Цыганкоў: Як паведамляе БелаПАН, ня выключана, што Эўрапарлямэнт у пісьмовым выглядзе накіруе ў Мінск прапанову аб фармаваньні беларускай дэлегацыі па прынцыпе 5+5 — пароўну прадстаўнікоў уладаў і апазыцыі. Аднак вядома, што беларускія ўлады катэгарычна не пагаджаюцца з такой прапановай. Ці сапраўды можа стварыцца такая патавая сытуацыя, калі прыйдзецца пачынаць «Эўранэст» увогуле без прадстаўнікоў Беларусі?
Лагвінец: Я думаю, усё ідзе менавіта да гэтага. Эўрапарлямэнт хоча разьвіваць міжпарлямэнцкае супрацоўніцтва з краінамі-ўдзельніцамі «Усходняга партнэрства». Але ёсьць перашкода — «беларускае пытаньне». І паводле той інфармацыі, што існуе на сёньня, найхутчэй будзе прынятае рашэньне распачаць «Эўранэст» без прадстаўнікоў Беларусі.
Тое запрашэньне, якое будзе накіраванае ў Беларусь, відавочна будзе фармальным. Бо беларускія ўлады наўрад ці пагодзяцца на формулу «5 плюс 5».
Цыганкоў: Ці здолее гэтая акалічнасьць паўплываць на ўдзел Беларусі ў іншых праграмах «Усходняга партнэрства»? Ці аслабіцца з-за гэтага інтарэс афіцыйнага Менску да гэтай праграмы?
«Усходняе партнэрства» ідзе ў пакеце. Тут нельга, як у рэстарацыі, выбіраць з мэню асобныя стравы — гэта комплекс.
Лагвінец: Апошнім часам гэты інтарэс не такі высокі — гэта гучала на самым высокім узроўні. Думаю, што ў сёньняшняй сытуацыі, калі ў Беларусі ня самыя лепшыя стасункі з Расеяй, — Лукашэнка ня будзе сябе выключаць з удзелу ва «Ўсходнім партнэрстве». Цяпер заплянаваны форум грамадзянскай супольнасьці — і беларускія прадстаўнікі будуць у ім актыўна ўдзельнічаць. Сустрэча на міністэрскім узроўні таксама будуць адбывацца, і ня думаю, што беларускія ўлады будуць іх цурацца.
Цыганкоў: Стратэгія Менску тут зразумелая — пабольш эканомікі, паменш палітыкі і «грамадзянскай супольнасьці». Як гэта можа спалучацца з тымі правіламі, што ёсьць ва «Ўсходнім партнэрстве»?
Лагвінец: Ва «Ўсходнім партнэрстве» ёсьць усё — крышку палітыкі, крышку эканомікі, грамадзянскай супольнасьці. Гэта сярэднетэрміновы і нават доўгатэрміновы праект. Беларускія ўлады ўжо зразумелі, што імгненных вынікаў ад удзелу ня будзе. Таму яны будуць гуляцца і імкнуцца выбіраць для сябе найбольш прымальныя і выгадныя сфэры супрацоўніцтва.
Але «Ўсходняе партнэрства» ідзе ў пакеце. Тут нельга, як у рэстарацыі, выбіраць з мэню асобныя стравы — гэта комплекс. І я думаю, з часам гэты комплексны падыход дасьць адчувальныя вынікі для Беларусі.