Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саакашвілі вінаваціць Расею ў шантажы


Прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі заявіў сёньня ў Тбілісі пад час сумеснай прэсавай канфэрэнцыі зь міністрам замежных спраў Францыі Бэрнарам Кушнерам, што ўсе 6 краін-сябраў праграмы ЭЗ “Усходняе партнэрства” гатовыя да стварэньня сумеснай агульнай плятформы, якая будзе дапамагаць ім ня толькі ў справе інтэграцыі з Эўропай, але і для супрацьстаяньня таму ціску і шантажу, які яны адчуваюць з боку Расеі.


Прэсавая канфэрэнцыя адбылася за некалькі гадзін да вылету грузінскага кіраўніка ў Батумі для сустрэчы з камісарам ЭЗ Кэтрын Эштан, візыт якой, паводле аглядальнікаў, азначае пачатак перамоваў паміж ЭЗ і Грузіяй дзеля заключэньня Пагадненьня аб асацыяцыі.

Грузінскі прэзыдэнт расказаў журналістам пра свой неафіцыйны візыт ва Ўкраіну, дзе сустрэўся з украінскім прэзыдэнтам Віктарам Януковічам. Саакашвілі паведаміў таксама і аб сваёй сустрэчы зь беларускім прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам, зь якім меў "працяглую размову па пытаньнях, якія прадстаўляюць узаемную цікавасьць". Ён назваў перамовы з украінскім і беларускім калегамі, сапраўдным дыпляматычным прарывам, “тым правільным шляхам, з якога яго краіна ніколі не саступіць".

"Я думаю, што незалежна ад таго, якія мы розныя краіны, якія розныя праблемы маем, наш дыялёг у рамках Усходняга партнэрства вельмі важны для сумеснай інтэграцыі у Эўразьвяз”, сказаў Саакашвілі.

Што да Расеі, то, паводле грузінскага лідэра, гэта краіна выкарыстоўвае рычагі шантажу ў дачыненьні да сваіх суседзяў.

Сёньня ж першы канал Нацыянальнай дзяржтэлерадыёкампаніі паказаў запіс інтэрвію журналіста Дзяніса Кур’яна з Міхаілам Саакашвілі, які ў анонсе тэлеперадачы быў названы “правадыром грузінскай рэвалюцыі”. Падрабязнасьці на нашым сайце пазьней.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG