Ля магілы Васіля Быкава выступілі паэт Анатоль Вярцінскі, які прачытаў верш, прысьвечаны Быкаву, прафэсар Юры Хадыка, пісьменьнік Васіль Якавенка, мастак Рыгор Сітніца.
"Быкаў – вялікая нацыянальная сьвятыня, гэтак, як Скарына, Купала, Колас. І трэба шанаваць гэтую сьвятыню",– сказаў Рыгор Сітніца.
Дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук зазначыў:
"За гэтыя дні я сустракаўся, гаварыў з прыхільнікамі творчасьці Быкава ў Менску, Берасьці, Горадні, Бабруйску. Пра ўсё гэта можна сказаць чатырма словамі: "Помнім. Любім. Чытаем, Слухаем". Гэта наш Быкаў".
Лідэр кампаніі "Гавары праўду" паэт Уладзімер Някляеў распавёў пра ход збору подпісаў за тое, каб па адной вуліцы ў Менску і Горадні былі названыя іменем Васіля Быкава. Кампанія стартавала пасьля Дня перамогі, яе арганізатары заплянавалі сабраць да 22 чэрвеня 50 тысяч подпісаў – менавіта столькі народу прыйшло 7 гадоў таму на разьвітаньне з Быкавым.
"Мы сваё слова стрымалі, нягледзячы на тое, што з намі адбылося, дакладней, што з намі зрабілі. Мы сабралі значна больш за 50 тысяч. На сёньняшні дзень за вуліцу Быкава падпісалася больш за 70 тысяч. І пасьля пільнай і дакладнай праверкі подпісаў тыя, хто падпісаўся за кампанію, панясем гэтыя подпісы ў гарвыканкам".
Сярод тых, хто падпісаўся пад ідэяй належнага ўшанаваньня памяці Быкава,– Генадзь Бураўкін, Вячаслаў Кебіч, Ігар Варашкевіч, Аляксандар Кулінковіч, Аляксей Янукевіч, Лявон Вольскі, Ніл Гілевіч і Алесь Пашкевіч, Рыгор Барадулін, Зінаіда Бандарэнка, шэраг дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.
Удава Быкава Ірына Міхайлаўна зьвярнулася да ўсіх, хто прыйшоў аддаць даніну памяці Васілю Быкаву:
"Я хачу ўсіх тых, хто прыйшоў сюды павіншаваць, падзякаваць за іх таварыства. Паберажыце сябе, пастарайцеся быць здаровымі, удачлівымі. Усяго вам самага лепшага. Дзякуй вам".