Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павел Шарамет: “Я б гэта назваў тлустай чорнай меткай Лукашэнку”


На расейскім канале НТВ у нядзелю ўвечары, у прайм-тайм, паказалі дакумэнтальны фільм «Хросны бацька». У Беларусі фільм перакрылі.

Адначасова з выкрыцьцём Аляксандра Лукашэнкі выступіў і дзяржаўны тэлеканал Russia Today, на якім паказалі ролік пад назовам «Hard Luka».

А сайт inosmi.ru падае відэа і стэнаграму сюжэту пад назовам «Апошні дыктатар Эўропы». Цікава, што ўсё гэта адбылося перад самітам кіраўнікоў Расеі, Казахстану і Беларусі ў Астане.

У тытрах перад фільмам «Хросны бацька» паведамляецца, што фільм быў зьняты яшчэ год таму, але беларускія спэцслужбы затрымалі здымачную групу і канфіскавалі касэты. Аднак «у Менску знайшліся людзі, якім удалося знайсьці іх у сэйфах КДБ і вярнуць НТВ».

Аўтара як асобы, якая бярэ інтэрвію, размаўляе зь людзьмі, у фільме няма — дыктар чытае закадравы тэкст. У панядзелак раніцай «Хросны бацька» зьявіўся на шмат якіх сайтах і паглядзець яго можа кожны ахвотны.

Журналіст Павел Шарамет, аўтар фільмаў «Дзікае паляваньне» і «Дзікае паляваньне. Працяг», суаўтар кнігі «Выпадковы прэзыдэнт», ня так даўно пазбаўлены беларускага грамадзянства, выказаў такое меркаваньне:

Павал Шарамет
«Нават я быў уражаны тонам праграмы на НТВ, падборам фактаў, падборам „карцінак“. Ведаючы правілы прыняцьця рашэньня на расейскіх каналах, я выключаю, што гэта выпадковасьць, якая тлумачыцца асабістым стаўленьнем канкрэтна аўтараў фільму да прэзыдэнта Беларусі. Больш за тое, паколькі паралельна на іншых расейскіх каналах таксама выходзілі даволі жорсткія сюжэты пра Лукашэнку, я бачу, што ўсё гэта нагадвае элемэнты скаардынаванай новай інфармацыйнай палітыкі ў дачыненьні да Лукашэнкі».

Адзін з аўтараў фільму — журналіст НТВ Аляксей Малкоў. У жніўні 2009 году ён быў дэпартаваны зь Беларусі разам з апэратарам Юрыем Бабенкам. Яны працавалі ў Менску, здымалі фільм пра зьніклых. Але за здымачнай групай сачылі беларускія спэцслужбы, карэспандэнтаў вывезьлі ў лес, дапыталі, забралі ўсе касэты, а саміх адправілі ў Воршу. Афіцыйная падстава — быццам бы яны працавалі без акрэдытацыі. У фільме шмат архіўных матэрыялаў, якія гледачы ўжо бачылі ў «Дзікіх паляваньнях» Паўла Шарамета і ў «Звычайным прэзыдэнце» Юрыя Хашчавацкага. Спадар Хашчавацкі высока ацаніў фільм, назваўшы яго, з аднаго боку, надзвычай прафэсійным, а з другога — чыста прапагандысцкім. Ён прызнаўся, што перадаў частку сваіх матэрыялаў расейскім калегам і што расейцам працаваць над такім фільмам значна лягчэй, чым беларусам:

Юры Хашчавацкі
«Гэты фільм зрабіць нашмат лягчэй расейцам, чым зрабіць найпрасьцейшы сюжэт нашым маладым калегам на „Белсат“, за якімі адразу ганяюцца, прыходзяць зь ператрусам, адбіраюць камэры. Гэты фільм рабіўся ў спакойных абставінах з дазволу вышэйшых уладаў Расеі. Што, увогуле, само па сабе цікава. І не прымяншае значэньня гэтага фільму для нас. Ён вельмі важны».

Зьвязацца з адным з асноўных аўтараў фільму не ўдалося. Аляксей Малкоў — асоба вядомая ў расейскіх тэлевізійных колах. Ён атрымаў ордэн Пашаны ў Крамлі з рук тагачаснага прэзыдэнта Пуціна. Гэта адбылося пасьля створаных ім фільмаў «Чалавек зь мятлой», «Тэракт зь перадаплатай» і «Банды зь ЮКАСу», прысьвечаных Юшчанку, Беразоўскаму і Хадаркоўскаму. Пасьля ён зьняў фільм «Хто замаўляе хаос» — пра Каспарава.

Што азначае выхад гэтага фільму ды іншых вострых матэрыялаў на расейскіх каналах? Павел Шарамет, аўтар фільмаў «Дзікае паляваньне», суаўтар кнігі «Выпадковы прэзыдэнт» выказаў такое меркаваньне:

«Я ня думаю, што гэта пачатак канца беларускага прэзыдэнта і дружбы паміж Лукашэнкам і Крамлём. Я б гэта назваў тлустай чорнай меткай. Гэта апошняе „кітайскае папярэджаньне“ беларускаму прэзыдэнту, пасьля якога, калі ён ня зробіць высноваў, могуць быць зроблены нейкія іншыя дзеяньні».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG