Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Аляксандар Рыгоравіч — майстар нешта выкалупнуць падчас бойкі”


Курманбек Бакіеў
Курманбек Бакіеў

Генэральная пракуратура Беларусі паведаміла, што пакінула без задавальненьня запыт Кіргізстану аб выдачы былога прэзыдэнта краіны Курманбека Бакіева, які зараз знаходзіцца ў Беларусі. Як гэтае паведамленьне камэнтуюць беларускія палітыкі?


Адмову Беларусі выдаць Курманбека Бакіева былы сьпікер Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб называе беззаконьнем і парушэньнем міжнароднай практыкі:

Мечыслаў Грыб
«Кіргізстан ня будзе з-за гэтага абвяшчаць вайну Беларусі — у іх і так клопату хапае, але гэта будзе падкрэсьліваць, што краіна не выконвае свае міжнародныя пагадненьні, якія яна падпісала. Гэта можа быць і выпадам у бок Расеі — усё можа быць. Цяжка за іх меркаваць — чым думаюць і якімі меркаваньнямі кіруюцца, прымаючы такія рашэньні».

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька мяркуе, што гэткім чынам улады Беларусі ўскосна ўдзельнічаюць у кіргіскіх падзеях:

Анатоль Лябедзька
«У Вялікабрытаніі на запыт уладаў Кіргізстану затрыманы сын Бакіева. І калі Вялікабрытанія выдасьць гэтага прадстаўніка клану Бакіева, а Беларусь будзе ствараць прэфэрэнцыі, то гэта і будзе адрозьніваць дэмакратычны рэжым ад аўтарытарнага. Па-другое, такое рашэньне ўладаў Беларусі і палітычна выклікае шмат пытаньняў. Узьнікае сытуацыя, што частка адказнасьці, хоць і ўскосна, ляжыць на беларускім кіраўніцтве за тое, што адбываецца зараз у Кіргізстане. Бо Бакіеў атрымаў ня толькі прытулак, але і мажлівасьць для пэўных дзеяньняў. І гэтыя дзеяньні — ёсьць падставы сьцьвярджаць — скіраваныя на дэстабілізацыю сытуацыі ў Кіргізстане. І таму інтарэс Беларусі — каб Аляксандар Рыгоравіч вярнуў Бакіева туды, дзе ўзяў — у Кіргізстан».

Былы амбасадар у Нямеччыне Пятро Садоўскі мяркуе, што адмова выдаць Бакіева — частка традыцыйнай палітычнай гульні кіраўніка краіны:

Пятро Садоўскі
«Паводле міжнароднай практыкі, калі мы падпісваліся некага выдаць, то мы абавязаныя выдаць. Але той бок, які павінен выдаць, ён павінен пазнаёміцца з усімі акалічнасьцямі. Таму такая затрымка зь нявыдачай — яна не такая і рэдкая. Бывае, што і гадамі не выдаюць. Пэўным чынам гэта і для Масквы нейкі такі ўкол. Наш Аляксандар Рыгоравіч — майстар нешта выкалупнуць падчас бойкі, закалотаў, сваркі. Да прыкладу, для мяне было абсалютна зразумела, што калі падпісваўся Мытны саюз, Расея нізавошта не саступіць мыта на нафту, газ і г.д. Але ён падпісваў, каб распачаўся скандал, а са скандалу нешта выкалупнуць. Гэта ёсьць манера нашага прэзыдэнта, і іншы раз яна прыносіць пэўныя дывідэнды. Таму і тут я бачу, што ня так усё бяскрыўдна і проста».

Былы кіраўнік Вярхоўнага савету Станіслаў Шушкевіч адмову выдаць Курманбека Бакіева пракамэнтаваў гэтак:

Станіслаў Шушкевіч
«А як жа Генэральная пракуратура магла паступіць інакш? Яго запрасіў прэзыдэнт, а пракуратура не адмовіць? Проста сьмешна. Ці ж у нас незалежныя суд і пракуратура? Ня думаю, што гэта неяк паўплывае на Беларусь, бо калі наш прэзыдэнт так шмат кажа рознага глупства, тых рэчаў, якія супярэчаць адна адной — гэта ж вельмі зручна мець справу з такім чалавекам. Зь ім што хоча Расея, тое і робіць».

Былы намесьнік міністра замежных спраў, патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў мяркуе, што ўлады Беларусі вядуць небясьпечную гульню:

Андрэй Саньнікаў
«Пра законнасьць у Беларусі гаворкі няма ўжо даўно. Таму нешта казаць з гледжаньня законнасьці проста не выпадае. Па-другое, Бакіеў — злачынца. Гэта ўжо даказана ў Кіргізстане, і да яго павінны прымяняцца законы гэтай краіны. Па-трэцяе, вось гэтыя гульні з укрыцьцём дыктатара — яны дрэнна скончацца для Беларусі. Я не выключаю, што Бакіеў мае дачыненьне да падзеяў, якія зараз адбываюцца на поўдні Кіргізстану. І гэта можа выклікаць адпаведную рэакцыю ня тое што дзяржавы, а людзей, якія ведаюць ролю Бакіева. І гэта можа дрэнна скончыцца ня толькі для рэпутацыі, а для становішча і бясьпекі ў самой краіне».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG