Спадар Таўпянец паведаміў, што сёньня за подпісам першага намесьніка прэм’ер-міністра Ўладзіміра Сямашкі на адрас кіраўніка «Газпрома» Аляксея Мілера накіраваны ліст, у якім «Газпрому» прапануецца пагасіць свой доўг за транзытныя паслугі.
У сваю чаргу «Белтрансгаз» да 23 чэрвеня ў поўным аб’ёме разьлічыцца з «Газпромам» за газ , пастаўлены ў траўні. Астатні доўг у суме $187 мільёнаў будзе пагашаны да 5 ліпеня.
Таўпянец заявіў, што Менск чакае першачарговага пагашэньня транзытнай запазычанасьці з боку «Газпрома», — паведамляе Інтэрфакс.
У той жа час прадстаўнік Мінэнэрга заявіў пра недакладнасьць распаўсюджанай расейскімі СМІ з слоў прэс-сакратара «Газпрома» Сяргея Купрыянава інфармацыі пра нібыта адсутныя акты прыёмкі транзытнага газу.
Таўпянец: «Як можна казаць пра гэта, уводзіць у зман кіруючых работнікаў Расейскай Фэдэрацыі?».
Пры гэтым ён прадэманстраваў журналістам дакумэнты па кожным месяцы. Таўпянец адзначыў, што зь беларускага боку гэтыя акты былі падпісаныя намесьнікам генэральнага дырэктара «Белтрансгаза» Дзьмітрыем Анюком, прадстаўніком «Газпрома» ў Беларусі, але на іх адсутнічае трэці неабходны подпіс — подпіс «Газпрома».
Таўпянец: «Акты накіроўваліся на подпіс „Газпрому“, але „Газпром“ ні адзін акт не падпісаў».