Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскі друк пра баявыя дзеяньні Масквы і Менску з удзелам Тбілісі


"Раздражнёнасьць Масквы прэзыдэнтам Беларусі робіцца адкрытаю. Пасьля нафтавага і газавага канфліктаў і мяса-малочных баталіяў расейскія тэлеканалы пачалі санкцыянаваную Крамлём прапагандысцкую вайну супраць Лукашэнкі", піша нямецкае выданьне Frankfurter Allgemeine.

Як адзначае аўтар артыкула, маскоўскі карэспандэнт выданьня Міхаэль Людзьвіг, "апошнім дыктатарам Эўропы" беларускага кіраўніка назваў ужо газпромаўскі тэлеканал НТВ, які выпусьціў кіно пра "Хроснага Бацьку", а таксама расейскі дзяржаўны канал Russia Today, які перадае на замежныя краіны. Маскоўскія журналісты выстаўляюць Лукашэнку "няўдзячным і непаслухмяным", а да таго ж ён "заглядаецца на Эўропу".

Што ж стала мэтай гэтай тэлевізійнай атакі расейскіх СМІ? Як піша Frankfurter Allgemeine, меркаваньні назіральнікаў падзяліліся.

"Магчыма, Расея хоча толькі даць Лукашэнку лупцоўку за палітычнае нахабства, якое той сабе дазволіў", кажуць адны.

Як мяркуюць другія, "Масква сытая па глотку менскім гаспадаром і хоча новага, лагаднейшага і цішэйшага кіраўніка на чале Беларусі".

"Да прэзыдэнцкіх выбараў у гэтай краіне ў Масквы застаецца мала часу, каб правесьці зручнага для яе пераемніка", адзначае Frankfurter Allgemeine і працягвае:

"Каб расейцы рабілі стаўку на апазыцыйных палітыкаў — гэта здаецца амаль неверагодным".

Па-першае, таму што тады ў Беларусі давядзецца ўсталёўваць дэмакратыю. А такі паварот для Масквы сумнеўны, нягледзячы на ўсе сьлёзы, пралітыя наконт перасьледу Лукашэнкам дэмакратаў. Па-другое, апазыцыя ў Беларусі сёньня безнадзейна расколатая. На думку Аляксандра Мілінкевіча, які быў адным з кандыдатаў на прэзыдэнта Беларусі чатыры гады таму, наўрад ці цяпер апазыцыя здолее заваяваць давер насельніцтва.

Паводле аўтара артыкула, пасьля прагляду чарговай сэрыі "Хроснага Бацькі" нам, магчыма, стане ясьней, якая ж мэта хаваецца за прапагандысцкай вайной расейцаў.

Разьвіваючы тэму прапагандысцкай вайны Расеі супраць Беларусі, другое нямецкае выданьне, Frankfurter Rundschau, піша пра своеасаблівае ўмяшаньне ў "баявыя дзеяньні" трэцяй краіны — Грузіі.

"Беларускае тэлебачаньне паказала інтэрвію з грузінскім прэзыдэнтам Міхаілам Саакашвілі. Пры гэтым Саакашвілі бараніў свайго беларускага калегу Лукашэнку ад нападаў расейскіх тэлекампаніяў", адзначае Frankfurter Rundschau.

Паводле выданьня, экспэрты трох краін — Беларусі, Грузіі і Расеі — са зьдзіўленьнем адрэагавалі на падтрымку беларускага прэзыдэнта з боку яго грузінскага калегі. "Грузія лічыцца ўзорным вучнем у школе заходняй рынкавай эканомікі, тым часам як Беларусь параўноўваюць з Паўночнай Карэяй — апошняй плянавай гаспадаркай у сьвеце". Са спасылкай на шматлікіх экспэртаў аўтар артыкула сьцьвярджае, што рашучы выступ Саакашвілі, які лічыцца "заклятым ворагам Крамля", тлумачыцца, у прыватнасьці, тым, што Беларусь, нягледзячы на моцны ціск з боку Расеі, не прызнала сувэрэнітэту Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.

Пра незвычайны альянс Лукаашэнкі з Саакашвілі піша сёньня і аўстрыйскае выданьне Der Standard. "Змагацца, каб сышоў гэты людажэр" — гэтыя словы належаць 52-гадоваму грузінскаму эмігранту, колішняму кіраўніку грузінскай рабочай партыі, адвакату Шалве Натэлашвілі, які цяпер жыве ў Афінах.

"Людажэрам" Натэлашвілі называе цяперашняга грузінскага прэзыдэнта, зь якім трэба змагацца, пакуль той не пакіне свайго кабінэту. Колішні грузінскі палітык лічыць Саакашвілі датычным да сьмерцяў ягоных апанэнтаў — Бадры Патаркацышвілі і Зураба Жваніі. Натэлашвілі таксама крытыкуе Захад за канцэпцыю "каляровых рэвалюцый" ды іх падтрымку, якая прывяла, сярод іншага, і да сёлетніх падзеяў у Кіргізстане. Зь перамогай гэтых рэвалюцый да ўлады, паводле ягоных слоў, прыйшлі вельмі сумнеўныя лідэры, у тым ліку і Саакашвілі. Як лічыць былы грузінскі дзеяч, "нельга спадзявацца ні на заходнія дэмакратыі, ні на ўсходняга дыктатара, ні на апошняга дыктатара Эўропы".

Аднак, перакананы Натэлашвілі, беларускі прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка ўсё ж нічым не пагражае Захаду, бо ніколі ня быў яго прыхільнікам. Што ж да Саакашвілі, то яго небясьпека ў тым, што ён прыйшоў да ўлады пад маскай прыхільніка Захаду і Злучаных Штатаў Амэрыкі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG