«Раду народных дэпутатаў» утворана 8 траўня Нацыянальнай радай БХД.
У склад «Рады народных дэпутатаў» увайшлі 138 «народных дэпутатаў» ад БХД. Гэта тыя актывісты, якія бралі ўдзел у мясцовай выбарчай кампаніі ў якасьці кандыдатаў.
Паводле патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты ад БХД Віталя Рымашэўскага, да гэтай рады далучаюцца сябры іншых арганізацыяў.
«Галоўная наша стратэгія, якая адлюстроўвае канцэпцыю нашага бачаньня прэзыдэнцкай кампаніі — гэта мільён новых лідэраў. На сёньня я магу сказаць, што ў мяне ёсьць самая моцная каманда, якая працуе».
Спадар Рымашэўскі адзначыў, што ягоная каманда ўжо працуе зь людзьмі, пакуль усе астатнія толькі заяўляюць пра свае намеры і абмяжоўваюцца дэклярацыямі ў мэдыях ці сустрэчамі з актывістамі дэмсілаў.
«Прынцып нашай кампаніі будзе ў тым, што мы дапамагаем гэтым людзям стаць вядомымі на іх акрузе, стаць лякальнымі мясцовымі лідэрамі, а гэтыя людзі працуюць на партыю, дапамагаючы ёй стаць больш моцнай. Гэта бяспройгрышны прынцып. Фактычна, перадвыбарчая прэзыдэнцкая кампанія пачалася, гэта старт і парлямэнцкай і ўсіх будучых палітычных кампаній, у якіх будзе ўдзельнічаць БХД».