Што для вас свабода?
Магчымасьць працаваць, падарожнічаць, сустракацца зь цікавымі людзьмі. Дарыць падарункі і атрымліваць іх. Любіць. Сьвежы вецер у твар!
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
SMA.
Што для вас шчасьце?
Добрае здароўе маіх блізкіх і сяброў.
Чаго вы найбольш баіцеся?
Не пасьпець зрабіць тое, што насамрэч варта зрабіць у жыцьці.
Які талент вы хацелі б мець?
Талент мастака.
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Іх многа і ўсімі імі – захапляюся, як і самім жыцьцём.
Што вы найбольш любіце рабіць?
Сустракаць прыгожыя захады. Адкрываць новыя сусьветы ў новых людзях! У сабе. Чытаць, папіваючы каву. Глядзець цікавыя рэчы. Атрымліваць харошыя лісты. Размаўляць з сябрамі. Падарожнічаць. Бачыць вынікі сваёй працы, хоць перыядычна і сам працэс падабаецца.
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
Магчыма, я і зьмяніла б пару рэчаў, але такія фантазіі могуць давесьці да вар’ятні, а я туды не імкнуся.
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Рабі тое, што можаш!
Які ваш улюбёны дэвіз?
Вось гэтыя радкі Алеся Разанава:
Куды? Адкуль?
Маўчаньне…
Ня дасьць адказу час!
Стаю – і сам пытаньне!
Іду – і сам адказ!
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
У дэмакратычнай.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
У Беларусі, але на зіму я была б ня супраць зьяжджаць у любую цёплую прыморскую краіну плянэты Зямля…
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
Тут і цяпер.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Зрабіла б беларускую мову адзінай дзяржаўнай і занялася б пытаньнямі экалёгіі.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Добрасуседзкія і ўзаемавыгадныя.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Як і з Эўразьвязам.
Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?
Дыктатура - апрыёры – нэгатыў, таму я не прытрымліваюся такога меркаваньня.
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Гэтае пытаньне спрэчнае і нявырашанае.
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Хтосьці і сёньня размаўляе, а ўсе не загавораць ніколі. На жаль… Але колькасьць беларускамоўных, безумоўна, можа павялічыцца.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Калі колькасьць беларускамоўных зьменшыцца - зьменшыцца тэрыторыя беларускамоўнай Беларусі.