Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці залежныя вы ад алькаголю?


Вялікую сацыяльную праблему нашага часу, алькагалізм, адны называюць хваробай, другія — дрэннай звычкай, трэція — магутнай псыхалягічнай залежнасьцю. Усе гэтыя азначэньні слушныя. Хоць сам па сабе алькагалізм рэдка даводзіць чалавека да сьмерці, шмат хто з адмыслоўцаў параўноўвае маштабы гэтай праблемы з ракам ці сухотамі.

Паводле дадзеных Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя (УААЗ), якія былі агучаныя сёлета ў траўні ў Жэнэве, ад наступстваў спажываньня алькаголю штогод паміраюць 2,5 мільёна чалавек, у тым ліку 320 тысяч маладых людзей ва ўзросьце 15—29 гадоў. Лічыцца, што алькагалізм — восьмы паводле значнасьці фактар рызыкі сьмерці ва ўсім сьвеце.

Клясыфікацыя п'яніцаў

Экспэрты адзначаюць: каб змагацца з алькагалізмам, трэба ведаць прычыны, якія штурхаюць чалавека да злоўжываньня сьпіртным. Ня так даўно для новай кампаніі па барацьбе з алькагольнымі праблемамі Міністэрства аховы здароўя Вялікабрытаніі склала клясыфікацыю людзей, якія злоўжываюць сьпіртным. Сярод іх вылучаюцца наступныя псыхалягічныя тыпы:

1) Прыгнечаны. Чалавек зьвяртаецца да алькаголю, страціўшы блізкіх, перанёсшы развод або сутыкнуўшыся зь фінансавымі праблемамі. П'е, каб суцешыцца і прымірыцца з абставінамі.

2) Замучаны. На працы або дома ў чалавека нэрвовыя абставіны. П'е, каб расслабіцца і супакоіцца, асабліва дома пасьля працы. Жонкі і партнэры часта спрыяюць замацаваньню гэтай звычкі, самі прапануючы выпіць.

3) Кампанейскі. Вядзе бурнае сьвецкае жыцьцё. П'е, каб зьліцца з кампаніяй. Часта страчвае пачуцьцё часу і меры.

4) Традыцыяналіст. Ужывае алькаголь, бо лічыць, што кожны мужчына павінен штовечар наведваць піўную. Паб для яго — другі дом, тут яму камфортна, тут ён адчувае ўпэўненасьць у сабе.

5) Гаваркі. П’е ў вялікіх кампаніях, асабліва зь людзьмі, блізкімі па інтарэсах. Гэта напаўняе яго жыцьцё сэнсам, дапамагае знайсьці новых сяброў і знаёмых.

6) Маркотнік — ці, хутчэй, маркотніца. Звычайна гэта маці, якая адна выхоўвае дзіця. Або — нядаўна разьведзены чалавек, якому няма з кім пагаманіць. Выпіўка кампэнсуе адсутнасьць сяброў і дапамагае хутчэй завяршыць дзень, пасьля таго як асноўныя справы скончыліся.

7) Мачо. Часта лічыць сябе недаацэненым. П’е, бо жадае давесьці сабе і іншым сваю мужчынскую сілу і статус.

8) Геданіст. Імкнецца атрымліваць ад жыцьця толькі радасьць. Звычайна халасты, разьведзены або мае дарослых дзяцей. Празьмернае ўжываньне алькаголю для яго — сродак прадэманстраваць сваю незалежнасьць, свабоду і маладжавасьць, а да таго ж — адчуць сябе раскаваным.

9) Незадаволены. Не вылазіць зь піўных. П’е зь некалькіх прычынаў: з нудоты, жаданьня быць такім, як усе, агульнай незадаволенасьці жыцьцём.

Экспэрты з Брытаніі, якая займае адно з найвышэйшых месцаў у сьвеце паводле спажываньня алькаголю на душу насельніцтва, лічаць: такая клясыфікацыя дазваляе індывідуалізаваць псыхалягічную і мэдычную дапамогу тым, хто мае праблемы з алькаголем.

