Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Далучыўся да апазыцыі? Страціш працу!


Уладзімер Целяпун страціў працу пасьля таго, як быў на выбарах кіраўніком ініцыятыўнай групы палітпрызыўніка Франка Вячоркі.
Уладзімер Целяпун страціў працу пасьля таго, як быў на выбарах кіраўніком ініцыятыўнай групы палітпрызыўніка Франка Вячоркі.

На працягу апошніх дзён з шэрагу рэгіёнаў Беларусі прыйшлі паведамленьні пра тое, што адміністрацыі некаторых прадпрыемстваў і арганізацыяў не працягнулі працоўныя кантракты з грамадзкімі актывістамі і сябрамі незалежных прафсаюзаў. Паведамляюць рэгіянальныя карэспандэнты нашага радыё.


МАГІЛЁЎШЧЫНА


У Бабруйску звольнілі з працы актывіста Свабоднага прафсаюзу Леаніда Гайшуна

Адміністрацыя бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў не падоўжыла кантракт зь сябрам Свабоднага прафсаюзу Беларускага Леанідам Гайшуном. Прычыны заводзкае начальства не тлумачыць. Сам працаўнік лічыць, што звольнілі яго за сяброўства ў незалежным прафсаюзе.

Праблемы з начальствам, заяўляе Леанід Гайшун, зьявіліся тры гады таму, калі ён выказаў незадавальненьне тым, як разьмяркоўваюцца прэміі. Абвастрыўся канфлікт акурат тады, калі працаўнік уступіў у Свабодны прафсаюз Беларускі. Гэта было год таму.

Яны карупцыяй займаліся. Я ім кажу: рана ці позна гэта ж скончыцца. Гэта ж крымінальная справа. Ім гэта не спадабалася.
«Яны карупцыяй займаліся. Я ім кажу: рана ці позна гэта ж скончыцца. Гэта ж крымінальная справа. Ім гэта не спадабалася. Вось яны й пачалі ўшчамляць мае правы. Калі кантракт не падаўжалі, я ім гавару: мо скажыце, на якой падставе, а дзе мае заслугі? Я ж на заводзе адпрацаваў усё сваё жыцьцё. Па законе мы маем права не тлумачыць, і ўсё».

Леанід Гайшун прыйшоў працаваць на бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў адразу пасьля школы, у 1972 годзе. Ён высокакваліфікаваны наладчык цэхавага абсталяваньня. Да звальненьня рабіў у першым заводзкім цэху. Нараканьняў на ягоную працу, цьвердзіць Гайшун, не было.

Дык за што звольнілі спэцыяліста? З такім пытаньнем я зьвярнуўся да начальніка цэху Ўладзімера Капранава:

«Я з вамі размаўляць ня буду, бо, па-першае, ні права ня маю, ні жаданьня. Вы мяне выбачайце. І тлумачыць я нічога ня буду. Гэта маё права. Чытайце законы. Усё. Бывайце».

Звольніць Леаніда Гайшуна па сканчэньні тэрміну працоўнага кантракту зьбіраліся яшчэ летась. Тады, аднак, гэтага зрабіць ня даў заводзкі камітэт Свабоднага прафсаюзу Беларускага. Гаворыць кіраўнік камітэту Міхаіл Кавалькоў:

«25 сакавіка была прынятая новая калектыўная дамова. І норму „непадаўжэньня працоўнага кантракту з работнікамі заводу толькі па ўзгадненьні з прафсаюзамі“ скасавалі. Звальненьне Гайшуна несправядлівае. Ён адпрацаваў на прадпрыемстве 38 гадоў, і няма парушэньняў працоўнай дысцыпліны — ну як можа быць звальненьне справядлівым? Будзем дамагацца аднаўленьня праз суд».

Пазоў дзеля аднаўленьня Леаніда Гайшуна на заводзе ўжо пададзены ў суд.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Дырэкцыя АТ «Беларускабель» папярэдзіла Ўладзімера Целяпуна, што працоўны кантракт ня будзе падоўжаны.

Уладзімер Целяпун
Дырэкцыя мазырскага акцыянэрнага таварыства «Беларускабель» афіцыйна папярэдзіла актывіста БНФ, сябра незалежнага прафсаюзу РЭП Уладзімера Целяпуна, што працоўны кантракт зь ім працягнуты ня будзе.

Спадар Целяпун толькі што вярнуўся на кабэльны завод з адпачынку:

«Выйшаў на працу, і ў першы ж дзень мне ўручылі паведамленьне, што кантракт са мною ня будзе працягнуты. Наш дырэктар Генадзь Іваноў ужо прыбраў двух сваіх намесьнікаў, галоўнага інжынэра,
Я асабіста замінаю выпускаць няякасную прадукцыю.
начальніка юрыдычнай службы. Я асабіста замінаю выпускаць няякасную прадукцыю. Імкнуся, каб наша прадпрыемства падымалася ўгару, выконвала ўказы прэзыдэнта пра якасьць прадукцыі — ён жа абвясьціў сёлетні год годам якасьці, а дырэктар ня хоча выконваць указы».

54-гадовы Ўладзімер Целяпун на «Беларускабелі» працуе з 1976 году. Па накіраваньні прадпрыемства адзін зь нямногіх скончыў профільны інстытут у Ленінградзе й зараз ачольвае тэхнічны аддзел заводу.

Уладзімер — ліквідатар катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, бацька траіх дзяцей.

Не спыняе стасункі з Партыяй БНФ. Сёлета ад партыі ён вылучаўся кандыдатам у дэпутаты аблсавету, быў на выбарах кіраўніком ініцыятыўнай групы палітпрызыўніка Франка Вячоркі.

Целяпун: «Я думаю, што гэты чыньнік таксама мае месца. Мае ж афіцыйныя ўлёткі на выбарах так і не надрукавалі. Яны ня хочуць. каб у анкетах апазыцыйных кандыдатаў значылася месца працы, а тым больш калі яны займаюць значную пасаду. Лепей, калі яны будуць „часова непрацуючымі“. Каб потым казаць у наш бок: бачыце, яны нават працаваць ня здольныя».

ВІЦЕБШЧЫНА


Аддзел адукацыі Віцебскага раёну не працягнуў кантракт з настаўнікам Сяргеем Салодкіным.

Сяргей Салодкін
31 траўня шэрагі беспрацоўных папоўніў звольнены настаўнік Сяргей Салодкін. Ён выкладаў беларускую мову і літаратуру ў сярэдняй школе ў вёсцы Копці Віцебскага раёну.

Кантракт з настаўнікам, сябрам АГП, скончыўся ў апошні дзень траўня. І раённы аддзел адукацыі вырашыў яго не працягваць, нават нягледзячы на тое, што сёлета ў спадара Салодкіна былі выпускныя клясы. Цяпер дзеці мусяць здаваць іспыты іншаму настаўніку, і гэта дадатковы стрэс для вучняў, лічыць звольнены настаўнік:

«Мяне выклікалі ў аддзел адукацыі Віцебскага раёну і сказалі, што больш вы ў нас працаваць ня будзеце. Хаця я хацеў працаваць. Прычына, яны сказалі, — малаэфэктыўная праца. Хаця па іншых прадметах больш эфэктыўнай працы таксама, здаецца, няма. Мне настаўнікі спачувалі. Але ўсе яны — таксама людзі залежныя.

Размова ў аддзеле адукацыі адбылася якраз на наступны дзень пасьля мясцовых выбараў. Пра гэтыя апошнія выбары ў артыкуле «Палітычная паталёгія» Сяргей Салодкін напісаў і ў самвыдатаўскай газэтцы «Покліч волі», якую ён выдае накладам 299 паасобнікаў за ўласныя сродкі:

Я напісаў пра нашу загадчыцу аддзелу адукацыі, якая ўзначальвала раённую выбарчую камісію, крытычны матэрыял быў такі.
«Я напісаў пра нашу загадчыцу аддзелу адукацыі, якая ўзначальвала раённую выбарчую камісію, крытычны матэрыял быў такі. Можа, яшчэ звальненьню паспрыяла, што я ня быў у афіцыйным прафсаюзе, і яшчэ дзьве настаўніцы, гледзячы на мяне, падалі заявы на сыход. Бо прафсаюз не бараніў нашы інтарэсы. Дырэктар мяне выклікаў раней і казаў, што гэта можа мець дрэнныя наступствы. І штораз, як я заходзіў у райаддзел, мне казалі: „Не-не, вы ня думайце, мы ня будзем вас перасьледаваць па палітычных матывах!“ Гэта калі заўважылі маю апазыцыйную актыўнасьць на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах. І такое дробнае цкаваньне было ўвесь час: то прэмію не дадуць, то яшчэ нешта».

Сяргей Салодкін кажа, што спачатку перажываў, а цяпер нават задаволены, што яго звольнілі — бо цяжка быць залежным ад дзяржаўнай сыстэмы, якая ўціскае чалавека як асобу. Затое цяпер, кажа ён, можна нічога не баяцца і колькі заўгодна займацца палітыкай.

«Беларускае пытаньне» ўключана ў парадак дня штогадовай канфэрэнцыі МАП

7-га чэрвеня ў Жэнэве распачынаецца штогадовая канфэрэнцыя Міжнароднай арганізацыі працы. У парадак дня ўключана абмеркаваньне сытуацыі ў Беларусі, дзе актывісты недзяржаўнага прафсаюзнага руху зазнаюць перасьлед. Па словах старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука, сытуацыя, на жаль, пагаршаецца:

«Мы даслалі свой пісьмовы аналіз, які займае больш як 10 друкаваных аркушаў, у Камітэт экспэртаў МАП. Гэта, па сутнасьці, справаздача пра вяртаньне ў самыя горшыя часы зьнявагі працоўных у Беларусі. У справаздачы — факты пра незаконныя звальненьні, уціск, перасьлед, дыскрымінацыю паводле ўдзелу ў недзяржаўных прафсаюзах і гэтак далей».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG