Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Глушакоў — альтэрнатыва “зялёных”


Юры Глушакоў
Юры Глушакоў

Сёньня ў менскім гатэлі Crowne Plaza Юры Глушакоў абвешчаны кандыдатам у прэзыдэнты ад Беларускай партыі «Зялёныя».


Кандыдат выступае за спрыяльнае асяродзьдзе — ня толькі прыроднае, але і сацыяльнае. Таксама ён будзе змагацца за пераразьмеркаваньне прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў на карысьць прадстаўнічых органаў улады ажно да поўнага скасаваньня прэзыдэнцкай пасады. Юры Глушакоў выступіў супраць будаўніцтва беларускай АЭС. На прэсавай канфэрэнцыі ён адзначыў:

«Нашы актывісты ўдзельнічалі ў кампаніі супраць беларускай АЭС. Існуе вялікая колькасьць экалягічных пытаньняў. Цяпер даволі актуальны пераход на мясцовыя віды паліва, які вельмі часта суправаджаецца проста банальнай высечкай лясоў. Мы гэтым будзем займацца. Вялізная колькасьць пытаньняў, у тым ліку тых, якія хвалююць бальшыню грамадзянаў — такія, як кантроль за якасьцю прадуктаў харчаваньня».

Спадар Глушакоў таксама закрануў праблему сэзонных рабочых.

«Паводле некаторых дадзеных, каля паўмільёна, а можа і больш, нашых суграмадзян працуе ў Расеі. Гэтыя людзі ў прававым сэнсе абсалютна не абароненыя, і каля тысячы беларусаў штогод зьнікаюць у Расеі бязь вестак. Зазнаюць самыя зьневажальныя формы дыскрымінацыі, і найперш сацыяльнай. І адзін з пунктаў нашай праграмы — аказаньне прававой дапамогі гэтым людзям».

«Зялёныя» нагадалі, што ў 2006 годзе на кангрэсе дэмсілаў вылучылі адзіным кандыдатам у прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча. Аднак сёлета аб’яднаныя дэмсілы ня выпрацавалі супольнай стратэгіі вылучэньня «адзінага». Таму Цэнтральная рада Беларускай партыі «Зялёныя» вырашыла ўдзельнічаць у прэзыдэнцкай кампаніі самастойна. І вылучыла сваім кандыдатам старшыню гомельскай абласной арганізацыі, першага намесьніка старшыні партыі, 44-гадовага Юрыя Глушакова. Ён заявіў пра гатоўнасьць да супрацоўніцтва з усімі канструктыўнымі палітычнымі сіламі. Прыярытэтным будзе той саюзьнік, які ў найбольшай ступені выкажа падтрымку асноўным прынцыпам «зялёных». Спадар Глушакоў адзначыў, што гатовы разглядаць любыя прапановы.
Мы ня супраць зьняцца на тых умовах, калі будзе выпрацаваны добры мэханізм вызначэньня адзінага. Калі такі мэханізм будзе, то, зразумела, мы пойдзем на такія перамовы.
Ён заявіў, што прынцыпова разыходзіцца па цэлым шэрагу пытаньняў зь Яраславам Раманчуком і вядзе перамовы з Аляксандрам Мілінкевічам.

«Калі я кажу пра Мілінкевіча ці пра перамовы зь іншымі кандыдатамі, я не кажу, што мы маем прыхільнасьць да пэўнай пэрсоны. Мы ня супраць зьняцца на тых умовах, калі будзе выпрацаваны добры мэханізм вызначэньня адзінага. Калі такі мэханізм будзе, то, зразумела, мы пойдзем на такія перамовы. Калі такога мэханізму няма, мы працуем так, як лічым патрэбным у інтарэсах нашага грамадзтва згодна з нашымі прынцыпамі».

Выбарчы штаб Юрыя Глушакова ўзначаліў Дзьмітрый Кучук. У штабе пяцёра чалавек у Менску, а таксама рэгіянальныя прадстаўнікі. На якія рэсурсы разьлічваюць «зялёныя», каб сабраць неабходную колькасьць подпісаў і правесьці выбарчую кампанію?

«Так, мы маем рэсурсы. Наш галоўны рэсурс — гэта нашы актывісты. Мы спадзяемся на іх падтрымку. Усё астатняе — гэта другі шэраг. Матэрыяльная нейкая дапамога — таксама ад людзей, на каго ж нам яшчэ спадзявацца? У нас ёсьць структуры і ініцыятывы на месцах. Я зараз не магу сказаць, ці зьбяром, гэта пытаньне няпростае. Адчуваем складанасьць гэтага працэсу, але будзем працаваць. Спадзяемся на падтрымку нашых грамадзянаў».

Асноўным колерам кампаніі Юрыя Глушакова будзе зялёны. Хоць сваю прэзэнтацыю Юрый Глушакоў зрабіў па-расейску, беларускай мовай ён валодае:

«Мы таксама і нацыянальна скіраваная партыя. Прыярытэт разьвіцьця беларускай мовы і культуры зьяўляецца для нас таксама істотным. Так што мы знойдзем паразуменьне ў гэтым з традыцыйна нацыянальнымі палітычнымі суб’ектамі».

Юры Глушакоў
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:08 0:00
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG