29 студзеня 1946 году былі забітыя жыхары вёскі Залешаны. Але кім забітыя і як забітыя, зразумець немагчыма. Давайце зойдзем на суседні падворак, дзе курыць стомлены стары селянін.
Пётру Лукашуку хутка 80 гадоў. Але памяць яго не падводзіць.
Карэспандэнт: «Што тут адбывалася ў 46-м годзе? Што гэта за банда такая?»
Пётра: «Банда краёва, АК».
Карэспандэнт: «І яны сабралі людзей у хату?»
Пётра: «На сход. Заходжу, трэба было сваіх знайсьці. Заходжу, а там людзі на падлозе. Плачуць, разьвітваюцца. Ужо было вядома».
Карэспандэнт: «Дык яны сабралі ўсю вёску?»
Пётра: «Мой татуль ня быў. Бо схаваўся».
На ганак выйшла жонка Пятра, Клаўдзія. Невысокая, гаваркая спадарыня ў акулярах.
Клаўдзія: «У той дзень, 29 студзеня, хто ішоў да Залешан, усіх пускалі. А з Залешан нікога не выпускалі. Ехаў чалавек сюды па валёнкі, яго ўпусьцілі сюды. Таксама тут загінуў. Людзей упускаць — упускалі. А выпускаць — не выпускалі. Нявінныя людзі».
Клаўдзія: «Замкнулі хату, і каля ўваходу стаяць тыя бандыты, вартаўнікі. Але зь іх людзі былі добрыя. «Людзі кажуць: „Гарымо! Што такое робіцца! Гарымо! Выбівайма дзьверы!“ А мой брат — шмыг. І беднае дзіця бяжыць. А бабы — „У імя Айца і Сына і Духа сьвятога, на волю Божую! Усіх нас не заб’юць“. Каго заб’юць, то заб’юць. Хтосьці застанецца жывы. І давай бегчы. А я была маленькая, бяз мамы гадаваная. Цёткі выхоўвалі. І я ўсё плакала: „Хоць мяне не пакіньце“. Мая сястра мяне цягнула. І мы пабеглі гародамі і спаткаліся з нашай бабкаю. „Дзеткі, ідзіце да Сакоў“. І мы пайшлі да Сакоў. Прынялі нас тут. І ўжо родзіць баба апаленая. У Залешанах цяжарная была. Ейныя хлопчыкі падушыліся, бо яна не пайшла на сход. Сядзела ў сенях. І тым дымам дзеці падушыліся».
Клаўдзія ўвесь час спрабуе стрымаць сьлёзы. Але ў яе гэта не атрымліваецца.
Клаўдзія: «З тых бандытаў былі людзі добрыя, людзі божыя. Ім загад такі дадзены, каб яны павыстралялі. Той галоўны, Буры, пайшоў да леса. На горцы стаяў. І абсэрваваў. З тых бандытаў былі людзі добрыя. Давалі стрэлы ў зямлю. Пух, пух, усё ў зямлю стралялі. Да кожнай хаты ўносілі салому. Хацелі нас зьнішчыць».
Гледзячы на пастаральныя пэйзажы навокал Залешан, на старыя грунтовыя гасьцінцы, што хаваюцца ў густым бары, на старадаўнія драўляныя крыжы на ростанях, цяжка ўявіць той вал нянавісьці, які абрынуўся на гэтую зямлю ў паваенным 46-м годзе. Яшчэ цяжэй зразумець — за што? Да размовы далучаецца стары Васіль.
Васіль: «Так заплацілі, што былі праваслаўныя».
Карэспандэнт: «Людзі так плацілі за сваю веру?»
Васіль: «То была банда. Як адваявалі, руская армія прайшла і зрабілі Польшчу не такую, як яны хацелі. А яны, той Буры, Армія Краёва, хацелі перавярнуць камуністаў, зрабіць такую Польшчу, як калісь была».
Карэспандэнт: «А пры чым тут мірнае насельніцтва?»
Васіль: «Нас называлі рускімі. Рускіх забіць».
Карэспандэнт: «Звычайны фашызм».
Васіль: «Во-во. Яны цэлы дзень стаялі. Да вечара. А вечарам ужо паехалі. Далі загад у Залешанах спаліць сяло, усіх людзей расстраляць. Жылі разам, сусед з суседам. Палякі з праваслаўнымі ўвесь час. Асвоіліся».
Працягвае ўспамінаць спадарыня Клаўдзія.
Клаўдзія: «А потым, на наступны дзень, мы пасходзіліся ўсе. На той пажар. Усе аднаму кажуць: „Ты жывеш?“ — „Жыву“. — „Ты жывеш?“ На месцы той хаты пастаўлены крыж. То была хата двух братоў.
Усюткіх загналі. І кажуць: „Пётра Дэм’янюк, прошэ выйсьць“. Хтось кажа: „Пеця, выходзь“. А ён плача — не пайду.
Маіх дзядзькоў родных. Усюткіх загналі. І кажуць: „Пётра Дэм’янюк, прошэ выйсьць“. Хтось кажа: „Пеця, выходзь“. А ён плача — не пайду. „Пеця, выходзь“. „Прошэ выйсьць, бо вшыстцы пойдзеце з дымэм“. Той хлопча выйшаў, і перад вокнамі застрэлілі яго. Яшчэ яго дзядзьку застрэлілі. У якога мова была неразумная, ду-ду-ду. Яго застрэлілі».
Карэспандэнт: «За што яны палілі людзей?»
Клаўдзія: «За праваслаўе».
І тут азываецца з прызбы муж Клаўдзіі, стары Пятро. І кажа, што вяскоўцы былі вартыя той долі.
Пятро: «Дзіма, мы вартыя былі. У нас было трое дурняў. Адзін ня ўмеў пісаць і чытаць, а два былі фармальныя дурні. Яны возілі польскіх людзей на Сыбір».
Карэспандэнт: «Гэта была кара за 39-ы год?»
Пятро: «Так».
Старая Марыя, суседка Лукашукоў, выжыла ў той бойні таксама дзякуючы чалавечнасьці польскіх партызан, якія ня выканалі загад свайго камандзіра і ня сталі страляць па дзецях.
Марыя: «Я тады была маленькая. 33-га году. Мама памерла, нас чацьвёра засталося. Тыя партызаны як прыехалі, і кажуць: „Усіх да мяшканя“. З Залешан возіў да Расіі мой хросны. І кажуць, нібыта за тое. І падпалілі цэлае сяло. На другі дзень мы прыйшлі. Ой, тут пажарыско! Каровы, сьвіньні. Жах дывітыся. Але, дзякуй Богу, пабудаваліся. Такая трагедыя была. Было, што да Росіі вывозілі».
Карэспандэнт: «Гэта саракавы год?»
Марыя: «Так. Буры казаў: „Чаму ты не страляеш?“ А там быў якісь партызан добры, як хтось ішоў, ён у зямлю страляў. Ён у чалавека не страляў».
Карэспандэнт: «А людзі загінулі ад кулі ці ў агні?»
Марыя: «У агні. Страх дывітыся. На другі дзень трупы апаленыя ўсютка. Мы жылі ў каталікоў. То добрыя людзі былі. Дрэва нацягалі, пабудаваліся. Масла давалі, то тое, то сёе.
Карэспандэнт: «Пасьля вайны, у 47-м, у 48-м годзе ў вас былі нейкія крыўды на палякаў?»
Клаўдзія: «Мы згарэлі і ня маем даху над галавой. І нас прынялі каталікі. Нас, чацьвёра сіротаў, баба, дзядуля і мы. Кажуць: „Зьмясьцімся. Бэньдземы добжэ“. І мы спалі на саломе. І так нам людзі руку падалі, каталікі. І яны так з намі здружыліся. Як сьвята настае першае, яны нас клічуць. Мы іх клікалі. І ў нас такая дружба была! Людзі былі добрыя. 29 студзеня мы замаўляем абедню. Ідзем да споведзі. Молімся каля таго крыжа за ўсіх жыхароў памерлых. Бацюшка ходзіць па дамах з крашчэнскаю вадою. Мы тое згадваем і плачам».
Трагедыя ў Залешанах была не адзіная на гэтых абшарах. Акоўцы тэрарызавалі мясцовае насельніцтва да 50-х гадоў. І да гэтае пары застаецца невядомая колькасьць забітых людзей. Дарэчы, ня толькі беларусаў, але і палякаў. Як паведамляе газэта «Ніва», ад рук толькі атрада Бурага на Падляшшы загінула каля 700 мірных жыхароў. Сіротамі засталіся больш за 350 дзяцей. І тое, што па вайне на гэтых абшарах не разгарэўся рэлігійны канфлікт, кажа пра адно. Што тут жывуць людзі адной крыві і адной веры…