Сябра камітэту Вярхоўнай Рады па міжнародных справах Леанід Кажара назваў гэта патрабаваньнем, якое «выходзіць за межы дамоўленасьцяў». Ён таксама дадаў: «Украіна ня будзе даваць датацыі беларускай эканоміцы, калі тая мае нейкія праблемы».
Дамова аб дзяржаўнай мяжы была падпісана ў 1997 годзе і ў той жа год ратыфікавана Ўкраінай. Беларусь цягам 13 гадоў блякавала яе ратыфікацыю і патрабавала, каб Кіеў спачатку пагасіў доўг украінскіх гаспадарчых суб’ектаў, які назапасіўся да 1992 году. Кіеў адмаўляўся прызнаваць гэты доўг.
Напрыканцы 2009 году Аляксандар Лукашэнка і Віктар Юшчанка дамовіліся пра вырашэньне праблемы. У абмен на сьпісаньне доўгу Ўкраіна паабяцала прадаваць Беларусі электраэнэргію са зьніжкай для рээкспарту ў Літву. Нацыянальны сход Беларусі ратыфікаваў дакумэнт, і 21 траўня яго падпісаў Аляксандар Лукашэнка.