Дарэчы, ні Расея, ні Украіна, ні Беларусь у гэтым сэнсе афіцыйна ў лік лідэраў не ўваходзяць. Беларускія адмыслоўцы-нарколягі тлумачаць, што ў аснове статыстыкі ЎААЗ ляжаць дадзеныя адносна алькаголю, вырабленага ў краіне і завезенага туды. Але на постсавецкай прасторы спажываецца шмат няўлічанай алькагольнай прадукцыі, асабліва ў вёсцы.

Каму варта кінуць піць?

Паводле беларускай статыстыкі, летась афіцыйны продаж алькаголю ў краіне склаў 12,39 літра моцных напояў на душу насельніцтва. Згодна з рэкамэндацыямі ЎААЗ, гэта гранічна дапушчальныя лічбы. У параўнаньні з дадзенымі трохгадовай даўніны спажываньне алькаголю беларусамі павысілася больш чым на 2 літры. Вырасла і спажываньне самаробных алькагольных напояў. Цяпер на ўліку ў наркалягічных службах Беларусі зарэгістравана каля 300 тысяч чалавек. Багата беларусаў, якія любяць выпіваць і не стаяць на ўліку, ня схільныя адмаўляцца ад сваёй звычкі, бо ня бачаць усяе сур’ёзнасьці праблемы. Нават тыя, хто часта бывае нецьвярозы, упэўненыя, што ў стане кантраляваць колькасьць выпітага і нават пры жаданьні ўвогуле кінуць піць.

Тым часам амэрыканскія адмыслоўцы, якія займаюцца алькагольнай і наркатычнай залежнасьцю, распрацавалі спэцыяльны тэст з 12 пытаньняў. Шчыра адказаўшы на іх, чалавек зможа аб’ектыўна вызначыць свой стан. Калі станоўчы адказ даецца хоць на чатыры з прапанаваных ніжэй пытаньняў, гэта азначае, што чалавек мае праблемы з алькаголем і сытуацыю трэба тэрмінова карэктаваць.

Тэст:

  • Ці бывала так, што вы прымалі рашэньне кінуць піць на тыдзень ці болей, аднак пратрымаліся толькі некалькі дзён?
  • Ці хацелі б вы, каб іншыя людзі "ня лезьлі не ў сваю справу" ў зьвязку з ужываньнем вамі алькаголю і не вучылі вас, што рабіць?
  • Ці пераходзілі вы калі-колечы з аднаго тыпу алькагольнага напою на іншы, спадзеючыся, што гэта дапаможа вам застацца цьвярозым?
  • Ці даводзілася вам пахмяляцца ў апошнія гады? Ці было гэта вам патрэбна, каб прыйсьці ў сябе або спыніць трасучку?
  • Ці зайздросьціце вы людзям, якія могуць піць і ня мець пры гэтым праблемаў?
  • Ці былі ў вас апошнім часам нейкія праблемы ў сувязі з выпіўкай? Кіраваньне аўтамабілем у нецьвярозым стане, іншыя праблемы з законам або зь фізычным здароўем?
  • Ці былі ў вас праблемы з-за выпіўкі дома? Напрыклад, напружанасьць у сямейных адносінах?
  • Ці не спрабавалі вы калі атрымаць на вечарыне дадатковую порцыю напою, бо вам было мала або вас абслугоўвалі занадта павольна?
  • Ці кажаце вы сабе, што можаце кінуць піць у любы момант, калі захочаце, хоць працягваеце напівацца нават тады, калі не зьбіраліся гэтага рабіць? Ці суцяшаеце вы сябе думкаю, што п'яце, бо вам гэтага хочацца?
  • Ці здаралася вам прапускаць працу або вучобу з-за выпіўкі? Прыкідвацца хворым, хоць на самой справе ў вас было пахмельле?
  • Ці былі ў вас правалы з памяцьцю, калі вы пілі гадзінамі або днямі безь перапынку, а потым не маглі нічога ўзгадаць?
  • Ці адчувалі вы калі, што вашае жыцьцё было б лепшым без алькаголю?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG