Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Саакашвілі — надзвычай цікавы суразмоўца”


Міхаіл Саакашвілі
Міхаіл Саакашвілі
Пра што б вы размаўлялі зь Міхаілам Саакашвілі, калі б мелі зь ім сустрэчу сёньня? Пра гэта карэспандэнт «Свабоды» запытаўся ў беларускіх палітыкаў, якія заявілі пра намер вылучацца на прэзыдэнта краіны.

Аляксандар Мілінкевіч
Экс-кандыдата на прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча мой званок засьпеў у Польшчы, дзе лідэр руху «За свабоду» ўдзельнічае ва ўрачыстасьцях, прысьвечаных 600-годзьдзю перамогі ў Грунвальдзкай бітве. Палітык сказаў, што для яго галоўнай у размове зь Міхаілам Саакашвілі была б тэма салідарнасьці ў змаганьні за дэмакратыю.

«Пра дэмакратычныя рэформы, эканамічныя праблемы, умацаваньне сувэрэнітэту. Ня раз мы зь ім гаварылі пра тое, як важна быць салідарнымі краінам, якія прэтэндуюць на тое, каб зь цягам часу стаць сябрамі Эўразьвязу. Для нас вельмі важна, каб мы выказвалі адны думкі — Грузія, Беларусь, Украіна. Ад нашай салідарнасьці даволі шмат залежыць».

Карэспандэнт: «Беларускае тэлебачаньне анансавала, што адной з тэмаў размовы зь Міхаілам Саакашвілі будзе тое, ці магчымае паляпшэньне адносін Грузіі з Расеяй. А на вашу думку, гэта магчыма?»

«Мяркую, канфрантацыя з Расеяй нявыгадная ніводнай з краінаў. Вядома, трэба адстойваць свае інтарэсы, але канфрантацыя — шлях у нікуды. Грузіі і Беларусі таксама трэба зараз наладжваць адносіны з Расеяй, якія павінны быць добрасуседзкія, узаемавыгадныя, але з узаемнай павагай. Ня можа быць падзелу на меншых братоў і старэйшых братоў».

Карэспандэнт: «Як вы мяркуеце, ці льга дамагчыся, каб Расея вывела войскі з Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі?»

«Гэтага трэба патрабаваць. Я лічу, што гэтая тэрыторыя была, ёсьць і павінна застацца грузінскай. Але гэта вельмі рызыкоўная тэма, калі зараз пачнуць змагацца за межы — ідэальных межаў не бывае, заўсёды ёсьць прэтэнзіі».

Віталь Рымашэўскі
Адзін зь лідэраў незарэгістраванай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі заявіў, што будзе спрабаваць балятавацца на прэзыдэнта Беларусі. Віталь Рымашэўскі сказаў, што ў выпадку размовы зь Міхаілам Саакашвілі ў статусе прэзыдэнта размаўляў бы найперш пра разьвіцьцё эканамічных і палітычных стасункаў, бо пакуль адносіны паміж краінамі вельмі абмежаваныя. Віталь Рымашэўскі выказаўся наконт таго, чаму, на ягоную думку, менавіта зараз стала магчымым інтэрвію з прэзыдэнтам Грузіі на дзяржаўным беларускім тэлебачаньні.

«Мяркую, гэта сьведчыць пра пэўныя зьмены ў зьнешняй палітыцы як Беларусі, гэтак і Грузіі. Беларусь зараз імкнецца наладзіць адносіны з максымальнай колькасьцю дзяржаваў, а Лукашэнка, магчыма, — кампэнсаваць свой комплекс паразы, якую ён атрымаў ад кіраўніцтва Расеі апошнім часам. Маю на ўвазе і фільм пра Лукашэнку на НТВ, і тое, што яго прымусілі фактычна без усякіх саступак увайсьці ў Мытны зьвяз. І вось гэта — спроба атрымаць кампэнсацыю за гэта праз публічныя стасункі з Грузіяй. Ня ведаю, наколькі гэта прасуне эканамічныя адносіны, але гэта такая дэманстрацыя незалежнасьці».

Яраслаў Раманчук
Верагодны кандыдат на прэзыдэнта ад Аб’яднанай дэмакратычнай партыі Яраслаў Раманчук назваў свае асноўныя тэмы ў магчымай размове зь Міхаілам Саакашвілі.

«Найперш я запытаў бы ў яго наконт вартасьці дэмакратыі і свабоды. Чаму ён як прэзыдэнт Грузіі абапіраецца менавіта на гэтыя вартасьці і ці гэта ёсьць падставай для нармалізацыі адносінаў Расеі і Грузіі, Грузіі і Беларусі і Беларусі з усім сьветам. Таксама ўзьняў бы пытаньне, якое ўзьняло НТВ — пра зьніклых у Беларусі. Каб стварыць міжнародную камісію па гэтай праблеме, калі афіцыйнаму Менску няма чаго баяцца. І ў гэтым бы магла паўдзельнічаць Грузія. І таксама наконт яшчэ адной міжнароднай камісіі, якая б расьсьледавала абставіны расейска-грузінскай вайны».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG