Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка не плянуе адпачынку ў Крыме


Віктар Януковіч і Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота.
Віктар Януковіч і Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота.

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца з рабочым візытам ва Ўкраіне. У прэсавай службе прэзыдэнта пакуль падаюць толькі інфармацыю пра рабочую сустрэчу Лукашэнкі з прэзыдэнтам Украіны Віктарам Януковічам, якая адбылася ўчора ўвечары.


На афіцыйным сайце прэзыдэнта Беларусі пазначана, што сёньня працягваецца рабочы візыт ва Ўкраіну. Аднак не падаецца ніякай інфармацыі пра тое, чым займаўся кіраўнік краіны сёньня і якія ў яго былі сустрэчы. Аднак у прэс-службе прэзыдэнта ўпэўнена заяўляюць, што Аляксандар Лукашэнка не плянаваў адпачынку ў Крыме. Нагадаем, сюды ён прыехаў на нефармальны саміт СНД напрыканцы мінулага тыдня і адзначэньне дня народзінаў украінскага прэзыдэнта.

Паводле афіцыйных крыніцаў, падчас сустрэчы Лукашэнкі зь Януковічам у фармаце «адзін на адзін» былі абмеркаваныя «актуальныя пытаньні двухбаковага супрацоўніцтва, удзел дзьвюх краін у рэалізацыі сумесных гандлёва-эканамічных праектаў, а таксама шэраг пытаньняў міжнароднага парадку дня».

Паводле палітоляга Андрэя Фёдарава, адно з прагматычных пытаньняў, якое цікавіць афіцыйны Менск і пра рашэньне якога пакуль нічога не паведамляецца, — гэта транзыт вэнэсуэльскай нафты праз нафтаправод «Адэса — Броды» ў Беларусь.

Зараз абмяркоўваць пытаньні транзыту і аб’яднанай нейкай палітыкі адносна Масквы наўрад ці выпадае.
«Гэта значна таньней, чым па чыгунцы. Чамусьці не было падпісана пагадненьне аб транзыце, ды яшчэ там гаворка ішла пра чыгуначны транспарт. Калі гэта не атрымаецца, будзе зусім дрэнна, трэба будзе везьці праз краіны Балтыі. Але лепш было б Беларусі, каб гэтая нафта, калі яна насамрэч будзе ў такой колькасьці, транспартавалася па нафтаправодзе, гэта істотна таньней. Я думаю, зараз абмяркоўваць пытаньні транзыту і аб’яднанай нейкай палітыкі адносна Масквы наўрад ці выпадае. Украіна ня ў тым стане адносінаў з Масквой, каб ісьці на такія контразахады».

Напярэдадні візыту ва Ўкраіну Віктар Януковіч заявіў пра гатоўнасьць Украіны стаць мастком збліжэньня Беларусі з Эўразьвязам. Маўляў, умацаваньне эўрапейскага вэктару ў зьнешняй палітыцы Беларусі, інтэграцыя беларускай эканомікі ў рынак Эўразьвязу адпавядае нацыянальным інтарэсам Украіны. Камэнтуючы гэтыя заявы, украінскі палітоляг Міхайла Паграбінскі адзначыў, што пакуль рана казаць пра пэрспэктыўнае фармаваньне зьнешнепалітычнага курсу Ўкраіны.

«У новай украінскай улады, якая ўмее лічыць грошы, практычны інтарэс, безумоўна ёсьць. Многа ліній пазытыўнага ўзаемадзеяньня зь Беларусьсю. Найперш таму, што Ўкраіна і Беларусь выконваюць важную транзытную функцыю. І каардынацыя дзеяньняў пры выкананьні гэтых функцый, вядома, можа прынесьці карысьць і Беларусі, і Ўкраіне. Я думаю, новая ўкраінская ўлада гэтага ня будзе ігнараваць, нягледзячы на самыя цесныя стасункі з Расеяй. Эўразьвяз выкарыстоўвае ўкраінска-беларускую блізкасьць, каб спакусіць Беларусь эўрапейскімі пэрспэктывамі».


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG