Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто перамог у газавай вайне?


Газавы канфлікт скончыўся, пастаўкі і транзыт газу адноўленыя. Ці дамаглася Расея сваіх мэтаў у ходзе гэтай вайны? Хто што набыў, а хто што страціў падчас канфлікту? Ці ёсьць непрадбачаныя наступствы газавай вайны? Удзельнікі: палітычны аналітык Аляксандар Фядута зь Менску і аглядальнік часопісу «Russia Profile» Дзьмітрый Бабіч з Масквы.

Дзьмітрый Бабін
Аляксандар Фядута
Валер Карбалевіч


Ці дамаглася Расея сваіх мэтаў у ходзе гэтай вайны?


Валер Карбалевіч: «Усе экспэрты амаль аднадушныя ў тым, што прычына канфлікту палягае не ў беларускім доўгу — за ім стаяць палітычныя матывы. Якія палітычныя мэты ставіла Расея падчас гэтай газавай вайны? І ці дасягнуты яны?»

Аляксандар Фядута: «Расея ставіла задачу перайсьці ад палітычна матываваных эканамічных адносінаў да ўласна эканамічных адносінаў. Дасюль Беларусь дазваляла сабе плаціць альбо не плаціць. У выніку гэтага канфлікту абодва бакі прызналі, што яны будуць плаціць адзін аднаму столькі, колькі дамаўляліся, своечасова і па рэальнай эканамічнай цане. У гэтым сэнсе Расея перамагла».

Дзьмітрый Бабіч: «Газпром» імкнецца аддзяліць палітыку ад эканомікі, прымусіць своечасова плаціць за газ незалежна ад таго, зьяўляцца краіна саюзьнікам ці не. Прынцып «газ у абмен на дружбу» больш не працуе. І гэтая задача выконваецца часам на шкоду іміджу Расеі.

Аднак у выніку гэтага канфлікту страцілі абодва бакі, нанесена шкода беларуска-расейскім адносінам. І ўсё з-за невялікай сумы. Адзінае станоўчае наступства канфлікту ў тым, што на Захадзе не засталося людзей, якія лічаць Лукашэнку расейскай марыянэткай. Спадзяюся, прыйдзе разуменьне, што ў адносінах з гэтым праблемным палітыкам інтарэсы Расеі і ЭЗ часам супадаюць.

Ня толькі Расея нясе адказнасьць за гэты крызіс. Ён быў патрэбен і Лукашэнку, які імкнуўся яго выкарыстаць для ўмацаваньня свайго іміджу абаронцы сувэрэнітэту Беларусі».

Хто перамог?


Карбалевіч: «Хто што набыў і хто што страціў па выніках гэтай газавай вайны? Удар па міжнароднай рэпутацыі атрымалі, бадай што, абодва бакі. А ці ёсьць электаральныя набыткі кіраўніцтва абедзьвюх дзяржаў унутры краіны?»

Фядута:
Каб атрымаць падтрымку нацыянальна арыентаванага электарату, Лукашэнку гэтай вайны недастаткова.
«Ніхто ў гэтай вайне не атрымаў электаральных набыткаў. Каб атрымаць падтрымку нацыянальна арыентаванага электарату, Лукашэнку гэтай вайны недастаткова. А страчвае ён падтрымку людзей, арыентаваных на Расею. Ён страчвае падтрымку прамыслоўцаў».

Бабіч: «У Расеі шчасьлівых людзей ад гэтага канфлікту не было. Імідж Расеі пацярпеў сярод насельніцтва Беларусі. Пра гэта сьведчыць абмеркаваньне на інтэрнэт-форумах. Пэўную ролю тут адыгралі беларускія афіцыйныя мэдыі, якія прадстаўлялі Расею ў якасьці агрэсара».

Наступствы газавай вайны


Карбалевіч: «Якія непрадбачаныя наступствы газавай вайны? Гэта калі ставіш адны мэты, а на фінішы атрымліваеш зусім іншы вынік. Вось, напрыклад, ці будзе мець уплыў гэты канфлікт на ход прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі?»

Фядута: «Думаю, наступствы будуць. Тактыка Расеі такая: калі Лукашэнка не пачне падпарадкоўвацца пэўным правілам, то Масква пачне і палітычную гульню, а ня толькі эканамічную».

Бабіч: «Я ня згодзен з вэрсіяй, што за гэтым канфліктам стаіць спроба Расеі прымусіць Беларусь далучыцца да Мытнага саюзу. Цікавы такі момант. Даручэньне „Газпрому“ скараціць пастаўкі газу ў Беларусь даў Мядзьведзеў, а Пуцін выступіў зь міралюбнай заявай. Але да выбараў у Расеі яшчэ шмат часу».

Новы ўльтыматум Лукашэнкі


Карбалевіч: «Толькі што Лукашэнка выступіў з заявай: «Яшчэ раз папярэджваю ўрад: неаплата «Газпромам „у поўным аб’ёме паслугаў у бліжэйшыя суткі павінна прывесьці да прыпыненьня ўсялякіх паслугаў для Расійскай Фэдэрацыі па транспартаваньні вуглевадароднай сыравіны — нафты і газу“. Як вы пракамэнтуеце гэта?»

Фядута: «Лукашэнка грае ролю абаронцы сувэрэнітэту Беларусі. Але пра гэта трэба было думаць раней. Вуглевадародныя войны будуць працягвацца, пакуль будзе існаваць саюзная дзяржава».

Бабіч: «Гэта ў стылі Лукашэнкі. Ён не паддаецца ціску, дае жорсткі адказ. Але Пуцін таксама ня любіць, калі на яго ціснуць. Так што, магчыма, гэты крок Лукашэнкі выкліча новы віток канфрантацыі».


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG