Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На шляху ў WTO Расея адкідае беларускі «баляст»


Дзьмітрый Мядзьведзеў
Дзьмітрый Мядзьведзеў
Расейскі прэзыдэнт Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў, што да канца году Расея разьлічвае стаць сябрам Усясьветнай гандлёвай арганізацыі (WTO). Ён заявіў, што зараз ідуць досыць складаныя перамовы, аднак выказаў спадзяваньне, што замежныя партнэры, якія хочуць гандляваць на расейскім рынку, здолеюць канчаткова ўзгадніць пераход на стандарты, якія выкарыстоўваюцца ў Расейскай Фэдэрацыі. Падобна, што прапагандаваная цягам апошняга году ідэя рухацца ў WTO Мытным зьвязам супольна зь Беларусьсю і Казахстанам пахаваная канчаткова.

І Расея, і Беларусь адносяцца да ліку дзяржаў, якія ўтрымліваюць рэкорд працягласьці ўваходжаньня ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. Калі звычайна працэдура далучэньня складаецца зь некалькіх этапаў і займае ў сярэднім 5-7 гадоў, то Масква і Менск вядуць перамовы вось ужо 17 гадоў. У 2009-м Расея была як ніколі блізка да запаветнай рысы, але нечакана ў нетрах расейскага ўраду нарадзілася ідэя ісьці ў WTO адзіным фронтам — разам зь Беларусьсю і Казахстанам. Палітоляг Віктар Чарноў кажа, што калі для Беларусі гэтая ініцыятыва была рэальнай магчымасьцю ўступіць у шэрагі арганізацыі, то Расея для сябе такую пэрспэктыву толькі аддаліла:

«Тады гэта выклікала вельмі неадназначную рэакцыю сярод экспэртаў, палітыкаў; выклікала поўнае непаразуменьне ў WTO, таму што расейцы на той момант ужо больш за 15 гадоў вялі перамовы і нарэшце былі блізкія да завяршальнай стадыі. З амэрыканцамі нібыта дамовіліся — не пра ўсё, але па шмат якіх прынцыповых пазыцыях. І тут раптам робіцца такая сэнсацыйная заява: яны, маўляў, спыняюць самастойныя перамовы і будуць уступаць у WTO толькі ў складзе Мытнага саюзу».

Беларусь пачала перамовы пра ўступленьне ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю ў верасьні 1993 году. Пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі праца замарудзілася. Рэдкія ваяжы беларускіх чыноўнікаў у штаб-кватэру WTO ў Жэнэве, якія аднавіліся ў 2000-х, асаблівага плёну ня мелі. Летась адбыліся кансультацыі адносна магчымасьці ўступленьня ў арганізацыю «гуртам» — усім Мытным саюзам. Аднак, як кажа Віктар Чарноў, мэтазгоднасьць такога фармату для чыноўнікаў гандлёвай арганізацыі так і засталася загадкай:

«Такога прэцэдэнту ў гісторыі Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі яшчэ не было, таму гэта адпачатку выклікала зьдзіўленьне. Нашмат складаней узгадніць усе пазыцыі паміж трыма краінамі дзеля таго, каб уступіць у WTO, чым гэта зрабіць паасобку.
Нашмат складаней узгадніць усе пазыцыі паміж трыма краінамі дзеля таго, каб уступіць у WTO, чым гэта зрабіць паасобку.
Бо натуральна, што асобна гэта зрабіць нашмат хутчэй. І каб Беларусь таксама праводзіла рэформы, тады яна, безумоўна, таксама б хутчэй уступіла ў WTO. Зь іншага боку, WTO падштурхнула б у Беларусі яшчэ далей гэтыя рэформы. Гэта быў бы вельмі магутны стымул для інтэнсыфікацыі ўвогуле рынкавых рэформаў у дзяржаве».

Як сьцьвярджаюць у МЗС Беларусі, «хістаньні» ў варыянтах далучэньня да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі на афіцыйнай пазыцыі дзяржавы адбіліся мала: пакуль што фармат далучэньня да WTO грунтуецца на руху ў мытнай «зьвязцы». Гаворыць прадстаўнік ведамства Андрэй Савіных:

«Працэсы ўступленьня ўсіх трох краінаў-сябраў Мытнага саюзу скаардынаваныя па ўмовах і часткова скаардынаваныя па часе ўступленьня. Усе тры дэлегацыі, якія бяруць удзел у перамовах па сваіх краінавых трэках, абменьваюцца інфармацыяй, аказваюць арганізацыйную, тэхнічную, экспэртную падтрымку адна адной. Увесь гэты працэс ажыцьцяўляецца ў рамках тых стратэгічных дамоўленасьцяў, якія былі дасягнутыя на ўзроўні прэзыдэнтаў трох краінаў».

Да 2008 году Расея, Беларусь і Казахстан плянавалі далучыцца да WTO паасобку і толькі потым інтэгравацца ў Мытны саюз. Але ў чэрвені 2009-га кіраўнікі ўрадаў трох краінаў інфармавалі арганізацыю пра ўступленьне адзінай мытнай тэрыторыяй. Пры гэтым дзяржавы прыпынілі двухбаковыя перамовы на час правядзеньня кансультацый наконт фармаваньня агульнай пазыцыі сябраў Мытнага саюзу. Пры канцы 2009-га было абвешчана, што Масква, Менск і Астана адновяць перамовы пра далучэньне кожная сама па сабе, але на ўзгодненых пазыцыях.

У 2010-м Расея дыстанцыявалася ад недапрацаванай ідэі і абвясьціла курс на самастойны рух у WTO. Учора на паседжаньні Дзяржсавету прэзыдэнт Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў, што разьлічвае на завяршэньне перамоваў пра далучэньне краіны да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі да канца 2010 году. Ён падкрэсьліў, што падчас нядаўніх перамоваў з прэзыдэнтам ЗША Баракам Абамам бакі разьвязалі супярэчнасьці на шляху ўступленьня ў WTO на 99%. Дагэтуль менавіта Злучаныя Штаты заставаліся галоўным апанэнтам Расеі, выстаўляючы ўсё новыя патрабаваньні адносна мыта на лес, узроўню дзяржаўнай падтрымкі расейскага аграпраму, нормаў фітасанітарнага і вэтэрынарнага кантролю і г.д.


Перавагі, якія атрымае Беларусь пры ўмове далучэньня да WTO:


  • недыскрымінацыйны доступ да рынкаў 153 дзяржаваў-сябраў арганізацыі: цяпер 97% усяго гандлёвага абароту рэгулюецца правіламі WTO;
  • дывэрсыфікацыя рынкаў гандлю — як экспарту, так і імпарту: сябра WTO стала і неабмежавана атрымлівае рэжым найбольшага спрыяньня для сваіх тавараў на рынках замежных краінаў;
  • у сфэру рэгуляваньня WTO ўваходзяць пытаньні працы краінаў у рамках рэгіянальных гандлёвых пагадненьняў: больш за 50% усясьветнага гандлю ажыцьцяўляецца ў рамках рэгіянальных інтэграцыйных міждзяржаўных аб’яднаньняў;
  • дзяржавы, якія мяжуюць зь Беларусьсю, за выключэньнем Расеі, ужо зьяўляюцца сябрамі Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі, што дазволіць істотна пашырыць рынак збыту прадукцыі;
  • пры ўмове сяброўства ў WTO зьявіцца доступ да мэханізмаў урэгуляваньня гандлёвых спрэчак;
  • уступаючы ў WTO, краіна-кандыдат павінна прывесьці нацыянальнае заканадаўства ў адпаведнасьць з правіламі ўсяго пакету пагадненьняў, што набліжае яго да прагрэсіўных міжнародных нормаў.
XS
SM
MD
LG