Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Варшаўскі мост”: новыя мытныя правілы ведае ня кожны


З 6 ліпеня ў Беларусі дзейнічаюць новыя мытныя правілы і тарыфы, прадугледжаныя Мытным кодэксам Мытнага саюзу. Як выявіў наш карэспандэнт на памежным пераходзе ў Берасьці, многія перавозчыкі на мяжы пакуль ня ведаюць пра зьмены, таксама як фізычныя асобы не азнаёміліся з новымі правіламі перавозу тавараў празь мяжу.

На пераходзе “Варшаўскі мост”, як і тыдзень таму, невялікая, але сталая чарга. Для таго, каб перасекчы мяжу ў гэтым пункце пропуску, спатрэбіцца каля трох гадзінаў. Супрацоўнікі Берасьцейскай мытні кажуць, што самі засвоілі новы Мытны кодэкс і тлумачаць новаўвядзеньні грамадзянам на мяжы:
Калі патрэбен матацыкл, пральная машына — цяпер гэта будзе даражэй ...

"Калі патрэбен матацыкл, пральная машына — цяпер гэта будзе даражэй. Калі, напрыклад, нехта жадае перавезьці тэлевізар вагой менш за 50 кіляграмаў або мікрахвалёўку, то цяпер за гэта ня трэба будзе плаціць. А вось што тычыцца пральнай машыны, то трэба будзе аплаціць стаўку, якая складае прыкладна 15% ад кошту тавару, і плюс каля 20% падатку на дададзеную вартасьць".

Тое, што цяпер мытня працуе паводле новых правілаў, ведаюць ня ўсе перавозчыкі:

"А што гэта за новаўвядзеньні? Атрымліваецца, што нават раз у месяц нельга будзе перавезьці нешта? Палова перасякаючых ня ведае пра гэта. Хіба што трапляюць у непрыемныя сытуацыі, калі едуць празь мяжу. Але мне падаецца, што пакуль не відаць зьменаў: усё, як звычайна".

Іншы перавозчык адзначае, што новыя правілы адаб'юцца як на перавозчыках, так і на спажыўцах. Перавозчыкі прыпыняць сваю працу, каб адаптавацца. А вось спажыўцам варта чакаць, што кошты павялічацца:

"Напрыклад, цэны на пральныя машыны, лядоўні значна падрастуць. Праўда, тычыцца гэта тавараў замежнай вытворчасьці. Тое, што зьбіраюць у нас, будзе каштаваць гэтак жа, а вось імпартныя тавары зробяцца даражэйшымі".

Што да легкавых аўтамабіляў, то мытныя стаўкі будуць захоўвацца на сёньняшнім узроўні да першага ліпеня 2011 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG