таго часу колькасьць арыштаваных кіраўнікоў паркаў пастаянна расьце. У адным толькі Браслаўскім нацпарку трое прызначаных дырэктараў па чарзе ішлі пад суд. Усіх іх — прызначаных асабіста прэзыдэнтам — абвінавачвалі ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў. Плян па вырубцы ў Белавескай пушчы, адстрэл зуброў — усё гэта таксама факты апошніх гадоў.

«Прэзыдэнт-гатэль». У гасьцях у прэзыдэнта

На цяперашні момант КСП валодае трыма сталічнымі гатэлямі. Самы прэстыжны — чатырохзоркавы «Мінск», які стаіць на самой плошчы Незалежнасьці. «Плянэта» і «Юбілейная» маюць па тры зоркі, дый знаходзяцца далей ад цэнтра. У суседнім квартале з рэзыдэнцыяй кіраўніка дзяржавы ўзводзіцца «Прэзыдэнт-гатэль».

“Будаўнічыя трэсты, экспэрымэнтальныя калгасы, гандлёвыя цэнтры — вось няпоўны сьпіс таго, што засталося па-за нашай увагай,” – піша НН. – А ёсьць жа яшчэ і Дэпартамэнт па гуманітарнай дзейнасьці, які вырашае, ці мае права патраціць якія-кольвечы грашовыя пераводы з-за мяжы… А якія прыбыткі прыносяць офісныя будынкі па ўсім Менску, якія Кіраўніцтва справаў у свой час забрала сабе амаль у поўным складзе."

Для параўнаньня: пад кантролем упраўленьня справамі прэзыдэнта Ўкраіны налічваецца 50 арганізацый. У агромністай Расеі — 105 арганізацый, але дзясятак зь іх — гэта дзіцячыя садкі.

Сапраўдныя гандлёвыя абароты беларускай бізнэс-імпэрыі ніколі не абнародваліся. Па сведчаньнях былога заўхоза Івана Ціцянкова, нават у яго часы, у канцы 90-х, прыбыткі ішлі на мільярды даляраў.

Прэзыдэнцкія «заўхозы»:

  • Іван Ціцянкоў 1994–1999 — уцёк у Расію
  • Уладзімір Ганчарэнка 1999–2001 — былы міністар сувязі
  • Галіна Жураўкова 2001–2004, была асуджаная судом, але памілаваная прэзыдэнтам
  • Генадзь Лаўранкоў 2004–2005
  • Аляксандр Кулічкоў 2005–2008 — былы міністар гандлю
  • Мікалай Дамашкевіч 2008–2009 — былы кіраўнік Меншчыны
  • Мікалай Корбут з 2009 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG