Вячаслаў Сіўчык, які ўзначальвае ініцыятыву «Рух салідарнасьці «Разам», нагадаў, што працэс над Аўтуховічам, Асіпенкам і Казловым не завяршыўся асуджэньнем абвінавачаных на вялікія тэрміны зьняволеньня дзякуючы намаганьням грамадзкасьці. Але найперш вельмі мужна паводзілі сябе на судзе самі абвінавачаныя, мяркуюць у клюбе беларускай інтэлігенцыі «Спадчына» і «Руху салідарнасьці «Разам». Мікалай Аўтуховіч падчас працэсу быў уганараваны мэдалём Кастуся Каліноўскага. Сёньня рашэньне адносна ягоных сяброў абнародаваў Вячаслаў Сіўчык:
«Дазволю сабе зачытаць фармулёўку. «Дыплём камітэту ўшанаваньня. Мэдалём Кастуся Каліноўскага ганаруецца Ўладзімер Асіпенка за самаахвярнасьць, з уручэньнем дыплёму і занясеньнем ў кнігу гонару „Рупліўцы твае, Беларусь“. За асаблівую мужнасьць, шляхетныя паводзіны падчас судовага працэсу. І такі ж дыплём і мэдаль Міхаілу Казлову. За асаблівую мужнасьць, ахвярнасьць і шляхетныя паводзіны падчас судовага працэсу».
Ганаровыя мэдалі і дыплёмы уручыў старшыня клюбу «Спадчына» Анатоль Белы. Узнагароду для Міхаіла Казлова прыняла адвакат Тамара Сідарэнка, якая адзначыла, што суд мусіў апраўдаць абвінавачаных па найбольш цяжкім артыкуле Крымінальнага кодэксу — падрыхтоўцы да тэракту, які прадугледжвае пажыцьцёвае зьняволеньне або сьмяротную кару. На думку адвакаткі, гэта сапраўдная перамога грамадзтва:
«Падтрымка пэўных людзей, іх лісты, словы, вядома ж, паўплывалі на тое, што чалавек не разгубіўся падчас працэсу, не зламаўся, змог прыстойна адбыць свой тэрмін».
Дачка Ўладзімера Асіпенкі Людміла спэцыяльна прыехала з мужам з Ваўкавыску на сёньняшнюю цырымонію. Прымаючы мэдаль Кастуся Каліноўскага, маладая жанчына не стрымала сьлёз:
«Нягледзячы на ўсе намаганьні, дамагчыся апраўданьня пакуль што не ўдалося. І гэтага паўтара году за кратамі ня вернеш. Але спадзяемся, што тыя, хто вінаваты ў беззаконьні, пазьней адкажа за свае дзеяньні».
Выступоўцы нагадалі пра розныя праявы салідарнасьці зь Мікалаем Аўтуховічам і ягоным сябрамі: пра леташнюю шматдзённую эстафэтную галадоўку, у якой бралі удзел дзясяткі людзей, пра пікеты на Кастрычніцкай плошчы зь дзясяткамі затрыманых, зьбітых амапаўцамі актывістаў дэмакратычных арганізацый і простых людзей. Падчас працэсу штодня дзясяткі чалавек наведвалі суд і нават ладзілі акцыі падтрымкі пад вокнамі суду, дзяліліся назіраньнямі з журналістамі незалежных выданьняў. Маці актывіста Андрэя Кіма Тацяна была сярод тых, хто ледзь не штодня прыходзіў у суд:
«Без падтрымкі немагчыма гэта вытрымаць. Я была ў такой жа сытуацыі і скажу, што кожны з нас павінен падтрымліваць іншых. Але я зараз скажу і пра іншае. Я атрымала ліст ад Аўтуховіча, у якім ён просіць нас усіх не забываць пра ягоную маму. Яна засталася адна, і ён просіць ёй дапамагчы. І яшчэ выказвае падзяку ўсім за падтрымку».
Мікалая Атуховіча яшчэ трымаюць у менскім сьледчым ізалятары, а вось Уладзімер Асіпенка, якога асудзілі на 3 гады па абвінавачаньні ў незаконных дзеяньнях са зброяй, ужо перавезены ў калёнію пад Івацэвічамі, у пасёлак Воўчыя Норы. Паводле зьвестак, у калёнію ужо трапіў і былы міліцыянт Міхаіл Казлоў, асуджаны на 2 гады па абвінавачаньні ў невыкананьні службовых абавязкаў. Сувязі з асуджанымі пакуль няма, паколькі яны знаходзяцца ў карантыне. Сваякі і адвакаты Уладзімера Асіпенкі і Міхаіла Казлова запэўніваюць, што паведамяць ім пра ўганараваньне мэдалём Кастуся Каліноўскага, як толькі закончыцца карантын.