Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: аднаго актывіста аштрафавалі, другога выклікалі на камісію


Сяргей Каваленка ля суду.
Сяргей Каваленка ля суду.

Суд Першамайскага раёну аштрафаваў сябра КХП БНФ Сяргея Каваленку на 105 тысяч рублёў. Сёньня ж у Першамайскую раённую адміністрацыю выклікалі старшыню віцебскай Моладзі БНФ Аляксандра Кузьняцова — каб пакараць за плякаты, зь якімі актывіст праводзіў агітацыйную кампанію падчас мінулых выбараў.


Судовы працэс над Сяргеем Каваленкам, які распачаўся яшчэ 24-га траўня, скончыўся абвінаваўчым рашэньнем. Судзьдзя Віктар Калбун прызнаў апазыцыянэра вінаватым у дробным хуліганстве, завяршыўшы разбор інцыдэнту, які здарыўся яшчэ два месяцы таму.

Увечары 8-га траўня Сяргей Каваленка і ягоны малодшы брат Віталь зайшлі ў краму «Веста» № 45 побач зь іхным домам. Калі яны ўжо разьлічваліся, да іх падышлі супрацоўнікі міліцыі і загадалі паехаць у пастарунак. У Першамайскім РАУС на братоў склалі пратаколы за хуліганства — нібыта яны нецэнзурна лаяліся ў грамадзкім месцы. Абодва Каваленкі цьвердзілі ў судзе, што такога не было, але судзьдзя ўзяў пад увагу толькі словы сьведак — тых самых міліцыянтаў, якія праводзілі затрыманьне.

На думку Сяргея Каваленкі, яно было прэвэнтыўным:

«Яны мяне затрымалі напярэдадні 9-га траўня. Баяліся, што я зраблю нейкую акцыю. У Віцебску на Дзень Перамогі былі паўсюль разьвешаныя чырвона-зялёныя сьцягі. Празь іх на нас ва ўсім СНД паказваюць пальцам — маўляў, у вас запаведнік, ня можаце без савецкіх сымбаляў. А ў нас жа ёсьць свая сымболіка, бел-чырвона-белая, але яе не дазваляюць».

Сяргей Каваленка пэўны, што яго разам з братам-аднадумцам затрымалі, каб у горадзе не зьявіліся бел-чырвона-белыя сьцягі — за якія актывіста ўжо не аднойчы каралі арыштамі і штрафамі. І абвінавачаньні ў хуліганстве на ягоны адрас таксама ўжо былі. Пасьля апошняга, дарэчы, Сяргей і Віталь Каваленкі амаль двое сутак мусілі правесьці ў ізалятары часовага ўтрыманьня. І адпусьцілі іх, толькі калі сьвяткаваньні Дня Перамогі скончыліся.

Як суд пакарае Віталя Каваленку, будзе вядома 10-га чэрвеня. Сяргей Каваленка, які свае віны не прызнаў, лічыць несправядлівым і сёньняшняе судовае рашэньне, і мэтады міліцыянтаў, якія шукаюць падставаў, каб яго затрымаць:

«Гэты прысуд — адзін з шэрагу такіх самых, брудных, подлых… Гэта іхны мэтад барацьбы супраць мяне. Але я іх б’ю нашмат мацней, з дапамогай палітычнай тэхналёгіі. А яны ня ўмеюць праводзіць нацыянальную прапаганду і замінаюць гэта рабіць мне — таму што баяцца!»

Самая вядомая акцыя Сяргея Каваленкі, якую ён лічыць таксама прапагандысцкай, — гэта вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на гарадзкой навагодняй ёлцы. Фатаздымак гэтай акцыі, якая адбылася 7 студзеня, скарыстаў для свайго агітацыйнага плякату іншы віцебскі актывіст, старшыня мясцовай філіі Моладзі БНФ Аляксандар Кузьняцоў.

Аляксандар Кузьняцоў
Ён балятаваўся ў віцебскі гарсавет на мінулых выбарах, і плякаты з выявай нацыянальнага сьцяга на ёлцы віселі ў ягонай выбарчай акрузе. 21-га красавіка спадара Кузьняцова затрымалі міліцыянты, якія сарвалі некалькі такіх плякатаў, заявіўшы, што яны віселі ў неналежных месцах.

На актывіста склалі пратакол, пасьля чаго спадар Кузьняцоў атрымаў выклік на адміністрацыйную камісію ў Першамайскі райвыканкам.

Аляксандар Кузьняцоў разгляду свае справы не дачакаўся:

«Я прыйшоў да 3-й гадзіны, як было напісана ў позьве. Але чакаў гадзіну, і потым сакратарка камісіі сказала, што, аказваецца, да іх трэба займаць чаргу. Я лічу гэта непавагай да людзей, і да мяне ў тым ліку. Мала таго, што справа мая надуманая, гэта міліцэйская правакацыя, дык яшчэ й непавага тут. Я ўзяў Кнігу заўваг і прапаноў ды напісаў скаргу — што адміністрацыя Першамайскага раёну парушае дырэктыву прэзыдэнта «Пра дэбюракратызацыю дзяржаўнага апарату».

Аляксандар Кузьняцоў напісаў таксама, каб яго наступным разам выклікалі позвай на канкрэтны час. Але ён не выключае, што міліцэйскі пратакол могуць разгледзець і ў ягоную адсутнасьць. У такім выпадку ён атрымае поштаю ўжо ня позву, а пастанову.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG